Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЖАСНА,
археалагічныя помнікі каля в. Лужасна Віцебскага р-на: гарадзішча днепра-дзвінскай культуры і банцараўскай культуры, селішча банцараўскай культуры. Гарадзішча ўмацавана 2 валамі. Сярод знаходак фрагменты ляпнога посуду, жал. нажы, сярпы, бронзавая падвеска, касцяная праколка. У 6—8 ст. выкарыстоўвалася як сховішча. На селішчы выяўлены рэшткі паглыбленага ў грунт жытла з печчу-каменкай. Знойдзена ляпная кераміка, гліняны тыгель, прасліцы, бронзавы пінцэт, жал. шылападобная прылада з плоскай лапаткай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІНАТЭРМІ́Я (ад алюміній + грэч. thermē цяпло),
від металатэрміі; тэрмічны працэс, заснаваны на аднаўленні парашкападобным алюмініем кіслародных злучэнняў металаў.
Адбываецца ў плавільнай шахце ці тыглі, куды засыпаецца парашкападобная шыхта, якая падпальваецца з дапамогай запальнай сумесі. Пры гарэнні развіваецца высокая т-ра (да 3000 °C), цеплата рэакцыі складае не менш за 2300 кДж/кг сумесі. Калі цеплата рэакцыі меншая, то сумесь вокісу металу з алюмініем падаграваюць у эл. печы (алюмінатэрмія электрапечная), калі пры аднаўленні вылучаецца вял. колькасць цяпла (без дадатковага яго падвядзення), ажыццяўляецца алюмінатэрмія пазапечная. Алюмінатэрмія выкарыстоўваецца для награвання і расплаўлення кантаў метал. вырабаў, што зварваюцца (напр., пры тэрмічнай зварцы рэек), для запальных сумесяў, у металургіі для атрымання з аксідаў металаў і сплаваў (безвугляродзістых металаў, ферасплаваў, лігатур).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ПЕЧ,
электратэрмічная ўстаноўка для плаўкі металаў і сплаваў індукцыйным нагрэвам. У прам-сці выкарыстоўваюцца пераважна тыгельныя і канальныя печы.
Тыгельная І. п. складаецца з індуктара (саленоіда) і плавільнага тыгля. Сілкуецца эл. токам прамысл. (50 Гц), сярэдняй (да 10 кГц) і высокай (больш як 10 кГц) частаты (гл.Высокачастотная печ). Выкарыстоўваюцца звычайна для плаўкі сталі і чыгуну. Канальныя І. п. маюць стальны асяродак, які праходзіць праз унутр. поласць індуктара. Сілкуюцца токам прамысл. частаты. Прызначаны пераважна для выплаўкі каляровых металаў і сплаваў. Ёмістасць І.п. да некалькіх соцень тон. Вызначаюцца высокай скорасцю нагрэву, чысцінёй атрыманага прадукту, лёгкасцю рэгулявання т-ры, малым угарам металу, магчымасцю вядзення плаўкі ў ахоўным газавым асяроддзі або вакууме (гл.Вакуумная печ).
Індукцыйныя печы: а — канальная са стрыжнем (1 — кальцавы жолаб з расплаўленым металам, 2 — стрыжань-магнітаправод, 3 — абмотка індуктара); б — вакуумная з нахільным тыглем (1 — тыгель, 2 — абмотка, 3 — расплаўлены метал, 4 — уліўніца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНЫ НАГРЭ́Ў,
нагрэў токаправодных цел (пераважна металаў) віхравымі токамі, якія наводзяцца ў іх пераменным эл.-магн. полем.
Матэрыялы (загатоўкі, вырабы), якія трэба нагрэць, змяшчаюць у эл.-магн. поле, што ствараецца спец.індуктарам (падключаецца да крыніцы сілкавання непасрэдна або праз трансфарматар). Выкарыстоўваецца пераменны ток прамысл. (50 Гц), сярэдняй (да 10 кГц) і высокай (больш як 10 кГц) частаты. Для І.н. характэрна вылучэнне цяпла ў паверхневым слоі, адсутнасць эл. кантакту з крыніцай току, лёгкасць аўтаматызацыі і ўключэння ў паточныя лініі. Выкарыстоўваецца для плаўкі металаў і сплаваў (гл.Індукцыйная печ), зоннай плаўкі, тэрмічнай апрацоўкі (для загартоўкі, коўкі, штампоўкі), зваркі і інш. Пра награванне эл.-магн. полем дыэлектрыкаў гл. ў арт.Дыэлектрычны нагрэў.
Схемы індукцыйнага нагрэву: а — для загартоўкі (1 — індуктар, 2 — выраб, 3 — трансфарматар, 4 — кандэнсатар, 5 — генератар); б — для плаўлення металу (1 — крыніца току, 2 — блок кандэнсатараў, 3 — індуктар, 4 — тыгель, 5 — метал, які плавіцца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУКА́РСКАЯ МАШЫ́НАпаліграфічная,
машына для шматразовага атрымання аднолькавых адбіткаў тэксту, ілюстрацый і інш. на паперы (або інш. матэрыяле) з адпаведнай друкарскай формы. Асн. вузлы Д.м.: друкавальны і фарбавальны апараты, прыстасаванні для падачы паперы і перамяшчэння яе ў машыне, вываду гатовай прадукцыі.
Адрозніваюць Д.м.: высокага друку, глыбокага друку і плоскага друку, у т. л.афсетнага друку тыгельныя (да плоскай друкарскай формы папера прыціскаецца плоскасцю т.зв. тыгля), плоскадрукавальныя (да плоскай формы папера прыціскаецца цыліндрам) і ратацыйныя (форма і прыціскальная паверхня цыліндрычныя, верцяцца з аднолькавай скорасцю). Папера можа падавацца аркушамі (аркушавая Д.м.) або з рулона (рулонныя). Найб. прадукцыйныя ратацыйныя рулонныя Д.м. Першая Д.м. (плоскадрукавальная) створана ням. вынаходнікам Ф.Кёнігам у 1811, машыны розных тыпаў пачалі выкарыстоўвацца ў пач. і сярэдзіне 19 ст. ў Германіі, Англіі, ЗША і інш.
Літ.:
Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства. Ч. 2. М., 1982.
Адна з першых друкарскіх машын (прэс): 1 — дэкель для ўкладкі паперы; 2 — талер (металічная пліта) для ўстаноўкі друкарскай формы; 3 — друкарская форма; 4 — вінтавы прэс.Схемы друкавальных прыстасаванняў друкарскіх машын: а — тыгельнай; б — плоскадрукавальнай; в — ратацыйнай; г — афсетнай; 1 — друкарская форма; 2 — плоская аснова — талер (або формны цыліндр); 3 — тыгель (або друкавальны цыліндр); 4 — папера; 5 — дэкель; 6 — перадатачны (афсетны) цыліндр.Схема рулоннай афсетнай кніжна-часопіснай друкарскай машыны: 1 — рулон паперы; 2 — трохцыліндравыя аднафарбавыя друкавальныя секцыі; 3 — штангі для пераварочвання папяровага палатна; 4 — фальцавальны апарат.