тамарыкс

т. 15, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАФІ́ТЫ [ад гала... + ...фіт(ы)],

расліны, якія растуць на моцна засоленых глебах: па берагах мораў, на саланцах, саланчаках і інш. Марфалагічна часта падобныя да сукулентаў, але адрозніваюцца ад іх высокім асматычным ціскам (да 100 і больш атмасфер). Падзяляюцца на 3 групы. Эўгалафіты, або сапраўдныя галафіты (т.зв. салянкі), маюць пераважна мясістае лісце і сцёблы; цытаплазма ў іх клетках вельмі ўстойлівая да высокіх канцэнтрацый солей, якія назапашваюцца ў іх у вял. колькасці (салярос, сведа і шэраг пустынных паўкустоў). Крынагалафіты выдзяляюць назапашаныя ў іх солі пры дапамозе асаблівых залозак, якія ўкрываюць лісце і сцёблы. У сухое надвор’е на іх утвараецца налёт солей (напр., кермек, тамарыкс). Углікагалафітаў каранёвая сістэма мала пранікальная для солей, таму ў тканках яны не назапашваюцца ў вял. колькасці (некаторыя віды палыну і інш.). Сярод культ. раслін сапраўдныя галафіты адсутнічаюць. Гл. таксама Солевынослівасць раслін.

Л.​В.​Кірыпенка.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБЕ́НШЧЫК,

тамарыкс, тамарыск (Tamarix), род кветкавых раслін сям. грабеншчыкавых. Каля 90 відаў. Пашыраны ў пустынях, паўпустынях і стэпах Паўд. Еўропы, Азіі і Паўн.-Усх. Афрыкі. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукаваны 4 віды: грабеншчык галінасты (T. ramosissima, расце і ў Лошыцкім парку), Гагенакера (T. hohenackeri), Меера (T. meyeri), квітучы (T. florida). У бат. садах і парках на Беларусі трапляюцца таксама грабеншчык выцягнуты (T. elongata) і рыхлы (T. laxa). Цвітуць у чэрв., ліп., магчыма другаснае цвіценне ў вер., кастрычніку.

Шматгадовазялёныя або скідваюць на зіму парасткі, кусты ці дрэвы выш. да 10 м са шматлікімі тонкімі доўгімі галінкамі і глыбокай, моцна разгалінаванай каранёвай сістэмай. Лісце сядзячае, шараватае або крыху блакітнае. Кветкі дробныя, ружовыя, пурпуровыя, фіялетавыя, радзей белыя, сабраныя ў доўгія гронкі. Плод — трохстворкавая каробачка. Насенне дробнае, хутка траціць усходжасць. Размнажаецца чаранкамі і каранёвымі атожылкамі. Абмярзаюць, аднак добра аднаўляюцца. Дэкар. і кармавыя расліны. Добрыя меданосы. Кара і асабліва галы на лісці багатыя дубільнымі рэчывамі (да 47—50%). Драўніну выкарыстоўваюць для такарных работ.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)