Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКСАТРО́ФЫ [ад грэч. mixis змяшэнне + ...троф(ы)],
арганізмы са змяшаным харчаваннем, якое бывае аўтатрофнае — неарган. рэчывамі (хемасінтэз, фотасінтэз) і гетэратрофнае — арган. рэчывамі. М. — хларафіланосныя жгуцікавыя — аўтатрофныя арганізмы (гл.Аўтатрофы), якія ў забруджаных вадаёмах жывяцца арган. рэчывамі, што стымулюе іх рост і размнажэнне (некат. з іх могуць развівацца ў цемры, без фотасінтэзу). Некат. вышэйшыя зялёныя расліны (фотааўтатрофы) жывяцца таксама арган. рэчывамі (напр., расліны-паўпаразіты — званец, цяцюшнік і інш.). М. можна лічыць насякомаедныя расліны (расіца, тлушчанка і інш.), а таксама зялёныя мікатрофныя расліны (гл.Мікатрофы), якія засвойваюць у клетках гіфы грыбоў (напр., архідныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́НДСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.
На Кольскім п-ве ў бас.воз. Імандра, у Мурманскай вобл., Расія. Засн. ў 1930 з мэтай аховы дзікага паўн. аленя, асяроддзя яго месцаў пражывання. Пл. больш за 278 тыс.га. Рэльеф гарысты. Схілы, цясніны, абрывы, азёрныя катлавіны, рэкі і горныя ручаі. Рэдкастволыя хваёвыя і яловыя лясы з прымессю бярозы. Горныя тундры. Месцамі забалочаныя ўчасткі. У флоры 530 відаў сасудзістых раслін, 184 імхоў, 106 лішайнікаў. Пераважаюць вечназялёныя расліны. Шмат ягаднага кустоўя, насякомаедных раслін (расянка, тлушчанка, плывунец). У фауне 30 відаў млекакормячых, у т. л.паўн. алень, лось, буры мядзведзь, ліс, куніца, вавёрка, заяц; 180 — птушак, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, белая і тундравая курапаткі, ястраб, сава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1994 з мэтай аховы ў натуральным стане ландшафтнага комплексу з участкамі клімаксавых і субклімаксавых дубовых і яловых лясоў, рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1697 га. Пераважаюць мнагаярусныя ялова-грабавыя дубровы з ясенем, ільмам, вязам, клёнам, арляковыя дубровы; складаныя шыракаліста-яловыя фітацэнозы; зеленамошныя хвойнікі з елкаю і дубам. У флоры 485 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 12 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, у т. л. баранец звычайны, чына горная, тлушчанка звычайная, каменяломнік зярністы і інш. Шмат харч., лек., дэкар., тэхн., меданосных раслін, у т. л. парэчкі, маліны, хмель, ажыны, цыбуля агародная і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЯКОМАЕ́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
аўтатрофныя расліны, здольныя ўлоўліваць насякомых і часткова іх засвойваць з дапамогай пратэалітычных ферментаў, арган.к-т і т.ч. папаўняць недахоп пажыўных рэчываў у субстраце. 6 сям., каля 500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 10 відаў з родаў; альдраванда, плывунец, расянка, тлушчанка. Трапляюцца ў вадаёмах, на забалочаных лугах, балотах, пераважна ў месцах з недахопам азоту, фосфару, калію. У Н.р. сфарміраваліся розныя складаныя прыстасаванні для прываблівання насякомых. Напр.. у плывунца — мешкападобныя органы ўтвораны сегментамі падводнага лісця; у трапічнага віду непентэса верхняя ч. лісцевага чаранка мае выгляд збана, лісце альдраванды ўкрыта ліпкімі залозістымі валаскамі, венерынай мухалоўцы ўласціва актыўнае зачыненне лісця-пастак. За дзень адна расліна расянкі здольна засвойваць некалькі дзесяткаў насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААФА́ГІ [ад заа... + ...фаг(і)],
жывёлы і расліны, кормам для якіх з’яўляюцца інш. жывёлы. Да З. належаць таксама жывёлы, што кормяцца прадстаўнікамі свайго віду (гл.Канібалізм), і паразіты жывёл. Спосаб жыцця З. залежыць ад віду ежы, спосабаў яе здабычы, морфафізіял. і эталагічнай адаптацыі. У актыўных драпежнікаў ёсць органы захопу, умярцвення здабычы, вельмі развіты органы руху і пачуццяў. Стрававальны тракт З. звычайна адносна карацейшы, чым у фітафагаў (арганізмы, якія кормяцца раслінамі). Іх наз.драпежнікамі, хоць у некат. выпадках гэты тэрмін не зусім падыходзіць (напр., лешч з’яўляецца З., аднак драпежнікам яго не называюць). З раслін да З. належаць насякомаедныя расліны (напр., расянка круглалістая, тлушчанка звычайная), з жывёл — ваўкі, лісы, ястрабы, краты і інш.Гл. таксама Некрафагі, Капрафагія, Эўрыфагія, Драпежнікі, Драпежныя звяры, Сокалападобныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛОЗНІЦАКВЕ́ТНЫЯ (Scrophulariales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. 12 сям., больш за 1 тыс. родаў і 12 тыс. відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераных, субтрапічных і трапічных абласцях. На Беларусі 5 сям.: залознікавыя, заразіхавыя, паслёнавыя, плывунцовыя, трыпутнікавыя, 32 роды. Сярод іх больш за 100 дзікарослых і 30 інтрадукаваных відаў, у т. л. важныя харч. (бульба, памідоры), тэхн. (тытунь, махорка), лек. (аўран, залозніца, красаўка, трыпутнік), дэкар. (будлея, ільвіны зеў, петунія), меданосныя расліны; ёсць насякомаедныя (тлушчанка), ядавітыя і пустазелле.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, радзей кусты і дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, іншы раз кальчаковае, без прылісткаў. Кветкі двух-, радзей аднаполыя, пераважна няправільныя, 5-членныя, са зрослапялёсткавым вяночкам. Тычынак 5—4 (іншы раз 2). Гінецэй звычайна з 2 (радзей 5) зрослых пладалісцікаў. Завязь двух- ці аднагнездавая, з многімі семязародкамі. Плод — каробачка, іншы раз ягада. Насенне з эндаспермам. Г.У.Вынаеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац.Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).