ЧЭХ (Ćech) Сватаплук (21.2.1846, мяст. Остршадак каля г. Бенешаў, Чэхія — 23.2.1908),
чэшскі пісьменнік. Скончыў Пражскі ун-т (1869). У 1878—99 заснавальнік і рэдактар час. «Květy» («Кветкі»). У зб-ках вершаў «Ранішнія песні» (1887), «Новыя песні» (1888), паэмах «Песні раба» (1894), «Касцы» (1903) асуджаў тагачасны лад, нац. і сац. прыгнёт, апяваў барацьбу працоўных супраць прыгнятальнікаў. Аўтар сатыр. аповесці «Падарожжа пана Броўчака ў XV стагоддзе» (1888), у якой філістэрству і беспрынцыповасці грамадства проціпаставіў гераічнае гусіцкае мінулае. Для яго твораў характэрны рамант. тэндэнцыі і рэалізм.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. М., 1954.
Літ.:
Кишкин Л.С. Сватоплук Чех: Очерк жизни и творчества. М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў з вер. 1785 да лета 1797 у Дуброўне. У 1780 піяры былі запрошаны сюды са згоды біскупа С.Богуша-Сестранцэвіча замест бернардзінцаў, якімі тагачасны гаспадар мястэчка кн. Р.А.Пацёмкін быў незадаволены. Пацёмкін ахвяраваў піярам агарод і лугі ў Дуброўне, маёнтак Азоркава (80 двароў, 450 рэвізскіх душ), буйныя грашовыя сродкі і інш.; быў пабудаваны драўляны кляштар. У 1783 мястэчка перайшло ва ўласнасць кн. К.Любамірскага, які пацвердзіў усе ахвяраванні свайго папярэдніка. У 1785 пры кляштары адкрыты калегіум, у ім былі 4 класы, вучылася 60 чал. Летам 1797 з-за асабістага канфлікту з піярамі Любамірскі выгнаў іх з мястэчка. Калегіум аднавіў дзейнасць у 1799 у Віцебску і знаходзіўся там да лета 1822, на яго базе было ўтворана Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКІ (сапр.Чаржынскі) Уладзіслаў Вікенцьевіч
(1897, в. Старакаменная Беластоцкага ваяв., Польшча — 2.4.1974),
бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў БДУ (1925). Выкладаў у Камуніст. ун-це Беларусі (1925—30). У 1930 рэпрэсіраваны, высланы ў Казань. Рэабілітаваны ў 1988. Працаваў у Татарскім ін-це павышэння кваліфікацыі настаўнікаў (1931—36), Казанскім мед. ін-це (1933—47, 1950—71). Друкаваўся з 1922. Даследаваў тагачасныліт. працэс, творчасць М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, М.Чарота, Ц.Гартнага і інш. Працы Дз. вылучаліся глыбінёй эстэт. аналізу, жывасцю даследчыцкай думкі.
Тв.:
Максім Багдановіч як стылізатар беларускага верша // Адраджэнне. 1922. № 1;
Беларуская літаратурная сучаснасць (1920—1925) // Полымя. 1925. №1,2, 5;
Да партрэту Я.Коласа ў літаратурнай крытыцы // Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;
З.Жылуновіч як крытык // Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;
Янка Купала ў крытыцы нашаніўскіх сучаснікаў // Янка Купала ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;
Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі. Мн., 1928.
літаратурная арганізацыя, якая існавала ў 1925—32. Аформілася на 1-й Усесаюзнай канферэнцыі пралет. пісьменнікаў, уваходзіла ва Усесаюзную асацыяцыю пралет. пісьменнікаў (ВАПП), створаную ў 1924 на базе Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў (МАПП). Тэарэт. органам МАПП быў час. «На посту» (1923—25). Па яго назве кіраўнікі РАПП тагачасныліт. кірунак характарызавалі як напостаўскі. У сваёй дзейнасці напостаўцы дапусцілі шмат сур’ёзных памылак: камчванства, сектанцкія настроі, нігілістычныя адносіны да класічнай спадчыны, пагарда да пісьменнікаў, якія паходзілі з інтэлігенцыі, прэтэнзіі выступаць у л-ры ад імя партыі. Гэта было асуджана ў рэзалюцыі ЦК РКП(б) ад 18.6.1925 «Аб палітыцы партыі ў галіне мастацкай літаратуры».
