Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦАЛА́НЫ (італьян. pozzolana ад назвы італьян.г. Пацуолі, каля якога здабывалі П.),
вулканагенна-асадкавыя і асадкавыя горныя пароды з уласцівасцю паглынаць аксід кальцыю CaO з вапнавых раствораў. Паводле складу сярод П. адрозніваюць вулканічныя туф, попел, шкло, таксама цэалітавыя пароды, трэпел, дыятаміт і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці дабавак у вытв-сці вяжучых матэрыялаў, т.зв. пуцаланавых цэментаў (гідраўлічная актыўнасць П., што вызначаецца паглынаннем CaO за 30 сут, складае 350—500 мг на 1 г дабаўкі). Буйныя радовішчы ў Італіі, Крыме, Арменіі, на Паўн. Каўказе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА́Л (лац. opalus),
мінерал падкласа гідраксідаў, SiO2∙nH2O. Мае 1—34% вады, 65—92% SiO2. Прымесі аксідаў Al, Fe, Mn, Mg і інш. Разнавіднасці: каштоўны апал, паўапал, гейзерыт, гідрафан і інш. Аморфны. Утварае нацечныя агрэгаты — ааліты, скарынкі, ныркападобныя масы. Бясколерны, белы, жоўты, буры, чырвоны, зялёны. Для паўпразрыстых рознасцяў характэрна апалесцэнцыя. Бляск шкляны, радзей перламутравы, васковы. Цв. 5—6,5; вельмі крохкі. Шчыльн. 1,9—2,3 г/см³. Асадкавы, гідратэрмальны. На Беларусі трапляецца ў выглядзе цэменту, шкарлупін дыятамей у мелавых адкладах (сцяжэнні) і інш. Каляровыя (з ірызацыяй) апал — вырабныя камяні. Высакародны апал (вогненны) — каштоўны камень. З апалу складаюцца дыятаміт, трэпел і апока — сыравіна для цэменту, напаўняльнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́МНІЮ ДЫАКСІ́Д, крэменязём,
хімічнае злучэнне крэмнію з кіслародам, SiO2. У крышт. форме бясколернае цвёрдае рэчыва, існуе ў некалькіх паліморфных мадыфікацыях (у прыродзе сустракаюцца ў выглядзе мінералаў): кварц (tпл 1610 °C), трыдыміт (tпл 1680 °C), крыстабаліт (tпл 1723 °C); пры высокім ціску ўтвараюцца кітыт, каэсіт і сцішавіт (шчыльн. 4350 кг/м³, β-кварц мае шчыльн. 2530 кг/м³). Акрамя крышталічнага характэрныя і інш. формы існавання прыроднага крэменязёму: скрытакрышт. (халцэдон), аморфная (апал), тонкадысперсная (трэпел). Расплаўлены SiO2 пры астыванні пераходзіць у шклопадобны стан (гл.Кварцавае шкло).
К.д. не раствараецца ў вадзе, к-тах (акрамя плавікавай), арган. растваральніках. Хімічна ўстойлівы: узаемадзейнічае з фторам і фторыстым вадародам пры награванні (250—400 °C), са шчолачамі і многімі аксідамі пры сплаўленні ўтварае сілікаты. Прыродны К.д. выкарыстоўваюць у вытв-сці сілікатнага шкла, керамікі, абразіваў, бетону, для атрымання крэмнію; сінт. (т. зв. «белая сажа») — як напаўняльнік для гумы; монакрышталі кварца — у радыётэхніцы, акустаоптыцы і акустаэлектроніцы, ювелірнай справе (паўкаштоўныя камяні). Працяглае ўдыханне крэменязёмнага пылу выклікае сілікоз лёгкіх.
