Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВАЯ ІАНІЗА́ЦЫЯ, тэрмаіонная эмісія,
тэрмічнае выпарэнне (дэсорбцыя) дадатных (дадатная іанізацыя) ці адмоўных (адмоўная) іонаў з паверхні цвёрдага цела. Узнікае пры награванні цел да пэўнай т-ры (тэмпературнага парога П.і.), а таксама пры ўласна выпарэнні, напр., тугаплаўкіх металаў. Выкарыстоўваецца ў крыніцах іонных пучкоў, для кампенсацыі аб’ёмнага зараду электронаў у тэрмаэлектронных пераўтваральніках і інш., закладзена ў аснову многіх метадаў вывучэння фіз.-хім. характарыстык паверхняў цвёрдых цел і ўзаемадзеяння з імі часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЕ́ННЕ,
працэс атрымання слоя аксідаў жалеза таўшчынёй 1—10 мкм на паверхні дэталяў і вырабаў з вугляродзістай або нізкалегіраванай сталі і чыгуну; прыватны выпадак аксідавання.
Выкарыстоўваецца для ахоўна-дэкар. аддзелкі вырабаў (зброі, прылад і інш.) — надання паверхні карычневага, цёмна-сіняга або чорнага колеру розных адценняў з захаваннем метал. бляску. Раней вараненне рабілі награваннем дэталяў да 265—275 °C і праціркай іх паверхні рыззём, намочаным у канапляным алеі. У сучаснай вытв-сці практыкуецца шчолачнае, кіслотнае і тэрмічнае вараненне. Жалезааксідныя пакрыцці маюць невысокую зносаўстойлівасць і каразійную ўстойлівасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЭ́ННЕ,
стварэнне горнай вырабаткі цыліндрычнай формы (свідравіны, шпура, шахтавага ствала). Адрозніваюць бяскернавае (суцэльнае; разбурэнне горных парод адбываецца па ўсёй плошчы забою) і калонкавае (толькі па кальцавой пляцоўцы каля сцен свідравіны; слупок неразбуранай пароды — керн — дастаюць на паверхню). Кавалкі пароды выдаляюцца са свідравіны шнэкам, жалонкай або прамывачнай вадкасцю.
Бывае механічнае (вярчальнае, ударнае) э непасрэдным уздзеяннем буравога інструменту на пароду і таксама гідраўлічнае, тэрмічнае, хім. і інш.; у залежнасці ад тыпу інструменту — шнэкавае, шарошачнае, цвердасплаўнае, алмазнае; паводле тыпу буравой машыны — перфаратарнае, гідраўдарнае, турбіннае, электрабурэнне; паводле размяшчэння свідравін — нахільнае, куставое, шматствольнае і інш. Бурэнне выкарыстоўваюць для пошуку карысных выкапняў, здабычы вады, нафта, газу, расолаў, асушэння, вентыляцыі падземных збудаванняў, буд-ва палевых фундаментаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМАЦАВА́ННЕ ГРУНТО́Ў,
штучнае павышэнне мех. трываласці, звязнасці, воданепранікальнасці і інш. фіз.-мех. уласцівасцей грунтоў у іх прыродным або штучным заляганні. Робіцца для павышэння нясучай здольнасці асноў збудаванняў, умацавання сценак катлаванаў, горных вырабатак, стварэння проціфільтрацыйных заслон у плацінах, дамбах, перамычках, пры буд-ве шахтаў, тунэляў, дарог і інш.
Ствараецца напампоўваннем па буравых свідравінах у шчыліны і поры грунту гліністых і цэментавых раствораў (глінізацыя, цэментацыя), расплаўленага бітуму або бітумных эмульсій (гарачая і халодная бітумізацыя), вадкага шкла з інш. кампанентамі (сілікатызацыя грунтоў), карбамідных і інш. смол (смалізацыя), гарачых газаў пры т-ры 700 °C і вышэй (абпал, або тэрмічнае замацаванне), ахаладжальных раствораў (замарожванне грунтоў), а таксама прапусканнем эл. току, дрэніраваннем і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЁНАЧНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
1) танкаплёначная тэхналогія — сукупнасць спосабаў атрымання тонкіх плёнак металаў, дыэлектрыкаў і паўправаднікоў пры вырабе элементаў інтэгральных схем, паўправадніковых прылад і інш.
