Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́КХІ (лац. Gracchus),
браты, палітычныя дзеячы Стараж. Рыма. Паходзілі са знакамітага роду Семпроніяў. Тыберый (162—133 да н.э.), нар. трыбун у 133, ва ўмовах нестабільнага становішча ў краіне правёў закон, які абмежаваў буйное землекарыстанне на грамадскім полі (агер публікус), але не атрымаў падтрымкі сярод сенатараў. На нар. сходзе адхілены ад улады (упершыню ў гісторыі Рыма), але паўторна выставіў сваю кандыдатуру ў нар. трыбуны. Забіты сенатарамі ў дзень выбараў. У 129 сенат спыніў надзяленне зямлёй паводле яго закону. Гай (153—121 да н.э.), нар. трыбун у 123 і 122 да н.э., аднавіў агр. заканадаўства брата, правёў законы ў інтарэсах гар. плебсу і саслоўя коннікаў, прапанаваў даць саюзнікам правы рым. грамадзян і інш. Загінуў у час узбр. паўстання.
т. 5, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУЛЕ́Й САТУРНІ́Н (Луцый) (Lucius Apuleius Saturninus; ? — 100 да н.э.),
рымскі паліт. дзеяч, папуляр. Нар. трыбун. У 104 — квестар, кіраваў у Остыі ўвозам хлеба. У 101 выступіў з выкрыццём сенатараў, падкупленых пасламі цара Пантыйскай дзяржавы Мітрыдата VI Еўпатара. Правёў праз нар. сход законы аб надзяленні зямлёй ветэранаў Марыя і вывядзенні калоній у правінцыі. Забіты прыхільнікамі аптыматаў.
т. 1, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЫ́НІЙ СТАЛО́Н (Гай) (Gaius Licinius Stolo; 4 ст. да н. э.),
старажытнарымскі народны трыбун у 376—367 да н. э., у 364 і 361 да н.э. консул. Выступаў за наданне плебеям роўных з патрыцыямі паліт. правоў. Правёў 3 законы, паводле якіх аднаго консула належала выбіраць з плебеяў, забаранялася мець больш за 500 югераў зямлі, даўгі пагашаліся на выгадных для даўжнікоў умовах. У 357 да н.э. асуджаны патрыцыямі, якія абвінавацілі Л.С. ў парушэнні праведзенага ім агр. закону.
т. 9, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НІЙ (Марк) (Marcus Antonius; каля 82—30 да н.э.),
рымскі паліт. дзеяч і палкаводзец, прыхільнік Цэзара. Нар. трыбун у 49, консул у 44. Пасля забойства Цэзара і паражэння ў грамадз. вайне ў 43 заключыў саюз з Актавіянам і Лепідам, т.зв. 2-і трыумвірат, для барацьбы супраць Брута і Касія — забойцаў Цэзара. У 42 кіраваў усх. правінцыямі. Шлюб з Клеапатрай і сварка з Актавіянам прывялі да аднаўлення грамадз. вайны. У баі каля Акцыя 2.9.31 аб’яднаны флот Антонія і Клеапатры разбіты. Антоній адступіў у Егіпет і скончыў самагубствам.
т. 1, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІСТРАТУ́РА (ад лац. magistratus саноўнік, начальнік),
1) у Стараж. Рыме сукупнасць найвышэйшых дзярж. пасад, т.зв. магістратаў рымскіх (найвышэйшымі былі дыктатар, консул, прэтар, ваен. трыбун). Выбіраліся нар. сходамі, т.зв. каміцыямі, тэрмінам на 1 год. У 1 ст. н.э. з пераходам вышэйшай улады да імператара страцілі значэнне.
2) У сучасным канстытуцыйным праве карпарацыя службоўцаў, якія непасрэдна ажыццяўляюць функцыі суда і пракурорскага нагляду; у ЗША — сукупнасць усіх дзярж. чыноўнікаў.
3) Сістэма і форма падрыхтоўкі спецыялістаў з закончанай вышэйшай адукацыяй (са ступенню бакалаўра) у большасці краін на працягу 1—2 гадоў, на Беларусі — 1,5—2 гады. Гл. таксама Магістр.
т. 9, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́Н (Cato),
адгалінаванне стараж.-рым. роду Порцыяў. Найб. значныя прадстаўнікі:
Катон Старэйшы (ці Цэнзар) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Maior, Cato Censorius; 234, Тускулум, каля сучаснага г. Фраскаці, Італія — 149 да н. э.), дзярж. дзеяч, пісьменнік, заснавальнік рым. літ. прозы. З саслоўя коннікаў. Удзельнік 2-й Пунічнай вайны. У 198 прэтар у Сардзініі. У 195 консул, задушыў паўстанне мясц. плямён у Іспаніі. Напярэдадні 3-й Пунічнай вайны патрабаваў разбурэння Карфагена — моцнага гандл. канкурэнта Рыма. Аўтар працы «Пачаткі», прысвечанай гісторыі Рыма ад яго заснавання да 2-й Пунічнай вайны, трактата «Земляробства» пра эканоміку і стараж. звычаі Італіі і інш.
Катон Малодшы (ці Утыцкі) Марк Порцый (Marcus Porcius Cato Minor, Cato Uticensis; 95—8.4.46 да н. э.), рымскі дзярж. дзеяч, военачальнік. Праўнук К. Старэйшага. Удзельнік задушэння паўстання Спартака 74—71 да н. э. Нар. трыбун у 62, прэтар у 54. Праціўнік трыумвіраў, асабліва Юлія Цэзара, супраць якога напісаў 2 паліт. памфлеты. У час. грамадз. вайны 49—45 на баку Г Пампея; пасля паражэння пампеянцаў пры Фарсале (48) супраціўляўся Цэзару ў Афрыцы, пасля іх разгрому пры Тапсе (46) скончыў самагубствам.
т. 8, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)