У лют. 1926 у РАПП адбыўся раскол. Частка яго кіруючых дзеячаў (С.Родаў, Г.Лялевіч, І.Вардзін, А.Безыменскі) засталася на ранейшых пазіцыях, а большасць (Л.Авербах, Ю.Лібядзінскі, Дз.Фурманаў, У.Кіршон) прыняла рэзалюцыю ЦК РКП(б) як праграмны дакумент. Праз пэўны час у апошнюю групу ўліліся А.Фадзееў, У.Ярмілаў, А.Селіваноўскі і інш.Тэарэт. органам РАПП стаў час. «На литературном посту» (1926—32).
У літ. дыскусіях канца 1920-х г. з групай «Перавал», са школай В.Пераверзева і інш. рапаўская крытыка выступала супраць прыніжэння ролі светапогляду ў маст. працэсе, аднак пры гэтым наклейвала паліт. ярлыкі, з вульгарызатарскіх пазіцый ацэньвала творчасць М.Горкага, У.Маякоўскага, А.Талстога, М.Шолахава і інш.
На 1-м Усесаюзным з’ездзе пралет. пісьменнікаў (крас. — май 1928) структура ВААПП рэарганізавана. Замест Усесаюзнай асацыяцыі створана Усесаюзнае аб’яднанне асацыяцый пралет. пісьменнікаў (ВААПП), што спрыяла пэўнаму павароту РАПП да масавага літ. руху. РАПП перагледзела некат. ранейшыя ўстаноўкі, але новай канструктыўнай праграмы не выпрацавала. Па-ранейшаму кіруючыя вярхі РАПП і іх паслядоўнікі ў асацыяцыях нац. рэспублік, у т. л. ў Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, беспадстаўна прэтэндавалі на вядучае становішча ў л-ры, выхаваўчую работу падмянялі голым адміністраваннем, тактыкай літ. каманды. Яны насаджалі дагматызм, стваралі атмасферу падазронасці, недаверу, распальвалі варожасць паміж пісьменнікамі пралет. і непралет. паходжання, абвяшчалі паліт. лозунгі, якія дэзарыентавалі пісьменнікаў (лозунгі «адзям’яньвання», «арабочвання»). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦКВКП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» (23.4.1932).
Літ.:
Шешуков С. Неистовые ревнители: Из истории лит. борьбы 20-х гг.М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКЛА́Д,
1) па магчымасці поўнае і дакладнае ўзнаўленне інфармацыі, увасобленай у тэксце на адной мове, тымі самымі ці функцыянальна аналагічнымі сродкамі другой мовы.
2) Тэкст, што ўзнікае ў выніку працэсу перакладу. У адпаведнасці з тым, у якой форме ажыццяўляецца П., ён падзяляецца на 2 тыпы: пісьмовы і вусны, у т. л. паслядоўны і сінхронны. Вылучаюць наступныя віды пісьмовага П.: маст., грамадска-паліт., навук.-тэхнічны. Кожны з гэтых відаў мае свае жанравыя разнавіднасці. Напр., у маст. адрозніваюць П. паэзіі, прозы, драматургіі і дзіцячай л-ры, у грамадска-паліт. — П. газетна-інфарм. паведамленняў, публіцыстыкі і аратарскіх прамоў, у навук.-тэхн. — П. навук. твораў, афіц.-дзелавых дакументаў і тэхн. тэкстаў. У сярэдзіне 20 ст. ўзнік машынны пераклад, які выконваецца з дапамогай электронна-выліч. тэхнікі. Паводле паўнаты ўзнаўлення арыгінала П. бывае поўным, скарочаным і адаптаваным (у ім дапускаюцца ці пераказваюцца неістотныя, з пункту гледжання пэўнага чытача, моманты арыгінала). Інфармацыя пра іншамоўны тэкст можа быць атрымана перакладчыкам у выніку непасрэднага (у арыгінале) успрымання або апасродкаванага — праз іншы П. ці падрадкоўнік (паслоўная — радок у радок — перадача сэнсу вершаванага твора без захавання яго фармальных адзнак: рытму, рыфмы, гукапісу). У апошніх выпадках інфармацыя пра першакрыніцу значна абмежаваная. Найб. пашыраны і складаны — пераклад мастацкі. Найб. раннія ўзоры пісьмовага П. — вавілонскі П. шумерскага эпасу пра Гільгамеша і перакладныя тэксты дакументаў з б-кі асірыйскіх цароў у Ніневіі (2-е тыс. да н.э.). Асаблівае пашырэнне П. набыў у перыяд бурнага развіцця чалавечай цывілізацыі, у век навук.-тэхн. рэвалюцыі. Калі ў 19 ст. перакладалі з некалькіх дзесяткаў моў, то ў наш час — прыкладна з 1500 моў свету. На Беларусі, як і ў большасці краін Еўропы, развіццё ўласнага пісьменства пачалося з П. У сярэднія вякі перакладалі рэліг. кнігі (Біблія, Евангелле), свецкія і рэліг. аповесці (гл.Перакладная аповесць), творы вучэбныя і навуковыя. Найвыдатнейшы тагачасныбел. перакладчык Ф.Скарына. Вял. ўклад у развіццё П. зрабілі таксама С.Будны, В.Цяпінскі і інш. У 19 ст. разам са станаўленнем новай бел. л-ры адраджаецца маст. пераклад (В.Дунін-Марцінкевіч, А.Абуховіч, Я.Лучына і інш.), які ў 20 ст. займае пануючае становішча сярод інш. відаў бел. П. Тэорыю і практыку П. вывучае перакладазнаўства.
