Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я ЗО́НДСКІЯ АСТРАВЫ́,
паўднёвая частка Малайскага архіпелага, пераважна ў складзе Інданезіі. Уключаюць астравы: Балі, Ветар, Камода, Ламбок, Ламблен, Сумба, Сумбава, Тымор, Флорэс і інш. Агульная пл. 128 тыс. км2. Даўж. каля 1300 км. Абмываюцца Індыйскім ак. і морамі Балі, Флорэс, Банда, Саву, Тыморскім. Рэльеф у асноўным горны, шмат вулканаў (выш. да 3726 м, вулкан Рынджані). Клімат субэкватарыяльны мусонны. Лістападныя трапічныя лясы і саванны. Вырошчваюць рыс, вострапрыпраўныя расліны, какосавыя пальмы. Рыбалоўства.
т. 10, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАЙ ((Bligh) Уільям) (9.9.1754, г. Плімут, Вялікабрытанія — 7.12.1817),
брытанскі мараплавец, удзельнік другога кругасветнага падарожжа пад камандаваннем Джэймса Кука (1772—74). Контр-адмірал (1811), віцэ-адмірал (1814). У 1787 быў пасланы як камандзір шлюпа «Баўнці» на Таіці па саджанцы хлебнага дрэва. На зваротным шляху ў крас. 1789 экіпаж падняў мяцеж супраць жорсткага абыходжання і высадзіў Блая разам з 18 прыхільнікамі ў лодку без картаў. У чэрв. пасля цяжкага плавання Блай дасягнуў в-ва Тымор, праплыўшы 3618 міль. У 1805 прызначаны губернатарам Новага Паўд. Уэльса ў Аўстраліі, дзе яго жорсткае праўленне ў 1808 прывяло да мяцяжу і турэмнага зняволення. Вызвалены праз 2 гады, выйшаў у адстаўку.
М.К.Багадзяж.
т. 3, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НДСКІЯ АСТРАВЫ́,
група астравоў, асноўная ч. Малайскага архіпелага. Большасць астравоў у Інданезіі (ч. тэрыторыі ў межах Малайзіі, уключае таксама Бруней і Усх. Тымор). Абмываецца Ціхім і Індыйскім ак. і іх ускраіннымі морамі. Пл. больш за 1,5 млн. км2. Падзяляецца на Вялікія Зондскія астравы і Малыя Зондскія астравы. Найб. астравы: Калімантан (другі ў свеце па плошчы востраў пасля Грэнландыі), Суматра, Сулавесі, Ява (у групе Вял. З.а.). Адносяцца да Альпійскай геасінклінальнай вобласці. Рэльеф пераважна горны, актыўны вулканізм. Вільготныя трапічныя лясы, на Пд — мусонныя лясы і саванны. Найбольшыя гарады: Бандунг, Семаранг, Джакарта (в-аў Ява), Палембанг, Медан (в-аў Суматра), Банджармасін, Пантыянак (в-аў Калімантан), Уджунгпанданг, Манада (в-аў Сулавесі) і інш.
т. 7, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)