КАРАТЫ́ГІН (Васіль Андрэевіч) (10.3.1802, С.-Пецярбург — 25.3.1853),

рускі акцёр-трагік; прадстаўнік класіцызму. З 1820 у пецярбургскіх Вял. т-ры, з 1832 вядучы трагік Александрынскага т-ра. Выканаў ролі Дзмітрыя Данскога («Дзмітрый Данской» У.​Озерава), Сіда («Сід» П.​Карнеля), Іпаліта («Федра» Ж.​Расіна) і інш. Творчасці характэрны прыўзнятая героіка, манум. параднасць, эфектнасць, грацыёзнасць і прыгажосць рухаў, напеўная дэкламацыя. Пад уплывам класіцыстычнай эстэтыкі імкнуўся да вылучэння гал. рысы характару герояў (Атэла, Гамлет у аднайм. п’есах У.​Шэкспіра і інш.). Першы выканаўца роляў Чацкага («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, 1831), Дон Гуана, Барона («Каменны госць», 1847, і «Скупы рыцар», 1852, А.​Пушкіна), Арбеніна («Маскарад» М.​Лермантава, 1852). Пераклаў і перарабіў для пастаноўкі на рус. сцэне больш за 40 п’ес («Кін» А.​Дзюма-бацькі, «Кароль Лір» і «Карыялан» Шэкспіра і інш.). У 1845—46 гастраліраваў у Мінску.

Літ.:

Каратыгин П.А. Записки. Л., 1970.

В.А.Каратыгін.

т. 8, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛДРЫДЖ ((Aldridge) Айра Фрэдэрык) (каля 1805, Нью-Йорк — 7.8.1867),

амерыканскі акцёр-трагік. З негрыцянскай сям’і. Творчую дзейнасць пачаў у 1820-я г. ў аматарскім негрыцянскім т-ры ў Нью-Йорку. З 1826 у лонданскім, потым выступаў у т-рах многіх еўрап. краін, у т. л. ў 1858—59, 1861—62 у Расіі. Першы амер. акцёр, які заваяваў сусв. славу выкананнем шэкспіраўскіх роляў.

Літ.:

Дурылин С.Н. Айра Олдридж. М.; Л., 1940.

т. 11, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РНАЙ ((Barnay) Людвіг) (11.2.1842, Будапешт — 1.2.1924),

нямецкі акцёр і тэатр. дзеяч. Адзін з заснавальнікаў Нямецкага т-ра (1883) і кіраўнік Каралеўскага т-ра (1906—08; абодва ў Берліне), кіраўнік Прыдворнага т-ра ў Гановеры (1908—12). Акцёр-трагік. Асн. ролі: Гамлет, Атэла (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Вільгельм Тэль, Валенштайн («Вільгельм Тэль» і «Смерць Валенштайна» Ф.​Шылера), Кін (аднайм. п’еса А.​Дзюма-бацькі). Стварыў «Таварыства ням. супрацоўнікаў тэатра» (1871), прэзідэнтам якога быў да канца жыцця.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТУ́ЖАЎ (сапр. Пажараў) Аляксандр Аляксеевіч

(28.4.1874, Варонеж — 1.3.1953),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1937). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1895. З 1898 у Малым т-ры. Прадстаўнік героіка-рамант. школы, трагік. У 1910, страціўшы слых, распрацаваў сістэму прыёмаў, якія далі магчымасць выступаць на сцэне. У мастацтве Астужава гуманістычны пафас і тэмперамент спалучаліся са шчырасцю і ўзнёсласцю выканання. Вяршыня творчасці — вобразы Атэла і Урыэля Акосты (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра і К.​Гуцкава). Сярод інш. роляў: Рамэо («Рамэо і Джульета» Шэкспіра), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Освальд («Здані» Г.​Ібсена). Дзярж. прэмія СССР 1943.

А.А.Астужаў.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)