ПУЦАЛА́НЫ (італьян. pozzolana ад назвы італьян. г. Пацуолі, каля якога здабывалі П.),

вулканагенна-асадкавыя і асадкавыя горныя пароды з уласцівасцю паглынаць аксід кальцыю CaO з вапнавых раствораў. Паводле складу сярод П. адрозніваюць вулканічныя туф, попел, шкло, таксама цэалітавыя пароды, трэпел, дыятаміт і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці дабавак у вытв-сці вяжучых матэрыялаў, т.зв. пуцаланавых цэментаў (гідраўлічная актыўнасць П., што вызначаецца паглынаннем CaO за 30 сут, складае 350—500 мг на 1 г дабаўкі). Буйныя радовішчы ў Італіі, Крыме, Арменіі, на Паўн. Каўказе.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)