ДРАСЕЛЯВА́ННЕ (ад ням. drosseln душыць; скарачаць),
працяканне вадкасці, пары або газу праз мясц. гідрадынамічнае супраціўленне патоку (звужэнне трубаправода, вентыль, кран і інш.). Суправаджаецца змяншэннем ціску, калі паток не выконвае знешняй работы і адсутнічае цеплаабмен з навакольным асяроддзем. Пры Д. рэальных газаў адначасова змяняецца т-ра (гл. Джоўля—Томсана эфект). Выкарыстоўваецца для ахалоджвання і звадкавання газаў, вымярэння і рэгулявання расходу вадкасці і газаў.
т. 6, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)