Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ АЎСТРАЛІ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў (Great Australian Bight),
заліў у Індыйскім ак., каля паўд. берагоў Аўстраліі і в-ва Тасманія. Пл. 1335 тыс.км². Глыб. да 5670 м. Ва ўсх.ч. — залівы Спенсер і Сент-Вінсент. Значны в-аў Кенгуру. Прылівы мяшаныя і сутачныя (да 3,6 м). Буйны порт — Адэлаіда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СА ПРАЛІ́Ў (Bass Strait),
праліў паміж Аўстраліяй і в-вам Тасманія. Злучае Тасманава м. з Індыйскім ак.Даўж. каля 317 км, шыр. да 224 км. Найменшая глыб. на фарватэры 49 км. У зах.ч. — в-аў Кінг, на У — а-вы Фюрно. Порт Мельбурн. Названы імем англ. даследчыка Дж.Баса, які адкрыў праліў у 1798.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІРАХВО́СТЫ, птушкі-ліры (Menuridae),
сямейства вераб’інападобных. 1 род, 2 віды. Пашыраны ў лясах Паўд.-Усх. Аўстраліі, завезены на в-аўТасманія (1934).
Даўж. цела да 90, хваста да 70 см. Афарбоўка цёмна-бурая зверху, шэрая знізу, з рыжаватым горлам. У самцоў у хвасце 16 пёраў, 2 з іх своеасабліва сагнуты і нагадваюць ліру (адсюль назва). Крылы акругленыя. Ногі доўгія, моцныя. Палігамы. Гнёзды на зямлі ў бураломе, радзей на дрэвах. Нясуць 1 яйцо. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі, насеннем. Самцы спяваюць, здольныя імітаваць розныя гукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ТЧЭЛ ((Mitchel) Джон) (3.11.1815, г. Дангівен, Вялікабрытанія — 20.3.1875),
дзеяч ірл.нац.-вызв. руху. Журналіст. У 1840-я г. ўваходзіў у Асацыяцыю рыпілераў, адзін з кіраўнікоў радыкальнага крыла «Маладой Ірландыі» і Ірландскай канфедэрацыі. Заклікаў да ўзбраення ірл. народа, падрыхтоўкі паўстання для звяржэння ўлады лендлордаў. У маі 1848 арыштаваны і сасланы англ. ўладамі на в-аўТасманія. У 1853 уцёк у ЗША, падтрымліваў ірл.нац.-вызв. рух. Аўтар прац «Гісторыя Ірландыі ад Лімерыкскага дагавора да цяперашняга часу» (т. 1—2, 1868), «Апошняе заваяванне Ірландыі» (1876).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАМБА́Т (Vombatus),
род млекакормячых атр. сумчатых. 1 від — вамбат звычайны, або караткашэрсны (V. ursinus). Жыве калоніямі ў паўд.-ўсх. Аўстраліі, на а-вах Тасманія і Фліндэрс у Басавым прал. ў лясах, саваннах.
Даўж. цела 67—105 см, маса да 40 кг. Галава вялікая, круглаватая. Нос чорны, безвалосы, вушы кароткія, круглыя. Тулава валікападобнае, нізкае, з кароткай шыяй. Валасяное покрыва густое, нізкае, грубое жоўта-шэрае або пясчанае да чарнаватага. Канечнасці з вял. кіпцюрамі. Зубы растуць увесь час, разцы вялікія. Рые норы даўж. да 30 м. Нараджае 1 дзіцяня. Раслінаедны. Колькасць скарачаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧКАНО́С (Ornithorhynchus anatinus),
млекакормячае сям. качканосавых атр. аднапраходных. Пашыраны ва Усх. Аўстраліі і на в-ве Тасманія. Жыве па берагах вадаёмаў, на раўнінах і ў гарах да выш. 2 тыс.м. Вядзе паўводны лад жыцця. Ахоўваецца.
Даўж. цела да 45 см, хваста да 15 см. Верх цела чорна-буры, ніз шараваты. Футра густое, мяккае. Галава з плоскай «дзюбай» даўж. каля 6,5 см, з адчувальнай скурай. Зубы ў маладых жывёл; у дарослых — рагавыя пласцінкі. Хвост шырокі, пляскаты. Канечнасці пяціпальцыя, з плавальнай перапонкай. На задніх нагах у самцоў ядавітыя шпоры. Вочы і вушныя адтуліны пры ныранні закрываюцца складкай скуры. Корміцца дробнымі воднымі жывёламі. Самка раз у год адкладвае ў нары 1—2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВЯНА́Я ТЛЯ (Eriosoma lanigerum),
насякомае падатр. (сям.) тлей. Пашырана ў Амерыцы, Паўд. Афрыцы, на а-вах Н. Зеландыя і Тасманія. Завезена ў Еўропу. Трапляецца ў Закаўказзі, Крыме, Малдавіі. Шкоднік яблыні.
Даўж. да 3 мм. Цела бурае, укрыта белым пушком з васковых нітак. Лапкі двухчленістыя, з кіпцюркамі. Калі тлю расціснуць, застаецца чырв. пляма (адсюль назва). Корміцца сокамі дрэва, у месцах смактання на ствалах і каранях утвараюцца жаўлакі, нарасты, шчыліны. Калоніі К.т. (накшталт снежных камякоў ці камякоў ваты) на парастках, ствалах і каранях дрэва; небяспечная для сеянцаў. Размнажаецца ў Еўропе без апладнення (партэнагенез), за лета дае да 19 пакаленняў. Зімуе на ствалах і каранях яблыні.