Тонкія плёнкі атрымліваюць фіз. (напр., выпарэннем у вакууме), хім. (эл.-хім. асаджэнне, тэрмічнае вырошчванне, анадзіраванне) і камбінаванымі (тэрмаіоннае і плазмахім. асаджэнне, газавае анадзіраванне) метадамі. Канфігурацыя элементаў мікрасхем ствараецца асаджэннем праз маскі, фоталітаграфіяй, электроналітаграфіяй і інш. спосабамі.
2) Таўстаплёначная тэхналогія — сукупнасць метадаў стварэння праводных, рэзістыўных, дыэл. і ізаляцыйных слаёў (тоўстых плёнак) пры вырабе інтэгральных схем, мантажных плат, токаправодных плёнак на керамічных карпусах інтэгральных схем і інш.Найб. пашыраны трафарэтны спосаб, пры якім плёначныя элементы ствараюцца нанясеннем праз трафарэт слоя спец. пасты з наступнай яе тэрмічнай апрацоўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
пакрыцці, нанесеныя на паверхню метал. і неметал. вырабаў у вакууме накіраваным асаджэннем часціц рэчыва. Бываюць метал. і неметалічныя. Наносяцца тэрмічным або электронна-прамянёвым выпарэннем і катодным распыленнем, а таксама іх спалучэннем.
Трываласць счаплення вакуумнага пакрыцця з матэрыялам асновы абумоўлена т-рай асновы, якасцю падрыхтоўкі і ачысткі яго рабочай паверхні, энергіяй часціц, што наносяцца, і інш.Тэрмічнае выпарэнне ажыццяўляецца з дапамогай розных крыніц нагрэву і адпаведных прыстасаванняў у вакууме 1,33∙10−1 — 1,33∙10−5 Па. Пры электронна-прамянёвым выпарэнні выкарыстоўваюцца электронна-прамянёвыя пушкі, якія генерыруюць электроны з вял. скарасцямі. Адначасовым выпарэннем некалькіх матэрыялаў атрымліваюць шматкампанентныя і шматфазныя вакуумныя пакрыцці. Пры катодным распыленні матэрыял, які наносіцца, «бамбардзіруюць» іонамі розных элементаў. Найб. пашырана катоднае распыленне ў тлеючым разрадзе, які ўзбуджаецца ў аргоне і інш. інертных газах пры ціску 2,66—13,3 Па і напружанні 1—5 кВ. Вакуумныя пакрыцці выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, мікраэлектроніцы, выліч. тэхніцы, фіз. оптыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРО́ЛІЗ ДРАЎНІ́НЫ, сухая перагонка драўніны,
тэрмічнае (пры награванні да 450 °C) раскладанне драўніны без доступу паветра. Асн. прадукты П.д. — драўнінная смала, воцатная кіслата, драўняны вугаль. Адзін з першых працэсаў хім. тэхналогіі, вядомы з 12 ст. (смалакурэнне, вуглевыпальванне). У 19 ст. пачалося прамысл. выкарыстанне П.д. пераважна для атрымання воцатнай к-ты.
Пры П.д. адбываецца тэрмадэструкцыя геміцэлюлоз (пры 200—260 °C), цэлюлозы (240—350 °C), лігніну (250—400 °C). Выхад прадуктаў залежыць ад скорасці награвання і канчатковай т-ры працэсу, а таксама пароды і вільготнасці драўніны. З 1 м³ драўніны атрымліваюць (у сярэднім) 140—180 кг драўнянага вугалю, 280—400 кг вадкага дыстыляту, з якога вылучаюць драўнінную смалу і воцатную к-ту, і 80—100 кг газападобных прадуктаў (некандэнсавальных гаручых газаў; цеплата згарання 3—15 МДж/м³). Асн. стадыі тэхнал. схемы П.д.: раздрабненне сыравіны на кавалкі, высушванне драўніны (да вільготнасці не вышэй за 15%), піроліз, ахаладжэнне вугалю і яго стабілізацыя, кандэнсаванне пары лятучых прадуктаў. Звычайна П.д. ажыццяўляюць у верт. апаратах (рэтортах) бесперапыннага дзеяння з унутр. цыркуляцыяй газападобнага цепланосьбіта. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАПЕРАПРАЦО́УКА,
сукупнасць тэхнал. працэсаў па тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўцы нафты для атрымання розных відаў паліва, змазачных матэрыялаў, бітумаў, парафінаў і інш.нафтапрадуктаў. Працэсы Н. падзяляюцца на першасныя (адбываюцца без змен хім. будовы кампанентаў нафты) і другасныя (накіраваны на пэўную змену структуры нафтавых вуглевадародаў). Перапрацоўцы нафты папярэднічаюць працэсы стабілізацыі (выдаленне раствораных газаў), абязводжвання і абяссольвання.
