Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́КІШ (Освальд-Ян Лявонавіч) (н. 27.8.1938, в.Трабы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. імунолаг. Д-рбіял.н. (1973), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1984). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1962). З 1974 у Віцебскім мед. ін-це (з 1991 прарэктар). Навук. працы па даследаванні ролі алергічных рэакцый у патагенезе гельмінтозаў і ўплыў на іх спецыфічнай і патагенетычнай тэрапіі. Медаль Ц.І.Скрабіна УАСГНІЛ 1984.
Тв.:
Медицинская паразитология. Л, 1989;
Тропическая паразитология. Витебск, 1995 (разам з Л.А.Храмцовай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЧЭ́НІ, падсені,
адкрытая галерэя ў драўляных збудаваннях. Вырашалася як стрэшка (з вынасам 1,5—2 м) на слупах (круглага ці квадратнага сячэння), якія маглі мацавацца ўкосінамі з гарыз. бэлькамі. П. размяшчаліся з аднаго тарцовага ці падоўжнага боку будынка на даўжыню фасада, часам апяразвалі ўвесь будынак (кружганкі). На Беларусі рабіліся ў культавых і грамадскіх збудаваннях (гандл. рады, корчмы, аўстэрыі, паштовыя станцыі 17—19 ст.), у крамах і дамах гандл.-рамесніцкага насельніцтва для выстаўкі тавараў і аховы іх ад непагадзі (г.п. Мір Карэліцкага, в.Трабы Іўеўскага р-наў Гродзенскай вобл., г. Лунінец Брэсцкай вобл. і інш.) і ў сельскіх жылых і гасп. пабудовах (да канца 19 ст.).
С.А.Сергачоў.
Падчэні дома ў г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЭ́ЙСКІЯ,
малодшая лінія маскоўскіх вялікіх князёў. Паходзяць ад Дзмітрыя Данскога, прозвішча ад г. Вярэя, які ім належаў. Найб. вядомыя:
Міхаіл Андрэевіч (?—1486), у час вайны за трон Маскоўскага вял. княства паміж звянігарадскім князем Юрыем Дзмітрыевічам і Васілём II падтрымліваў спачатку першага, пасля другога. Разам з Васілём II хадзіў супраць хана Улуг-Мухамеда, у 1471 з Васілём III — на Ноўгарад. Пасля смерці Міхаіла Андрэевіча Вярэйскае княства далучана да Маскоўскай дзяржавы. Васіль Міхайлавіч Удалы (? — каля 1501), удзельнічаў у паходах маскоўскіх войск на Казань (1468, 1469), Ноўгарад (1471), супраць хана Ахмата (1472, 1480). У 1484 з-за пагрозы арышту ўцёк у ВКЛ, дзе атрымаў ва ўладанне Любеч, Койданаў, Усу, Старынкі, Іслач, Валожын, Радашковічы. Соф’я Васілеўна (пасля 1480 — 1549), дачка Васіля Міхайлавіча, выйшла замуж за А.Гаштольда (да 1506). У 1563 атрымала ад мужа Трабы, Гальшаны і інш., пасля яе смерці ўсе маёнткі адышлі да вял. князя ВКЛ як вымарачныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЗЮ́ЛЯ (Андрэй) (сапр. Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч; 7.12.1878, в. Навасяды Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.1.1921),
бел.паэт. Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу (1910). Там стварыў бел. секцыю. Адзін з арганізатараў з’езда бел. каталіцкага духавенства 1917 у Мінску. Служыў ксяндзом у бел. мястэчках Трабы, Ракаў, Свержань, Смілавічы, Абольцы, Сянно. Частае перамяшчэнне па службе было вынікам незадаволенасці касцельнага начальства тым, што З. вёў службу па-беларуску. Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, М.Багдановічам, А.Грыневічам, З.Верас і інш. Друкаваўся з 1909 у «Нашай ніве», пасля ў газетах «Беларус», «Крыніца», «Вольная Беларусь», «Светач» і інш. Аўтар зб. вершаў «З роднага загону» (1913, 1931, Вільня, факс. выд.Мн., 1993), паэмы «Аленчына вяселле» (выд. 1923). У творах З. дыдактычна-маралізатарскія тэндэнцыі ў хрысц. духу. Асобнай брашурай ў Петраградзе выйшаў патрыятычны верш «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (1917). Аўтар рэліг. гімна «Божа, што калісь народы...» (1918). Збіраў фальклор, з Грыневічам выдаў зб. «Беларускія песні з нотамі» (т. 2, 1912). Рукапісы З. зберагаюцца ў Б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, у б-цы Нац.АН Беларусі ў Мінску.
