Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́КІНГ (англ. cracking ад crack расшчапляць),
перапрацоўка нафты і яе фракцый для атрымання маторнага паліва, змазачных маслаў, сыравіны для хім. і нафтахім. прам-сці. Асн. віды К.: тэрмічны і каталітычны.
Тэрмічны К. ажыццяўляецца пад уздзеяннем высокай т-ры (450—550 °C) і ціску 4—6 МПа; атрымліваюць бензінавыя і газойлевыя фракцыі, высокаараматызаваную нафтавую сыравіну для вытв-сці тэхн. вугляроду (сажы), α-алефінаў. Каталітычны К. ажыццяўляюць пры адначасовым уздзеянні высокай т-ры (450—500 °C), ціску да 0,4 МПа і ў прысутнасці каталізатара (алюмасілікатаў); атрымліваюць базавыя кампаненты высокаактанавых бензінаў, газойлі, вуглевадародныя газы. Для перапрацоўкі нафты з вял. колькасцю сярністых і смалістых рэчываў выкарыстоўваюць каталітычны К. пры 330—450 °C, ціску вадароду 5—30 МПа (т.зв.гідракрэкінг); атрымліваюць бензінавыя фракцыі, рэактыўнае і дызельнае паліва, нафтавыя маслы, вуглевадародныя газы і інш. Выкарыстоўваюць таксама электракрэкінг, які ідзе пры 1000—1300 °C, ціску 0,14 МПа (атрымліваюць этылен і ацэтылен дзеяннем ал. разраду ў метане); акісляльны піроліз (К. у прысутнасці кіслароду) і інш.
Літ.:
Технология переработки нефти и газа. Ч. 2. 3 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПАДШЫ́ПНІКАВЫ ЗАВО́Д.
Пабудаваны ў 1948—51 у Мінску як 11-ы Дзярж. падшыпнікавы з-д. У 1962—77 уведзены ў дзеянне вытв. карпусы № 2, 3, 4 (з блокамі цэхаў), цэхі: тэрмічны, літых сепаратараў, інж.-быт., лабараторна-быт. і ў 1995 — участак пластмасава- і гумава-тэхн. вырабаў. У 1990—99 арэнднае прадпрыемства «Мінскі падшыпнікавы завод». Асн. прадукцыя (1999): падшыпнікі (шарыкавыя, ролікавыя, ролікавыя сферычныя, шарнірныя), металарэзныя станкі, спец.тэхнал. абсталяванне, кантрольна-вымяральная апаратура і тавары шырокага ўжытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ ЗАВО́Д СТАНКАПРЫЛА́Д.
Створаны ў г. Баранавічы ў 1946 як арцель «Чырвоны металіст». Рамантавала веласіпеды, прымусы, гадзіннікі і пішучыя машынкі, выпускала электраматоры і інш. З 1955 з-д станкапрылад, выпускае і распрацоўвае (з 1966) абсталяванне для станкабуд. прам-сці. З 1994 адкрытае акц.т-ва. Асн. цэхі: мех., зборна-малярны, кавальска-тэрмічны, пнеўмапатронаў, рамонтна-мех., інструментальны, ліцейны ўчастак. Выпускае (1995): ціскі станочныя, патроны такарныя 3-кулачковыя з ручным і механізаваным прыводамі, сталы паваротныя, круглыя з ручным і механізаваным прыводамі, гарызантальна-вертыкальныя, электрамех. заціскальныя галоўкі, пілы, тэрмапластааўтаматы, дрылі ручныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЁК,
пашкоджанне тканак арганізма, якое выклікаецца высокай т-рай (тэрмічны апёк), хім. сродкамі (хімічны апёк), электрычным токам (электрычны апёк), сонечнымі і рэнтгенаўскімі прамянямі (сонечны і радыяцыйны апёк). У чалавека і жывёл адрозніваюць 4 ступені апёку: 1-я — пачырваненне скуры, ацёк; 2-я — узнікненне пухіроў; 3-я — амярцвенне скуры на ўсю таўшчыню; 4-я — амярцвенне падскурнай тлушчавай клятчаткі, мышцаў і касцей (абвугліванне). Лячэнне залежыць ад памераў апечанай паверхні, агульнага стану арганізма і г.д., уключае барацьбу з шокам, хірург. апрацоўку апечаных месцаў, тэрапеўтычныя метады. У раслін бываюць апёкі кары (напр., сонечны апёк пладовых дрэў), лісця і пладоў пры няправільным карыстанні ядахімікатамі, пашкоджанні грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗЫ НАФТАПЕРАПРАЦО́ЎКІ,
сумесі газаў, якія ўтвараюцца пры перапрацоўцы нафты на нафтаперапрацоўчых заводах. Састаў залежыць ад працэсу перапрацоўкі (перагонка, тэрмічны і каталітычны крэкінг, каксаванне, каталітычны рыформінг, гідракрэкінг).