група горных парод і мінералаў, якія пераважна не з’яўляюцца рудамі металаў і гаручымі карыснымі выкапнямі. Выкарыстоўваюцца непасрэдна як прыродны мінер. агрэгат (напр., буд. і сілікатныя пяскі) ці ў перапрацаваным выглядзе (паўгідраты, цэмент, кандыцыйны жвір і інш.), для здабычы мінералаў (алмазаў, глаўканіту, каалінігу і інш.) і хім. злучэнняў, што выдаляюць з пароды (калійныя і кухонная солі). Вядома больш за 90 горных парод і больш за 60 мінералаў. Мінер. састаў Н.к.в. — сілікаты, аксіды, галоіды, карбанаты, сульфаты, фасфаты, нітраты, бараты, фтарыды і самародныя элементы (вуглярод, сера), а таксама складаныя арган. рэчывы (напр., бурштын). Якасць сыравіны ацэньваецца паводле фіз.-хім. уласцівасцей, мінер. саставу, асаблівасцей перапрацоўкі і інш. Радовішчы Н.к.в. прымеркаваны пераважна да асадкавых парод, радзей да вывергнутых і метамарфічных. На Беларусі Н.к.в. трапляюцца ў пародах крышт. фундамента (буд. і абліцованы камень на выступах і каалін у корах выветрывання) і платформавага чахла. Багатыя Н.к.в. адклады верхнедэвонскія ў Прыпяцкім прагіне (калійныя і каменныя солі, гіпсы) і на ПнУ рэгіёна (даламіт), ніжнекарбонавыя ў Прыпяцкім прагіне (даўсаніт), верхнемелавыя (мел, мергель, фасфарыты) на З і У, палеагенавыя (глаўканіт, бурштын і інш.) на Пд і З, неагенавыя (монтмарыланітавыя гліны і кварцавыя пяскі) на Пд рэспублікі, антрапагенавыя Беларускай грады (пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі і інш.) і Беларускага Паазер’я (стужачныя гідраслюдзістыя гліны, жвір; пяскі), у т. л. галацэнавыя (балотныя руды, лугавыя мергелі, сапрапель). Здабыча Н.К.В. вядзецца пераважна ў механізаваных кар’ерах, радзей шахтавым спосабам (калійныя солі) і вышчалочваннем у свідравінах (кухонная соль).
Паводле горна-прамысл. класіфікацыі Н.К.В. адрозніваюць горна-хім. і горна-тэхн. сыравіну, буд. матэрыялы, новыя і малыя віды неметал. выкапняў. Горна-хімічная сыравіна: фасфарыты (радовішчы Лабковіцкае і Мсціслаўскае); калійныя солі (Старобінскае, Петрыкаўскае), кухонная соль (Мазырскае, Старобінскае, Давыдаўскае); даўсаніт — содавая сыравіна (праяўленні); даламіт (радовішча Руба і шэраг праяўленняў з запасамі больш за 6,7 млрд.т). Горна-тэхнічная сыравіна: каалін (радовішча Скрыпіцкае і інш. з запасамі больш за 30 млн.т); тугаплаўкія гліны (Гарадок, Гарадная, Глінка, Столінскія хутары і інш. з запасамі да 60 млн.т); бентаніт (радовішча Астражанскае з запасамі 12,3 млн.т у Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл.); кварцавыя пяскі (Гарадная, Чэцверня і інш. з запасамі больш за 100 млн.т); трэпел (Стальное і інш. з запасамі больш за 180 млн.т); гіпс (праяўленні з вял. рэсурсамі); мергель і мел (Камунарскае, Калядзіцкае, Каменкаўскае, Пагараны, Туры, Сожскае, Хаціслаўскае і інш. з запасамі 1,4 млрд.т); лугавыя мергелі (больш за 300 дробных радовішчаў і праяўленняў з запасамі каля 200 млн.м³). Будаўнічыя матэрыялы: буд. камень — дыярыт, гранадыярыт, граніт (радовішчы Глушкавіцкае, Мікашэвіцкае, Сітніцкае з запасамі больш за 1 млрд.м³); абліцовачны камень (радовішча Кар’ер Надзеі); пясчана-жвіровыя сумесі (больш за 120 радовішчаў з запасамі больш за 1 млрд.м³); пяскі буд. і сілікатныя (больш за 100 радовішчаў з запасамі больш за 800 млн.м³); гліны для грубай керамікі, цэменту і лёгкіх запаўняльнікаў (больш за 240 радовішчаў, запасы да 700 млн.м³); прыродныя пігменты (фарбы мінер.): вохра і вохрыстыя гліны (радовішча Ляхава Гара з запасамі больш за 140 тыс.т у Лоеўскім р-не Гомельскай вобл.), балотныя жалезныя руды (каля 150 праяўленняў), глаўканіт (праяўленні з вял. рэсурсамі). Новыя і малыя віды неметалічных выкапняў: цэалітаносныя (мінералы гейландыт, клінаптылаліт) гліны, палыгарскітавыя гліны, гранатавыя пяскі, крэмень, бурштын, ледавіковыя валуны, вівіяніт (праяўленні). Гл. таксама Карысныя выкапні, Мінеральныя будаўнічыя матэрыялы, Мінеральная сыравіна і арт. пра адпаведныя радовішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на У Беларусі, каля граніцы з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 29 тыс.км². Нас. 1241,3 тыс.чал. (1998). Цэнтр — г.Магілёў. У вобласці 21 раён: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі (гл. адпаведныя артыкулы), 14 гарадоў, у т. л. 4 абласнога падпарадкавання — Магілёў, Асіповічы, Бабруйск, Горкі, 11 гар. пасёлкаў, 196 сельсаветаў, 3247 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці пераважна раўнінная. Усх.