ТАСМА́НІЯ (Tasmania),

штат Аўстраліі. Займае в-аў Тасманію і прылеглыя а-вы. Пл. 68,3 тыс. км². Нас. 473,5 тыс. чал. (1997), пераважна англа-аўстралійцы, невял. колькасць выхадцаў з Вялікабрытаніі і інш. еўрап. краін. Абарыгены-тасманійцы не захаваліся, ёсць невял. група метысаў. Адм. і прамысл. ц., галоўны порт — г. Хобарт. Гал. галіна гаспадаркі — прамысловасць. Здабыча медных, жал., цынкавых, свінцовых, алавяных руд, золата, серабра, каменнага вугалю. На базе багатых гідрарэсурсаў развіты энергаёмістыя галіны (атрыманне электралітнай медзі, цынку, свінцу, кадмію, кобальту, аксіду тытану, алюмінію, ферамарганцу). Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай, тэкст., харч., цэм., дрэваапр. прам-сці. Лесанарыхтоўкі. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (каля 4 млн. авечак, 1 млн. галоў буйн. раг. жывёлы). У земляробстве пераважае вырошчванне кармавых культур, агародніны. Садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 15, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)