ВЫМАГА́ННЕ ў крымінальным праве,
наўмыснае злачынства, якое заключаецца ў патрабаванні перадачы маёмасці або права на яе ці выкананне якіх-небудзь дзеянняў маёмаснага характару пад пагрозай насілля над пацярпелым ці яго блізкімі, распаўсюджвання паклёпніцкіх або абвяшчэння пра яго ці яго блізкіх інш. звестак, якія гэтыя асобы жадаюць захаваць у тайне, або пашкоджання ці знішчэння іх асабістай маёмасці або чужой маёмасці, якая знаходзіцца ў іх распараджэнні ці пад аховай. У Рэспубліцы Беларусь за вымаганне прадугледжана крымін. адказнасць. Яна значна ўзмацняецца за паўторнае вымаганне, за ўчыненне вымагання групай, рэцыдывістам, з выкарыстаннем небяспечнага для жыцця і здароўя насілля або насілля, якое прывяло да буйных страт ці інш. цяжкіх вынікаў. Гл. таксама Рэкет.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 4, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЙ ДАКУМЕНТА́ЦЫІ з філіялам у г. Самара. Створаны ў 1995 у Маскве на базе рэарганізацыі Рас. дзярж. навук.-тэхн. архіва
(РДНТА) у г. Самара (засн. ў 1967 у Маскве як Цэнтр. дзярж. архіў навук.-тэхн. дакументацыі на базе аддзела навук.-тэхн. дакументацыі Цэнтр. дзярж. архіва нар. гаспадаркі СССР, у 1976 пераведзены ў Самару, з 1992 РДНТА),
яго філіяла ў Маскве і Рас. н.-д. цэнтра касм. дакументацыі. 1062 фонды, 2 347 211 адзінак захоўвання з 1855 да нашага часу. Зберагае н.-д., канструктарскую, праектную і патэнтную дакументацыю ўстаноў Рас. імперыі, арг-цый саюзнага і федэральнага падпарадкавання Рас. Федэрацыі. Сярод фондаў матэрыялы па гісторыі рас. ракетна-касм. тэхнікі і касманаўтыкі, комплексы дакументаў мін-ваў СССР: агульнага машынабудавання, авіяц. прам-сці, сувязі, аховы здароўя і мед. прам-сці, энергетыкі, паліўнай прам-сці, прыладабудавання, сувязі, буд-ва і транспарту; АН СССР, Дзяржкіно, Дзяржтэлерадыё і інш.; асабістыя фонды вучоных і вынаходнікаў, першых касманаўтаў. Матэрыялы ў Самарскім філіяле (больш за 800 фондаў) па гісторыі электраэнергетыкі, машынабудавання, металаапрацоўкі, паліўнай, металургічнай, хім. і нафтахім., лясной і дрэваапрацоўчай, лёгкай, харч. прам-сці, транспарту. У асобнае архівасховішча вылучаны дакументы прадпрыемстваў Дзяржкамабаронпрама. Захоўваецца дакументацыя пра ўдзел у міжнар. і нац. выстаўках, кірмашах, матэрыялы навук. і тэхн. з’ездаў, кангрэсаў, нарад, канферэнцый, вядучых н.-д. і праектных устаноў. Зберагаецца праектная дакументацыя нар.-гасп. аб’ектаў Беларусі, Бел. тэатра імя Я.Коласа, запаведна-паляўнічай гаспадаркі «Белавежская пушча» і інш. Частка фондаў архіва засакрэчана ў адпаведнасці з Законам Рас. Федэрацыі «Аб дзяржаўнай тайне».
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 180—186.
т. 13, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)