ч. займае Аршанска-Магілёўская раўніна, зах. — Цэнтральнабярэзінская раўніна. На ПнЗ — частка Аршанскага ўзвышша, на ПнУ — Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна і частка Смаленскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 239 м. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. 126 м (урэз р. Сож, ніжэй в. Гайшын Слаўгарадскага р-на). Карысныя выкапні: цэментны мел і мергель (каля 75% агульнарэспубліканскіх запасаў цэм. сыравіны, Камунарскае, Сожскае, Каменкаўскае, Варонькаўскае радовішчы), фасфарыты, мел (найб. паклады ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Крычаўскім і Чэрыкаўскім р-нах), гліна і цагельныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. і сілікатныя пяскі, трэпел, торф, сапрапелі і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -8,2 °C на ПнУ да -6,5 °C на ПдЗ, у ліп. ад 17,8 °C на ПнУ да 18,7 °C на ПдЗ. Вегетац. перыяд 183—194 дні. Гадавая колькасць ападкаў 575—675 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Тэрыторыя М.в. адносіцца да бас. Дняпра, які перасякае вобласць з Пн на Пд. Найб. яго прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Бярэзіны — Свіслач, Ольса, Ала; Друці — Аслік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растой, Бесядзь з Суравам і Жадунькай; на ПдЗ працякае р. Пціч (прыток Прыпяці). Азёр мала, яны невялікія. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (53,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,7%), тарфяна-балотныя (8,3%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць сугліністыя (45,9%) і супясчаныя (38,7%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 15% сельгасугоддзяў, найб. у Быхаўскім, Бабруйскім, Глускім, Асіповіцкім і Горацкім р-нах. Пад лесам каля 34% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 54,9%, яловыя і бярозавыя па 15,1, альховыя 5,6, дубовыя 5,4%. Найб. лясістасць на ПдЗ вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,6%, каля палавіны іх нізінныя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць каля 7,7% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці гідралагічныя заказнікі рэсп. значэння Заазер’е і Астравы Дулебы, 72 заказнікі мясц. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 33,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзіі-137 больш як 5 Кі/км² займае 11,7% тэр. вобласці. Найб. забруджана радыенуклідамі тэр. Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага і Слаўгарадскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,3%), жывуць таксама рускія (11,1%), украінцы (1,9%) і інш. Гарадскога насельніцтва 70,4% (1998). Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Магілёў (369), Бабруйск (227), Асіповічы (33,8), Горкі (33,5). Колькасць насельніцтва мае тэндэнцыю да памяншэння (з 1992 смяротнасць насельніцтва перавышае нараджальнасць), павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім р-нах (найб. пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася на 40—50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. У ёй занята 29,4% працуючых. За 1991—97 аб’ём прамысл. прадукцыі знізіўся на 25%, вял. спад адбыўся ў чорнай металургіі (на 69%), прам-сці буд. матэрыялаў (на 48%). Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі хім. і нафтахім., маш.-буд., дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харчовай прам-сці. Вядучае месца (1997) належыць хім. і нафтахім. прадукцыі (28,7%), машынабудаванню і металаапрацоўцы (14,0%), лёгкай (10,1%) і харч. прам-сці. У 1996 у М.в. атрымана (у % да рэсп. вытв-сці): шын аўтамаб. і для с.-г. машын — 100, хім. валокнаў і нітак — 55, сінт. смол і пластмас — 40,6, электрарухавікоў пераменнага току — 59,6, магнітафонаў — 77, ліфтаў — 100, драўняна-валакністых пліт — 33,8, фанеры — 22, кардону — 27,6, цэменту — 43, шаўковых тканін — 39, цюлегардзінных вырабаў — 100, гумавага абутку — 48,7, безалкагольных напіткаў — 28, масла жывёльнага — 15,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Магілёве і Бабруйску; значныя прамысл. цэнтры — Асіповічы, Крычаў, Шклоў, Быхаў, Касцюковічы. Прадпрыемствы хім. прам-сці размешчаны пераважна ў Магілёве (аб’яднанне «Хімвалакно», якое выпускае поліэфірныя і віскозныя валокны і ніткі, прадукцыю аргсінтэзу, розныя тавары