лірычны верш малой формы ў выглядзе надпісу на партрэце, кнізе, камені, статуі і г.д., які афарыстычна выяўляе нейкую думку, адносіны аўтара да пэўнай асобы ці падзеі. Вядомыя надпісы М.Ламаносава, А.Пушкіна, Ф.Шылера, Р.Гамзатава і інш. Да Н. часам звяртаюцца бел. паэты:
Мы, пахаваныя на зямлі,
Вечна будзем зайздросціць тым, што — на зорах.
Няўжо і яны таксама
Будуць зайздросціць зямлянам?
(М.Танк. «Надпіс на камені»),
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДА́ЦЫЯ (лац. gradatio ад gradus ступень),
стылістычная фігура, якая заключаецца ў тым, што словы ці выразы ў вершаваных радках групуюцца з нарастаннем (клімакс) або аслабленнем (антыклімакс) іх эмацыянальна-сэнсавай выразнасці. Градацыя ўзмацняе экспрэсію выказвання, узвышае яго тон. Напр., радкі з «Беларускай песні» У.Караткевіча:
Ты — наш сцяг, што нікому,
нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць,
забыць ці мячом зваяваць.
Часам градацыя кладзецца ў кампазіцыйную аснову ўсяго твора. Так, у першай палавіне 6-строфнага верша М.Танка «Калі мне сказалі» — градацыя нарастаючая, у другой — спадаючая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭСО́Н (Bresson) Рабер (н. 25.9.1907, Брамон-Ламот, дэпартамент Пюі-дэ-Дом, Францыя),
французскі рэжысёр, сцэнарыст. Атрымаў літ. і філас. адукацыю. Вучыўся жывапісу. У кіно з 2-й пал. 1930-х г. як мастак і сцэнарыст. У 1943 паставіў фільм «Анёлы граху», у 1945 — «Дамы Булонскага лесу». Усе наступныя фільмы здымаў па ўласных сцэнарыях, хоць часам выкарыстоўваў і літ. першакрыніцы: «Дзённік сельскага святара» (1950), «Той, хто прыгавораны да смерці, уцёк» (1956), «Працэс Жанны д’Арк» (1962), «Мушэт» (1967), «Пакорлівая» (1969), «Магчыма, д’ябал» (1977), «Грамы» (1983). Гуманістычнае гучанне творчасці Брэсона абумоўлена глыбокай спагадай тым, хто пакутуе, зняважаным і гаротным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРАЎНЕ́ННЕ ЧА́СУ,
рознасць паміж сярэднім і сапраўдным сонечным часам. Роўная рознасці прамых узыходжанняў сапраўднага і т.зв. сярэдняга Сонца.
У.ч. абумоўлена тым, што сапраўдны сонечны час нераўнамерны з прычыны нераўнамернасці руху Зямлі па арбіце і нахілу экліптыкі да экватара. На працягу года мяняецца ад +14 мін 22 с да -16 мін 24 с. Пры дапамозе У.ч. вызначаюць сярэдні мясцовы час. Значэнні У.ч. на кожны дзень даюцца ў астр. штогодніках і календарах.
Графік ураўнення часу: 1, 2 — складальныя ўраўнення часу. вызначальныя нераўнамернасцю руху Зямлі па арбіце і нахілам экліптыкі да экватара. адпаведна; 3 — ураўненне часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАВЕ́РШ (ад мана... + верш), аднарадковік,
верш, які складаецца з аднаго радка, завершанага па сэнсу, сінтаксічнай і метрычнай структуры. Зрэдку ўжываўся ў ант. паэзіі (Архілох, Аўсоній). Звычайна пісаўся гекзаметрам і меў афарыстычнае гучанне. Эксперым. ўзор у рус. паэзіі належыць М.Карамзіну:
Покойся, милый прах, до радостного утра.