Газы нафтаперапрацоўкі маюць насычаныя і ненасычаныя, у асн. нізкамалекулярныя вуглевадароды (малекулы з 1—4 атамамі вугляроду), а таксама вадарод, серавадарод і невялікую колькасць арган. злучэнняў серы. На ўстаноўках першаснай перагонкі атрымліваюць нязначную колькасць раствораных у нафце (1—1,2% ад масы нафты) газападобных вуглевадародаў. Газы крэкінгу і каксавання маюць даволі многа алкенаў (напр., газы каксавання прыкладна маюць у сабе этылену 5, прапілену 6, бутану 4, ізабутэну 1% па масе). Газ каталітычнага рыформінгу мае толькі насычаныя вуглевадароды і да 60% (па аб’ёме) вадароду. Выкарыстоўваюць як паліва і сыравіну для хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІНАТЭРМІ́Я (ад алюміній + грэч. thermē цяпло),
від металатэрміі; тэрмічны працэс, заснаваны на аднаўленні парашкападобным алюмініем кіслародных злучэнняў металаў.
Адбываецца ў плавільнай шахце ці тыглі, куды засыпаецца парашкападобная шыхта, якая падпальваецца з дапамогай запальнай сумесі. Пры гарэнні развіваецца высокая т-ра (да 3000 °C), цеплата рэакцыі складае не менш за 2300 кДж/кг сумесі. Калі цеплата рэакцыі меншая, то сумесь вокісу металу з алюмініем падаграваюць у эл. печы (алюмінатэрмія электрапечная), калі пры аднаўленні вылучаецца вял. колькасць цяпла (без дадатковага яго падвядзення), ажыццяўляецца алюмінатэрмія пазапечная. Алюмінатэрмія выкарыстоўваецца для награвання і расплаўлення кантаў метал. вырабаў, што зварваюцца (напр., пры тэрмічнай зварцы рэек), для запальных сумесяў, у металургіі для атрымання з аксідаў металаў і сплаваў (безвугляродзістых металаў, ферасплаваў, лігатур).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТА́Ж (франц. carottage ад carotte буравы керн, літар. морква),
комплекс геафіз. і геахім. метадаў, якія выкарыстоўваюцца ў свідравінах для вывучэння геал. разрэзу, кантролю за тэхн. станам свідравіны і распрацоўкай нафтавых і газавых радовішчаў. Метады заснаваны на даследаванні прыродных і штучна ўтвораных фіз. палёў, фіз. уласцівасцях горных парод, пластавых флюідаў (вада, расол, нафта), колькасці і саставу розных газаў у буравым растворы. Праводзіцца з дапамогай каратажных станцый з прыёмнымі і рэгістравальнымі прыстасаваннямі. Вынікі вымярэнняў падаюцца ў выглядзе каратажных дыяграм.
Для вывучэння геал. разрэзу выкарыстоўваюцца віды К.: электрычны (метады супраціўлення, бакавога каратажнага зандзіравання, самаадвольнай палярызацыі); магнітны (вымярэнне магн. успрымальнасці горных парод або зямнога магн. поля); тэрмічны (па цеплавым супраціўленні, тэмператураправоднасці; эфекце ахаладжэння); сейсмічны (запісваецца час прабегу пругкіх ваганняў ад датчыка ў свідравіне да рэгістравальніка); радыеактыўны (гама-К., нейтронны гама-К., нейтронны К., гама-гама-К.); газавы (вывучае залежнасць наяўнасці сумы гаручых газаў і іх цяжкай фракцыі ад глыбіні) і інш.геафіз. і геахім. метады і іх мадыфікацыі.