Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́МЖА, ласось-таймень (Salmo trutta),
рыба сям. ласасёвых. Некалькі падвідаў, у т.л. аральскі, каспійскі, чарнаморскі ласосі. Тыповая К. — прахадная форма, пашырана ў прыбярэжных раёнах мораў Еўропы. Ёсць прэснаводная жылая форма — азёрная і рачная фарэль, або стронга. На Беларусі К. трапляецца рэдка (бас.р. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман).
Даўж. да 1 м, маса да 13 кг (каспійскі ласось да 51 кг). На целе і спінным плаўніку дробныя чорныя плямкі, у час нерасту ў самцоў ружаватыя акруглыя плямы Корміцца рыбай, буйнымі ракападобнымі. Нерастуе ўвосень у рэках, моладзь жыве ў прэснай вадзе 1—7 гадоў, потым мігрыруе ў мора. Аб’ект промыслу і развядзення.
Кумжа: 1 — прахадная, 2 — самец у нераставым стане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЮ́Й,
рака на ЗУсх. Сібіры, левы прыток Лены, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 2650 км, пл.бас. 454 тыс.км². Цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. У вярхоўях перасякае балоціста-азёрную раўніну, ніжэй цячэ ў вобласці развіцця трапаў, мае даліну горнага характару з каньёнападобнымі (да 160 м) звужэннямі. Ніжэй с. Сунтар даліна расшыраецца. Ад г. Вілюйска да вусця цячэ ў межах Цэнтральнаякуцкай раўніны, мае нізкія берагі, рэчышча разбіваецца на шматлікія пратокі. Асн. прытокі: Чона, Улахан-Батуобуя, Ачугуй-Батуобуя (справа), Марха, Цюнг (злева). Жыўленне снегавое і дажджавое. Ледастаў з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля пас. Хатырык-Хом 1190 м³/с. Каля пас. Чарнышэўскі ГЭС і вадасховішча. Суднаходная на 1317 км ад вусця, пры попусках з вадасховішча да Чарнышэўскага. Рыбалоўства (асётр, таймень, лянок, нельма і інш.). У бас. Вілюя радовішчы алмазаў (Мірны і інш.), вугалю, газу і інш.Гал. прыстані: Сунтар, Нюрба, Вілюйск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НА,
рака ва Усх. Сібіры, у Іркуцкай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 4400 км, пл.бас. 2490 тыс. км². Пачынаецца на зах. схіле Байкальскага хр., за 21 км ад воз. Байкал, упадае ў м. Лапцевых. У верхнім цячэнні (да вусця р. Віцім) праразае Лена-Ангарскае плато, цячэ ў вузкай даліне (шыр. 1—10 км) са стромкімі схіламі, шмат парогаў і вадаспадаў. Пасля ўпадзення р. Кірэнга становіцца паўнаводнай суднаходнай ракой. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі Віціма і Алдана) даліна пашыраецца да 20—30 км, у рэчышчы шмат астравоў. Ніжэй прытока Алёкма 600 км цячэ ў вузкай (3—4 км) даліне, складзенай з вапнякоў, абрывы з якіх часам утвараюць мудрагелістыя формы (Ленскія слупы). За 100 км вышэй г. Якуцк шыр. даліны 25—30 км ніжэй выходзіць на Цэнтральнаякуцкую раўніну. У вусці ўтварае дэльту (пл. каля 30 тыс.км2), падзяляецца на пратокі, з якіх найб. Вялікая Трафімаўская і Быкаўская (злучае Л. з бухтай Тыксі). Гал. прытокі: Нюя, Вілюй (злева), Кірэнга, Віцім, Алёкма, Алдан (справа). Сярэдні расход вады каля с. Кюсюр 16 500 м³/с. Жыўленне пераважна снегавое і дажджавое. Характэрны высокае веснавое разводдзе, значныя дажджавыя паводкі, нізкая летняя межань. Л. штогод выносіць у мора каля 12 млн.т завіслых наносаў. Ледастаў у верхнім цячэнні з канца кастр. да сярэдзіны мая, у ніжнім — часам з канца вер. да пач.чэрв.; пры крыгаломе — заторы лёду; характэрны наледзі. Суднаходства ў разводдзе ад г.п. Качуг, рэгулярнае — ад Усць-Кута (Асятрова). Рыбалоўства пераважна ў нізоўі ракі. Прамысл. рыбы: муксун, сібірская рапушка, нельма, омуль, таймень. Гал. парты і прыстані: Булун, Жыганск, Якуцк, Алёкмінск, Ленск, Кірэнск, Асятрова, Пакроўск, Сангар. Асн. крыніцы забруджвання — прадпрыемствы золата і алмазаздабыўной прам-сці, горна-абагачальныя прадпрыемствы.
Літ.:
Мостахов С.Е. Река Лена. Якутск, 1972;
Колесов А.Н., Мостахов С.Е. По реке Лене: Путеводитель-справочник. Якутск, 1985.