Асн. працэс першаснай Н. — перагонка нафты (тэрмічнае раздзяленне яе на часткі ці фракцыі з атрыманнем прамагоннага бензіну, газы, рэактыўнага, дызельнага і кацельнага паліва, топачнага мазуту). Прамагонныя бензіны складаюць да 25% ад масы нафты, маюць невысокую дэтанацыйную ўстойлівасць і патрабуюць далейшай апрацоўкі. Балансавы дэфіцыт светлых нафтапрадуктаў і павышэнне іх якасці дасягаецца пры другасных працэсах Н. — каталітычным крэкінгу, каксаванні, гідракрэкінгу, рыформінгу, ізамерызацыі, полімерызацыі, алкіліраванні і інш.Ачыстка нафтапрадуктаў, атрыманых пры першасных і другасных працэсах, уключае выдаленне сярністых, азоцістых і кіслародных злучэнняў, смалістых рэчываў, цвёрдых парафінаў. Светлыя нафтапрадукты спачатку апрацоўваюць водным растворам шчолачы ці сернай к-ты. Сярністыя злучэнні з іх выдаляюць метадам каталітычнай гідраачысткі пры наяўнасці каталізатара і вадароду. Для ачысткі масляных фракцый карыстаюцца сернай к-той, селектыўнымі растваральнікамі (фенолам, фурфуролам, нітрабензолам і інш.) і спец. адсарбентамі. Дэасфальтызацыя масляных фракцый ажыццяўляецца вадкім прапанам. Гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні з зараджаным атамам азоту (амонію катыёнам), які кавалентна звязаны з вадародам ці арган. радыкаламі і іоннай сувяззю з аніёнам. Найпрасцейшыя неарганічныя амонію злучэнні — гідраксід амонію (NH4OH) і солі амонію: хлорысты амоній (NH4Cl), нітрат амонію (NH4NO3) і інш. Гідраксід амонію атрымліваюць растварэннем аміяку ў вадзе; пры дысацыяцыі праяўляе ўласцівасці слабай асновы. Большасць соляў амонію раствараюцца ў вадзе, дысацыіруюць, гідралізуюцца, пры награванні раскладаюцца. Гідроліз і тэрмічнае раскладанне іх залежыць ад прыроды аніёна, напр. NH4Cl раскладаецца па схеме: NH4Cl=NH3+HCl; у солях з аніёнам-акісляльнікам адбываецца акісляльна-аднаўляльны працэс, напр. NH4NO3=N2O+2H2O. Солі амонію маюць шырокае выкарыстанне: хлорысты амоній — у сухіх батарэях, як флюс для пайкі і зварвання металаў, дымаўтваральнік; сульфат і нітрат — азотныя ўгнаенні, нітрат — кампанент выбуховых рэчываў; гідракарбанат амонію выкарыстоўваецца ў кандытарскай вытв-сці. Да арганічных амонію злучэнняў належаць першасныя [RNH3]+X−, другасныя [R2NH2]+X−, трацічныя [R3NH]+X− і чацвярцічныя амоніевыя солі [R4N]+X−, унутраныя чацвярцічныя амоніевыя солі, напр. бетанін (CH3)3N+CH2COO−, оніевыя злучэнні з атамам азоту. Найб. распаўсюджаныя чацвярцічныя амоніевыя солі, якія атрымліваюць алкіліраваннем (кватэрнізацыяй) трацічных амінаў. Злучэнні хоць з адным доўгім алкільным радыкалам валодаюць паверхневаактыўнымі і антысептычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца як эмульгатары, стабілізатары, змочвальнікі, дэзінфекцыйныя сродкі, лек. прэпараты (метацын, кватэрон), пры амыленні тлушчаў. Сустракаюцца ў прыродзе ў раслінах (алкалоіды); халін, ацэтылхалін — фізіялагічна актыўныя рэчывы.