АСКАРЫ́ДЫ
(Ascaridae),
сямейства круглых чарвей. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і пазваночных жывёл. Найб. пашыраны свіная аскарыда — Ascaris suum і чалавечая аскарыда — Ascaris lumbricoides (даўж. самкі 25—40 см, самца 15—25 см).
Задні канец цела ў самак роўны, у самцоў закручаны. Самка за суткі адкладвае да 200 тыс. яец, якія выдаляюцца з калам у вонкавае асяроддзе, дзе праз 9—13 сут з іх развіваецца лічынка. Пры т-ры ніжэй за 12 °C або вышэй за 36 °C развіццё спыняецца, але жыццяздольнасць не траціцца. Інвазійныя яйцы з ежай і вадой трапляюць у арганізм гаспадара, з іх выходзяць лічынкі, прасвідроўваюць слізістую абалонку кішак і з токам крыві пераносяцца ў лёгкія, затым трапляюць у глотку і зноў у кішэчнік. Праз 2—2,5 мес дасягаюць палавой спеласці і пачынаюць адкладваць яйцы. Жывуць да 1,5 года. Выклікаюць аскарыдоз.
т. 2, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХІМІ́ЧНАЕ СПАЖЫВА́ННЕ КІСЛАРО́ДУ
(БСК),
колькасць кіслароду, што ўжываецца арган. рэчывамі, якія ёсць у вадзе, пры біяхім. іх акісленні ў працэсе самаачышчэння вады; паказчык ступені забруджанасці вады і наяўнасці ў ёй лёгкаакісляльных арган. рэчываў. Вымяраецца ў міліграмах кіслароду, які траціцца на акісленне забруджвальнікаў у 1 л вады (мг/л) пры т-ры 20 °C. Значэнні БСК5 — расход кіслароду за 5 сут (60—80% поўнага спажывання кіслароду) і БСКпоўн. — спажыванне кіслароду, які спатрэбіўся для акіслення арган. рэчываў за адрэзак часу да пачатку працэсу нітрыфікацыі. БСКпоўн. лічыцца 15—20 сут, аднак мінералізацыя нястойкіх арган. рэчываў заканчваецца прыблізна за 10 сут (расход кіслароду складае каля 90%), на 20-я сут працэс стабілізуецца (дасягае 99%), але не спыняецца. БСК5 прыродных водаў звычайна 0,5—2 мг/л, у залежнасці ад ступені забруджанасці вадаёмаў 0,5—7 мг/л. Нізкі паказчык БСК можа сведчыць таксама пра наяўнасць у вадзе рэчываў, якія запавольваюць або спыняюць біяхім. працэсы ў ёй.
А.П.Астапеня.
т. 3, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)