Літ.:
Станкевіч А. Беларускі хрысціянскі рух. Вільня, 1939;
Саламевіч Я. Паэт-святар Андрэй Зязюля // Бел. мова і літ. ў школе. 1991. № 7—8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЎЕЎСКІ РАЁН,
на У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1960). Пл. 1,9 тыс.км2. Нас. 37,8 тыс.чал. (1997), гарадскога 27,8%. Сярэдняя шчыльнасць 20 чал. на 1 км2.
Цэнтр раёна — г.п.Іўе, г.п.Юрацішкі, 372 сельскія населеныя пункты. Надзяляецца на Юрацішкаўскі пассавет, 10 сельсаветаў: Бакштаўскі, Геранёнскі, Іўеўскі, Лаздунскі, Лелюкінскі, Ліпнішкаўскі, Морынскі, Суботніцкі, Трабскі, Эйгердаўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Раён размяшчаецца ў межах Лідскай раўніны на Пн і Нёманскай нізіны на Пд. Паверхня раўнінная, 50% тэрыторыі на выш. 150—200 м. каля 50% — ніжэй 150 м. Найвыш. пункт 243,4 м (за 6 км на ПдЗ ад в.Трабы). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, мел;.буд. пяскі, гліны, торф. Сярэдняя т-растудз. -6,2 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 610 мм за год. Вегетац. перыяд 191 сут. Найб р Нёман з прытокамі Бярэзінай (з Іслаччу, Волкай, Чапунькай) і Гаўяй (з Клявай, Жыжмай і Апітай). На ПнУ ад г.п. Іўе Лаздунскае вадасховішча. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (40%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29,4%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,3%), тарфяна-балотныя (11,6%). Пад лесам 44.7% тэрыторыі, з іх 22,3% — штучныя насаджэнні. Найб. лясістасць на ПдУ і ПнЗ, на У частка лясоў (20 тыс.га) Налібоцкай пушчы. Пераважаюць хваёвыя лясы. Балоты займаюць 4,7% тэрыторыі Найб. балотныя масівы: Сіма, Жыжма, Краснае балота. Нац. парк Налібоцкі. заказнікі мясц. значэння: біялагічны — Урочышча Краснае і ландшафтны — Раздоры.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 79,2 тыс.га, з іх асушаных 25,7 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 20 калгасаў, адкормачны пункт. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёла-, свіна- і конегадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, лён, цукр. буракі, алейныя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (садавіна-агароднінныя кансервы, хлеб, каўбасы, макарону, спірт, агародніна-сушыльныя вырабы і інш.), дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Ліда—Маладзечна, аўтадарога Гродна—Мінск. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з г. Ашмяны і Навагрудак. У раёне 16 сярэдніх, 16 базавых, 5 пач. школ, школа-інтэрнат, муз. школа, прафес.-тэхн. вучылішча, 17 дашкольных устаноў, 13 дамоў культуры, 38 клубаў, 5 клубаў-бібліятэк, 44 б-кі, 9 бальніц, амбулаторыя, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Мікалаеўскі касцёл (1519, рэканструяваны ў 1883) і руіны замка (15—16 ст.) у в. Геранёны, касцёл Марыі (1772) у в. Дуды, сядзіба (1870-я г.) у в. Жамыслаўль, Сямёнаўскі касцёл (1904) у в. Лаздуны, Казіміраўскі касцёл (пач. 20 ст.) і капліца (19 — пач. 20 ст.) у в. Ліпнішкі, Мікалеўская царква (пач. 20 ст) у в. Морына, касцёл (1907) у в. Суботнікі, Троіцкі касцёл (18 ст.) у в. Сурвілішкі, касцёл Раства Багародзіцы (пач. 20 ст.) і Петрапаўлаўская царква (19 — пач. 20 ст.) у в.Трабы. Выдаецца газ. «Іўеўскі край».