РУДЭ́НКІ,

бел. мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва, муж. і жонка. Працуюць у тэхніцы ручнога ткацтва, батыка. Таццяна Аляксееўна (н. 22.12.1953, Тбілісі). Скончыла маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1976), у 1976—82 выкладала ў гэтым ін-це. Юрый Васілевіч (н. 3.10.1953, г. Віцебск). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1978). Сярод лепшых твораў: габелены «Лістапад» (1986), «Зямля» (1987), «Камета», «Трэшчына» (абодва 1990), «Цені» ад вясёлкі», «Горад Шагала», «Зацьменне» (усе 1992), «Стагоддзі», «Азёрны край» (абодва 1993); заслоны для тэатр. сцэн «Вячэрняе прадстаўленне» (1983), «Урачыстая» (1986), «Папараць-кветка» (1987), «Залацістая» (1989); батыкі «Першыя кветкі». (1981), «Бэз», «Японская акацыя» (абодва 1990), «Планета» (1991), «Усход», «Сусвет», «Белая ноч» (усе 1992), «Палявыя кветкі» (1994). Творы ў змешанай і аўтарскай тэхніцы: «Пачатак» (1988), «Хмара» (1989), «Сухія кветкі», «Зімовы сон» (абодва 1991), «Ліпеньская ноч», «Далёкі востраў», «Апошні ліст» (усе 1992), «Код жыцця» (1995). Работы вылучаюцца шырокім выкарыстаннем разнастайных традыц. і нетрадыц. матэрыялаў, спалучэннем аб’ёмаў і плоскасцей, кампазіцыйнай і колеравай выразнасцю.

Літ.:

Rudenko: [Альбом]. Б.м., 1995.

В.​В.​Шамшур.

Т. і Ю. Рудэнкі. Габелен «Трэшчына». 1990.

т. 13, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАКЛА́З (ад аліга... + грэч. klasis трэшчына),

мінерал групы палявых шпатаў падкласа каркасных сілікатаў (плагіяклазаў). Ізаморфная сумесь з 10—30% анартыту Ca[Al2Si2O8] і 70—90% альбіту Na[AlSi3O8]. Колер шэры ці з рознымі адценнямі. Бляск ад шклянога да перламутравага. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 6. Шчыльн. 2,65 г/см³. Пародаўтваральны мінерал гранітаў, гнейсаў, гранітных пегматытаў. Некаторыя выкарыстоўваюць як вырабныя камяні (месяцавы камень) і як ювелірны матэрыял (сонечны камень).

Алігаклаз.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАКЛА́З (ад арта... + грэч. klasis трэшчына),

мінерал з групы палявых шпатаў, K[AlSi3O8]. Прымесі натрыю, радзей барыю, жалеза, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя (характэрны двайнікі), агрэгаты зярністыя. Бясколерны, белы, шэры, ружовы, чырванаваты і інш. Бляск шкляны. Цв. 5—6,5. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Празрыстыя крышталі артаклазу, найб. чыстыя паводле саставу, наз. адулярам. Паходжанне магматычнае, часткова метамарфічнае; пародаўтваральны мінерал гранітаў, сіенітаў, гнейсаў і інш. На Беларусі пашыраны ў антрапагенных адкладах розных генетычных тыпаў. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай прам-сці.

Артаклаз.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫФТ (англ. rift трэшчына, разлом),

буйная лінейна выцягнутая (на сотні кіламетраў, часта больш за 1 тыс. км, шыр. ад 5—20 да 200—400 км) адмоўная шчылінападобная або ровападобная структура расцяжэння зямной кары глыбіннага паходжання, абмежаваная разломамі скідавага тыпу. Тэрмін прапанаваны англ. геолагам Дж.​Грэгары ў 1896. Сучасныя Р. выражаны ў рэльефе ў выглядзе глыбокіх далін; стараж. пахаваныя Р. запоўнены магутнымі тоўшчамі асадкавых парод. Р. звычайна складаецца з серыі разрываў, сярод якіх пераважаюць скіды. Нахіл паверхні скідаў 60—70°, верт. амплітуда перамяшчэнняў па іх дасягае 5 км. У межах Р. часта ўтвараюцца горсты і грабены. Адрозніваюць Р. ўнутрыкантынент, сучасныя (Байкальская, Усх.-Афрыканская рыфтавыя сістэмы і інш.) і стараж. пахаваныя (Прыпяцка-Данецкі, Пачалмскі і інш.), міжкантынент. (Чырвонага м., Адэнскага і Каліфарнійскага зал.) і ўнутрыакіянічныя, што ўскладняюць восевыя ч. сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў. Вельмі вял. Р. наз. рыфтавымі паясамі або сістэмамі. Сукупнасць такіх структур утварае на паверхні Зямлі адзіную сусветную сістэму. Працэс фарміравання Р. звязаны з глыбіннай дыферэнцыяцыяй рэчыва мантыі Зямлі, утварэннем астэналітаў і лінз анамальнай разагрэтай і расшчыльненай мантыі ў падэшве літасферы і замяшчэннем ёю рэчыва ў ніжняй ч. літасферы. Гэта прыводзіць да тэрмічнага расшырэння літасферы, ізастатычнага падняцця і стварэння напружанняў расцяжэння. Існуе некалькі гіпотэз паходжання Р.: утварэнне іх у восевай ч. скляпенневага падняцця за кошт напружанняў расцяжэння, што ўзнікаюць пры выгінанні скляпення; рассоўванне зямной кары пры гарыз. перамяшчэнні пліты; разрыў зямной кары ў выніку аднабаковага цячэння рэчыва яе ніжняй пластычнай ч. ў бок акіяна (на фронце цячэння ў паслабленай зоне); утварэнне Р. над глыбінным мантыйным астэналітам з расцяканнем яго рэчыва ў падэшве кары ў процілеглыя бакі, што прыводзіць да яе расцяжэння. З працэсамі фарміравання Р. звязаны развіццё і дэструкцыя кантынент. і акіянічнай літасферы, утварэнне акіянаў, нараджэнне новай акіянічнай кары.

В.​С.​Конішчаў.

т. 13, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)