Да М. можна аднесці асобныя вершаваныя крылатыя выслоўі і афарызмы, што выкарыстоўваюцца для лозунгаў, у загалоўках твораў, эпіграфах і г.д. М. з’яўляюцца і некаторыя рытмічна арганізаваныя прыказкі, прымаўкі, выслоўі, якія часам змяшчаюць на посудзе, мэблі, малюнках; «У родным краі, як у раі», «Чым хата багата, тым рада», «Які дагляд, такі і лад». У апошні час М. ствараюць некаторыя маладыя бел. літаратары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СА (франц. race род, парода) у біялогіі, група арганізмаў, якая адасобілася ўнутры віду або падвіду ў экалагічных, марфал. або геагр. адносінах. Асобіны, што складаюць Р., маюць падобныя морфафізіял. і экалагічныя асаблівасці, аб’яднаны раёнам размяшчэння, які складае ч.арэала віду ці падвіду. Часта розныя Р. трапляюцца ў адным і тым жа месцы, але адрозніваюцца па ўмовах існавання (экалагічная Р.). Напр., у раслін паяўляюцца Р. альпійскага тыпу, ксераморфнага, ценявога; у жывёл — сезонныя Р. ракападобных і інш. У паразітаў Р. адрозніваюцца функцыян. прыстасаванасцю (спецыялізацыяй) да пэўных гаспадароў — раслін ці жывёл. У іхтыялогіі тэрмін «Р.» абазначае мясц.папуляцыі (чароды) рыб. Часамгеагр. Р. атаясамліваюць з падвідам. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да парод свойскіх жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛАНЦУ́Г»,
бел. народны танец. Муз. памер 2/4, 4/4. Тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выканаўцы (мужчыны і жанчыны) бяруцца за паднятыя ўгору рукі і становяцца кругам, паўкругам ці лініяй. Той, хто водзіць, не разрываючы ланцуг з рук, праходзіць (за ім астатнія танцоры) праз «вароты» пад рукамі апошняй пары. Апошні выканаўца, калі ўсе праходзяць пад яго рукой, паварочваецца на месцы, а сваю правую руку, сагнутую ў локці і злучаную з рукой партнёра, кладзе далонню на сваё правае плячо. Ланцужок тымчасам па чарзе праходзіць пад рукамі наступных пар, і кожны выканаўца прымае падобную позу. Калі ўсе танцоры пераплятуцца рукамі і выстраяцца ў адну лінію, той, хто водзіць, пачынае рухацца ў адваротным парадку і «расплятае» ланцуг, пакуль не выведзе ўсіх на зыходную пазіцыю. Вядомы таксама як адна з фігур кадрылі. Бытуе ў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА РЭА́КЦЫІ,
здольнасць генатыпу ў пэўных межах забяспечваць змены фенатыпу ў адпаведнасці з умовамі навакольнага асяроддзя. У ходзе індывід. жыцця арганізм набывае рэакцыі (напр., умоўныя рэфлексы, набыты імунітэт, прывыканне да ядаў і лекаў), большасць якіх не перадаецца ў спадчыну і заканчвае свой жыццёвы шлях разам з іх носьбітам (арганізмам). У Н.р. здольны ўвайсці толькі тыя змены, якія становяцца элементамі генатыпу. Нават глыбокая змена фенатыпу мае абарачальны характар, таму што не закранае генатып. Пры вяртанні зыходных умоў навакольнага асяроддзя ў тым жа пакаленні (напр., загар чалавека) або ў наступным (напр., колькасць сцёблаў у адной расліны пшаніцы), а часам і ў шэрагу пакаленняў (т.зв. падоўжаныя мадыфікацыі) арганізм аднаўляе страчаныя адзнакі. У працэсе натуральнага адбору выпрацоўваюцца межы Н.р., якая ўласціва ўсім арганізмам і забяспечвае выжыванне пры зменах умоў існавання. Т.ч. генатып вызначае не жорсткую камбінацыю строга дэтэрмінаваных адзнак фенатыпу, а Н.р. арганізма пры яго фарміраванні і развіцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРЫ́ЗА (франц. reprise аднаўленне, паўтарэнне),
1) у музыцы — паўтарэнне адной або некалькіх тэм пасля іх развіцця або выкладання новага тэматычнага матэрыялу; адзін з кампазіцыйных сродкаў завяршэння вобразна-тэматычнага развіцця. Прынцып рэпрызнасці ляжыць у аснове большасці тыповых кампазіцыйных схем: 2-часткавай рэпрызнай, 3-часткавай, ронда, санатнай, канцэнтрычнай і інш. У санатнай форме Р. — дакладнае або відазмененае паўтарэнне экспазіцыйнага матэрыялу. Р. можа значна адрознівацца ад экспазіцыі, што абумоўлена вобразным развіццём, зместавай канцэпцыяй твора. Існуюць таксама несапраўдная Р., дзе пач. тэма ўзнаўляецца ў неасноўнай танальнасці, і люстраная Р., у якой выкладзены матэрыял узнаўляецца ў адваротным парадку.
2) На эстрадзе — славесны ці пантамімічны камічны нумар (часам жарт, анекдот), які выконваецца акцёрамі размоўнага жанру, клоунамі (сола, дуэтам, групай).
3) У цырку — хада каня адным і тым жа алюрам; чаргаванне завершаных і звязаных паміж сабой трукаў, пасля якіх ідзе паўза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ПЕШ (Tepeş ад рум. ţеара кол),
сапр. Дракул Улад (1431—76), гаспадар Валахіі [1456—62, 1476], Сын гаспадара Валахіі Улада Дракула [1436—46]. З надзвычайнай жорсткасцю змагаўся за цэнтралізацыю дзярж. улады і супраць уплывовых баяр. Мянушку «Ц.» («саджальнік на кол») атрымаў за свой садысцкі звычай караць людзей смерцю праз пасаджэнне на кол (паводле паданняў, часам караў па 10 і 30 тыс.чал. за адзін раз). Пабудаваў у Бухарэсце цытадэль (1459). У 1461 адмовіўся плаціць даніну тур. султану і выканаць яго загад аб прыездзе ў Стамбул, захапіў тур. крэпасці на правым беразе р. Дунай і жорстка расправіўся з мясц.балг. насельніцтвам; у 1462 адбіў уварванне тур. войск у Валахію. Здрада баяр прымусіла Ц. ўцячы ў Венгрыю, дзе да 1474 быў зняволены. У 1476 зноў гаспадар Валахіі. Забіты баярамі (паводле інш. версіі, загінуў у баі з туркамі). Паданне аб тым, што Ц. піў кроў сваіх ворагаў, дало падставу англ. пісьменніку Б.Стокеру зрабіць яго прататыпам вампіра Дракулы ў рамане «Дракула» (1897).