«ПЕТРО́БРАЗ»
(Petróbraz),
дзяржаўная нафтагазавая і нафтахім. кампанія Бразіліі. Праводзіць геолага-разведачныя работы, здабычу, перапрацоўку і збыт нафты і газу ўнутры краіны, а таксама знешнегандлёвыя аперацыі з гэтымі таварамі. Засн. ў 1954. Мае 87 даччыных і асацыіраваных кампаній, 11 нафтаперапр. з-даў, сетку нафтаправодаў, нафтасховішчы і танкерны флот. Вядзе пошукі на нафту ў Лівіі, Конга, Індыі, Іране, Анголе і інш. Аб’ём продажу 14,8 млрд. дол. ЗША, чысты прыбытак 765 млн. дол., занята 67 тыс. чал. (канец 1980-х г.).
т. 12, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ЯЛ ДАТЧ-ШЭЛ ГРУП»
(Royal Dutch-Shell Group),
англа-нідэрландская нафтавая кампанія, адна з найбуйнейшых транснацыянальных нафтавых карпарацый, уваходзіць у Міжнар. нафтавы картэль. Засн. ў 1907 у выніку аб’яднання нідэрл. кампаніі «Роял датч петролеум компані» (1890) і англ. кампаніі «Шэл транспарт энд трэйдынг компані» (1897). Займаецца разведкай і здабычай нафты, газу, вугалю, руд каляровых металаў, перапрацоўкай нафты, вытв-сцю нафта-хім. і хім. прадуктаў. Мае ўласны танкерны флот, 69 нафтаперапрац. з-даў, буйныя нафтахім. камбінаты, 27 н.-д. цэнтраў. Аб’ядноўвае больш за 900 даччыных фірм у 100 краінах свету.
т. 13, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)