Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЮ́ШЧЫЦ (Канстанцін Мікалаевіч) (н. 2.1.1947, г.п. Наваельня Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1968). У 1968—92 на ваен. службе. Друкуецца з 1965. Гал. тэма твораў — родная Беларусь, служба вайскоўцаў (зб-кі «Армейскія будні», 1977, «Таежны гарнізон», 1982, і інш.). Асобныя яго творы перакладзены на ўкр., груз. і рус. мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКЧА́НСКІ,
біялагічны заказнік на Тапілаўскім балоце ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 4,9 тыс.га (1996).
Паверхня — згладжаны градава-балоцісты комплекс. Цэнтр.ч. бязлесая. На ўскраінах растуць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, радзей асінавыя і дубовыя лясы балотнага тыпу. На ўчастках з мінер. глебамі чарнічныя, месцамі лішайнікавыя, верасовыя, бруснічныя тыпы лесу. Вызначаецца багаццем журавін, бабку трохлістага, чаротніку белага, расце таксама рэдкі барэальна-таежны від — журавіны драбнаплодныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАТЫЯ́НТА (Neottianthe),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 6 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 1 від Н. клабучковая (N. cucullata) — еўразійскі таежны рэліктавы від; занесена ў Чырв. кнігу.
Трапляецца ў хвойніках-зеленамошніках, часцей на ўзгорыстай мясцовасці.
Н. клабучковая — шматгадовая травяністая расліна выш. да 30 см з ныркападобнымі белаватымі клубнямі. Сцябло тонкае, граністае, каля асновы 2 супраціўныя лісты, вышэй — 1—3 дробныя вузкаланцэтныя лісцікі. Кветкі фіялетава-ружовыя, часам белыя, сабраныя па 6—24 у аднабокі рэдкі колас. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫ́РНІК (Cystopteris),
род папарацей сям. качадыжнікавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў горных і лясных абласцях зямнога шара. На Беларусі П. ломкі (C. fragilis), які расце на глебава-грунтавых агаленнях берагоў рэк, азёр, яроў, у дубровах, і П. судэцкі (C. sudetica) — рэліктава-таежны від, занесены ў Чырв. кнігу, трапляецца ў хвойных і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 10—35 см. Карэнішча ўкрыта рэшткамі старых лісцевых чаранкоў. Лісце двойчы-тройчыперыстае з трохвугольнай пласцінкай. Сорусы размешчаны чаргавана на ніжнім баку долек ліста. Зарастак наземны, зялёны, двухпалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТАПЯЛЁСНІК (Coeloglossum),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 2 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 барэальна-таежны рэліктавы від — П. зялёны (C. viride), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на вільготных лугах, у поймах невял. рэк.
П. зялёны — шматгадовая травяністая расліна выш. да 30 см, з падоўжаным, звычайна 2-раздзельным клубнем. Лісце яйцападобнае або лінейнае, ніжняе — на кароткіх чаранках, верхняе — сядзячае. Кветкі, накшталт шлема, жаўтавата-зялёныя, інш. раз чырванавата-карычневыя, у суквецці — рыхлы колас. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРГУЗІ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Бураціі, на паўн.-ўсх. узбярэжжы воз. Байкал і зах. схілах Баргузінскага хр. (выш. да 3000 м). Засн. ў 1916 у мэтах аховы прыроднага комплексу горнай байкальскай тайгі, захавання баргузінскага собаля. Пл. больш за 263 тыс.га (у т. л. 15 тыс.га займае трохкіламетровая паласа акваторыі воз. Байкал).
Добра выяўлены вышынныя паясы расліннасці. Пераважае цемнахвойная тайга (піхта, кедр, з дамешкамі лістоўніцы і хвоі). Усяго ў флоры запаведніка больш за 600 відаў раслін. У фауне 39 відаў млекакормячых, 243 — птушак, 4 — рэптылій і 2 — амфібій. Шматлікія баргузінскі собаль і эндэмічная байкальская нерпа; звычайныя вавёрка, буры мядзведзь, лось, таежны паўночны алень; трапляюцца выдра, каланок, расамаха, гарнастай; з птушак — каменны глушэц, рабчык, арлан-белахвост, трохпальцавы дзяцел, кедраўка, сойка, пеначкі, бурагаловая гаічка, попаўзень і інш.