нар. ўжытку; рэгенератны з-д, хімкамбінат «Зара» і інш.), Бабруйску (шынны камбінат, вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, гідролізная вытв-сць) і Крычаве (вытв-сць гумавага абутку, гумава-тэхн. вырабаў). Машынабудаванне сканцэнтравана ў Магілёве (аўтамабільны з-д, выпускае самазвалы, падземныя аўтапаязды, скрэперы, бульдозеры, пагрузчыкі і інш.; «Магілёўтрансмаш» па вытв-сці аўтамаб. прычэпаў, гідраўлічных кранаў, рэфрыжэратараў і інш.; ліфтабудаўнічы з-д; аб’яднанне «Тэхнапрылада»; з-ды «Строммашына» і «Электрарухавік» і інш.), у Бабруйску (вытв-сць цэнтрабежных помпаў, вымяральных прылад, машын для ўнясення ўгнаенняў, трактарных дэталей і агрэгатаў і інш.), у Асіповічах (з-даўтамаб. агрэгатаў). У Магілёве працуе металургічны з-д, які выпускае стальныя і чыгунныя трубы. Самае буйное прадпрыемства дрэваапрацоўкі — фанера-дрэваапр. камбінат у Бабруйску; мэблю робяць у Бабруйску, Магілёве, Быхаве; у Шклове — папяровая ф-ка «Спартак». Прам-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена 2 цэментнымі прадпрыемствамі (у Крычаве і Касцюковічах), камбінатамі буд. матэрыялаў, сілікатных вырабаў, з-дамі зборных жалезабетонных вырабаў (пераважна Магілёў і Бабруйск), кардонна-руберойдным (Асіповічы), цагельнымі. Развітая лёгкая прам-сць уключае швейныя, трыкат., абутковыя, маст. вырабаў прадпрыемствы. У Магілёве буйныя прадпрыемствы «Магатэкс» (шаўковыя тканіны і вырабы з іх), «Стужка» (стужкаткацкія і гардзінныя вырабы), ф-ка галаўных убораў, у Бабруйску — гарбарны з-д, футравая, валюшна-лямцавая, люстраная ф-кі. На тэр. вобласці 10 ільнозаводаў. Харч.прам-сць прадстаўлена кандытарскай ф-кай «Чырвоны харчавік», маслабойным з-дам (Бабруйск), мясакамбінатамі (Магілёў, Бабруйск), 20 заводамі па перапрацоўцы малака, кансервава-агароднінасушыльным камбінатам (Быхаў) і інш.
Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве ў спалучэнні з ільнаводствам. Усюды пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур, бульбы. У прыгарадных зонах гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,2% тэрыторыі, ворныя землі — 35,5% (1997). За 1986—91 з сельгасабароту выведзена 47 тыс. га сельгасугоддзяў, забруджаных радыенуклідамі. Акрамя таго, на 1.1.1997 доля забруджаных радыенуклідамі зямель у агульнай плошчы сельгасугоддзяў у грамадскім сектары складае 29,7%. М.в. дае 16,7% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 12,8% бульбы, 7,7% ільновалакна, каля 16% мяса (у жывой вазе), 12,6% малака (1997). За 1991—97 вытв-сць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі знізілася на 27,4%, у т. л. прадукцыі жывёлагадоўлі — на 33,3%, раслінаводства — на 12,7%, у выніку чаго доля жывёлагадоўлі ў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці панізілася і склала 52,3%, а раслінаводства павялічылася да 47,7%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад ільном-даўгунцом. На 1.1.1998 у М.в. 445 фермерскіх гаспадарак, яны мелі 14,7 тыс. га сельгасугоддзяў, у т. л. 12,1 тыс. га ворнай зямлі. У карыстанні грамадзян (разам з фермерскімі гаспадаркамі) 13,2% сельгасугоддзяў і 14,7% ворнай зямлі. У 1997 у асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарках атрымана 85% бульбы, 82% агародніны, 94% садавіны і ягад. Развіта таксама жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, свінагадоўля, птушкагадоўля. У 1990-я г. пагалоўе жывёлы і птушкі зніжаецца (гл.табл. 2). Характэрна павелічэнне долі асабістых гаспадарак насельніцтва (разам з фермерскімі) у вытв-сці мяса (з 12,8% у 1990 да 24,7% у 1997) і малака (з 21,5% да 35,7%).
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 818 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін, Жлобін—Бабруйск—Мінск, Орша—Крычаў—Унеча, Крычаў—Магілёў—Асіповічы, якія звязваюць вобласць з Расіяй, Украінай, інш. абласцямі рэспублікі. Найважн.чыг. вузлы: Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў. На долю чыг. транспарту прыпадае 93% грузаабароту (1997). Працягласць аўтамабільных шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 8,02 тыс. км (1997). Асн. магістралі Санкт-Пецярбург—Магілёў—Кіеў, Рослаўль—Бабруйск—Брэст, Магілёў—Беразіно—Мінск, Магілёў—Бабруйск—Мінск. Суднаходства па Дняпры, Бярэзіне, Сажы (грузаабарот рачнога транспарту складае 0,1% ад агульнага грузаабароту, 1997). Па тэр. вобласці праходзіць нафтаправод Унеча—Полацк.