Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ЎЛЯ—ТО́МСАНА ЭФЕ́КТ,
змена т-ры газу пры стацыянарным адыябатным працяканні яго праз сітаватую перагародку (гл.Драселяванне). Выяўлены і даследаваны Дж.П.Джоўлем і У.Томсанам у 1852—62. Паводле малекулярна-кінетычнай тэорыі будовы рэчыва Дж.—Т.э. сведчыць пра наяўнасць сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў газе; вымярэнні дазваляюць устанавіць ураўненне стану рэальнага газу. Велічыня і знак Дж.—Т.э. вызначаюцца суадносінамі паміж работай газу і работай знешніх сіл, а таксама ўласцівасцямі самога газу, У прыватнасці памерамі малекул і іх узаемадзеяннем, напр., пры драселяванні ад 20 да 0,1 МПа і пач. т-ры 290 К паветра ахалоджваецца на 35 К. Дж. — Т.э. пакладзены ў аснову многіх тэхн. спосабаў звадкавання газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Дросельны эфект, гл. Джоўля—Томсана эфект
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ЎЛЯ ЗАКО́Н,
закон тэрмадынамікі, паводле якога ўнутр. энергія ідэальнага газу вызначаецца яго тэмпературай і не залежыць ад аб’ёму. Устаноўлены эксперыментальна Дж.П.Джоўлем у 1845. Вынікае з малекулярна-кінетычнай тэорыі ідэальнага газу. Адхіленні Дж.з. для рэальных газаў вызначаюцца энергіяй міжмалекулярнага ўзаемадзеяння (гл.Джоўля—Томсана эфект).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Драселяванне 11/17, гл. Джоўля—Томсана эфект
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАСЕЛЯВА́ННЕ (ад ням. drosseln душыць; скарачаць),
працяканне вадкасці, пары або газу праз мясц. гідрадынамічнае супраціўленне патоку (звужэнне трубаправода, вентыль, кран і інш.). Суправаджаецца змяншэннем ціску, калі паток не выконвае знешняй работы і адсутнічае цеплаабмен з навакольным асяроддзем. Пры Д. рэальных газаў адначасова змяняецца т-ра (гл.Джоўля—Томсана эфект). Выкарыстоўваецца для ахалоджвання і звадкавання газаў, вымярэння і рэгулявання расходу вадкасці і газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НДЭ ((Linde) Карл Паўль Готфрыд фон) (11.6.1842, г. Турнаў, Германія — 16.11.1934),
нямецкі фізік і інжынер, адзін з заснавальнікаў вытв-сці халадзільнай тэхнікі. Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це. У 1868—78 і 1892—1910 праф. Вышэйшага тэхн. вучылішча ў Мюнхене. На падставе выкарыстання Джоўля—Томсана эфекту сканструяваў і пабудаваў першую прамысл. ўстаноўку для атрымання вадкага паветра (1895) і рэктыфікацыйны апарат для раздзялення паветра на кампаненты (1902).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОЎЛЬ ((Joule) Джэймс Прэскат) (24.12.1818, г. Солфард, Вялікабрытанія — 11.10.1889),
англійскі фізік, адзін з першаадкрывальнікаў закону захавання энергіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1850). Навук. працы па эл.-магнетызме, цеплавых з’явах і кінетычнай тэорыі газаў. Адкрыў з’яву магн. насычэння (1840); устанавіў залежнасць колькасці цеплыні, што выдзяляецца ў правадніку пры працяканні праз яго эл. току, ад сілы току і супраціўлення правадніка (1841; гл.Джоўля—Ленца закон). Вызначыў мех. эквівалент цеплыні і даў тым самым эксперыментальны доказ захавання энергіі (1843). Разам з У.Томсанам адкрыў з’яву змянення т-ры газаў пры іх працяканні праз сітаватую перагародку (1853—54; гл.Джоўля—Томсана эфект). Яго імем названа адзінка энергіі і работы — джоўль.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.