ТРОФ..., ...ТРОФ (ад грэч. trophē ежа, жыўленне), частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь з паняццямі «ежа», «жыўленне» (напр., трофаэкалогія, аўтатрофы, гетэратрофы).
т. 15, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРОФАБІЁЗ (ад троф... + ...біёз),
узаемавыгаднае сумеснае жыццё 2 відаў, якія выкарыстоўваюць у якасці корму прадукты метабалізму адзін аднаго. Напр., мурашы родаў мірміка, тапінома, лусіус, крэматагастэр ахоўваюць і гадуюць у сваіх гнёздах розных насякомых (цыкад, афід, какцыд, вусеняў матылёў) і жывяцца іх выдзяленнямі.
т. 15, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРОФАЦЭНО́З (ад троф... + цэноз),
згуртаванне арганізмаў, звязаных паміж сабой выкарыстаннем частак адной здабычы. Напр., здабычай ільвіц карыстаюцца акрамя членаў прайда гіены, шакалы, птушкі. У Т. уключаюцца шматлікія віды насякомых і мікраарганізмаў. Найб. характэрны для саваннаў. У таежных лясах за кошт здабычы ваўкоў існуюць расамахі, часткова лісы, куніцавыя, вароны, сарокі і інш.
т. 15, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎКСАТРО́ФЫ [ад грэч. auxō вырошчваю, павялічваю + ...троф(ы)],
арганізмы (часцей мікраарганізмы), якія ў выніку мутацыі страцілі здольнасць сінтэзаваць адно з рэчываў, неабходных для іх росту (амінакіслату, вітамін, азоцістую аснову і інш.). Могуць жыць толькі на тым пажыўным асяроддзі, куды гэтае рэчыва прыўнесена. Аўксатрофы шырока выкарыстоўваюць у генет. і іншых біял. даследаваннях. Гл. таксама Прататрофы.
т. 2, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРОФАЭКАЛО́ГІЯ (ад троф... + экалогія), экалогія харчавання,
раздзел экалогіі, які вывучае сукупнасці трафічных ланцугоў у біягеацэнозах. Асн. праблемы Т.: суадносіны розных трафічных узроўняў папуляцый (трафічная структура), харч. спектры і аб’ём корму розных відаў, метады вызначэння тыпаў жыўлення, залежнасць інтэнсіўнасці і спектраў жыўлення ад абіятычных і біятычных фактараў асяроддзя і інш. Фундаментальныя канцэпцыі Т. распрацаваў англ. эколаг Ч.Элтан (1927).
т. 15, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАТРО́ФЫ [ад грэч. sapros гнілы + ...троф(ы)],
арганізмы, якія ўжываюць арган. злучэнні мёртвых цел або выдзяленні (экскрэменты) жывёл. Паводле тыпу харчавання адносяцца да гетэратрофаў. Удзельнічаюць у мінералізацыі арган. злучэнняў, з’яўляюцца важным звяном у біял. кругавароце рэчыва і энергіі. Да С. адносяцца бактэрыі, актынаміцэты, грыбы, расліны-паразіты, некат. водарасці, з жывёл — сапрафагі (напр., жукі-гнаевікі, вароны, гіены). Водныя С. ўдзельнічаюць у біял. ачыстцы вады, глебавыя — у глебаўтварэнні, спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы.
т. 14, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКСАТРО́ФЫ [ад грэч. mixis змяшэнне + ...троф(ы)],
арганізмы са змяшаным харчаваннем, якое бывае аўтатрофнае — неарган. рэчывамі (хемасінтэз, фотасінтэз) і гетэратрофнае — арган. рэчывамі. М. — хларафіланосныя жгуцікавыя — аўтатрофныя арганізмы (гл. Аўтатрофы), якія ў забруджаных вадаёмах жывяцца арган. рэчывамі, што стымулюе іх рост і размнажэнне (некат. з іх могуць развівацца ў цемры, без фотасінтэзу). Некат. вышэйшыя зялёныя расліны (фотааўтатрофы) жывяцца таксама арган. рэчывамі (напр., расліны-паўпаразіты — званец, цяцюшнік і інш.). М. можна лічыць насякомаедныя расліны (расіца, тлушчанка і інш.), а таксама зялёныя мікатрофныя расліны (гл. Мікатрофы), якія засвойваюць у клетках гіфы грыбоў (напр., архідныя).
т. 10, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАТРО́ФЫ [ад грэч. mykes грыб + ...троф(ы)], мікатрофныя расліны,
расліны, якія ўтвараюць мікарызу і атрымліваюць пажыўныя рэчывы з глебы з дапамогай гіфаў грыбоў, звязаных з каранямі. Да М. адносіцца большасць відаў раслін — усе голанасенныя, большасць аднадольных (75%) і двухдольных (80—90%), за выключэннем некат. аднагадовых, асакі, дзеразы, хвашчоў і водных раслін. Адрозніваюць 3 групы М.: расліны, якія не развіваюцца з насення без спалучэння з грыбам-сімбіёнтам (архідныя); расліны, якія могуць расці без мікарызы, але лепш развіваюцца пры спалучэнні з грыбам (многія дрэвы, кусты); расліны, што часта маюць мікарызу, але ў спрыяльных умовах жыўлення добра развіваюцца і без спалучэння з грыбам (напр., бяроза, ліпа, многія кусты).
т. 10, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАТРО́ФЫ [ад гетэра... + грэч. ...троф(ы)], гетэратрофныя арганізмы,
арганізмы, якія жывяцца гатовымі арган. рэчывамі і не здольныя да першаснага сінтэзу іх з неарган. злучэнняў. Да гетэратрофаў належаць усе жывёлы, чалавек, грыбы, большасць бактэрый, бесхларафільныя наземныя расліны, водарасці. Падзел раслін і мікраарганізмаў на гетэратрофаў і аўтатрофаў умоўны: напр., насякомаедным раслінам (расянка, плывунец і інш.) адначасова ўласцівы фотасінтэз і здольнасць выкарыстоўваць арган. рэчывы. Гетэратрофы, якія жывяцца толькі раслінамі, — фітафагі (усе траваедныя жывёлы), толькі жывёламі — заафагі (большасць драпежных звяроў), рэшткамі жывых арганізмаў — сапрафагі. Паводле спосабу атрымання ежы гетэратрофы падзяляюць на галазойных — жывёлы (жыўленне цвёрдай арган. ежай) і асматрофных — грыбы, бактэрыі (жыўленне растворанымі рэчывамі). У харчовым ланцугу экасістэмы гетэратрофы адыгрываюць ролю кансументаў і рэдуцэнтаў. Разам з аўтатрофамі гетэратрофы забяспечваюць рух арган. рэчываў у біягеацэнозах па трафічных ланцугах і адыгрываюць асн. ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе.
т. 5, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)