Літ.:
Комиссаров В.Н. Слово о переводе. М., 1973;
Бархударов Л.С. Язык и перевод. М., 1975;
Теорія і практика перекладу. Вип. 1—11. Київ, 1979—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НКСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Франкскае каралеўства (лац. Regnum Francorum),
раннефеадальная дзяржава ў Зах. Еўропе ў 5—9 ст.Засн. ў 486 у Паўн. Галіі плямёнамі салічаскіх франкаў, якія заваявалі дзяржаву б.рым. намесніка Сіягрыя. Іх кароль (з 481) і першы кароль Ф.дз. [486—511), Хлодвіг I з дынастыі Меравінгаў у 496 прыняў хрысціянства і заключыў саюз з рымскай царквой, што спрыяла ўмацаванню дзяржавы і забяспечыла падтрымку ўплывовых вярхоў гала-рым. насельніцтва ў барацьбе з суседнімі варварскімі каралямі-арыянамі (гл.Арыянства). У 507 ён заваяваў Аквітанію, яго сыны і ўнукі — амаль усе астатнія землі Галіі, Алеманію (гл.Алеманы), Цюрынгію і Баварыю. Франкскія каралі сканцэнтравалі у сваіх руках усе ўладныя функцыі, паступова замест стараж.плем. інстытутаў улады ствараліся органы дзярж. кіравання. Пры стварэнні Ф.дз. асн. масу яе насельніцтва складалі вольныя франкі і гала-рымляне, напаўсвабодныя літы, калоны, вольнаадпушчанікі і рабы; родавай знаці ў салічаскіх франкаў у часы Меравінгаў не было, аднак у хуткім часе з ліку каралеўскіх дружыннікаў і давераных слуг пачала вылучацца служылая знаць. Пасля смерці Дагаберта I [629—639] паміж яе прадстаўнікамі пачаліся міжусобныя войны. У выніку Ф.дз. падзялілася на 3 часткі: Аўстразію (у бас. рэк Маас, Мозель і на У ад р. Рэйн), Бургундыю і Нейстрыю (паміж рэкамі Шэльда і Луара), ад яе часова аддзяліўся шэраг зямель. Каралеўская ўлада аслабела і ў кіраванні гал. ролю адыгрывалі маярдомы (кіраўнікі каралеўскіх палацаў і маёнткаў). Пасля працяглай барацьбы адзіным маярдомам усіх 3 частак Ф.дз. ў 687 стаў маярдом Аўстразіі Піпін Герыстальскі, які прывёў да пакорнасці знаць. Яго сын Карл Мартэл (маярдом у 715—741) шляхам раздачы бенефіцыяў за ваен. службу стварыў моцную армію, пакарыў фрызаў, абклаў данінай саксаў, у бітве пры Пуацье (732) разбіў арабаў і спыніў іх прасоўванне ў Еўропу, зноў падпарадкаваў Аквітанію. Сын Мартэла Піпін Кароткі (маярдом у 741—751) выцесніў арабаў з Галіі і канчаткова заваяваў Цюрынгію. Пры падтрымцы рым. папы ён скінуў апошняга караля з дынастыі Меравінгаў Хільдэрыка III [743—751] і сам стаў каралём [751—768), заснаваўшы дынастыю Каралінгаў. Найвыш. росквіту Ф.дз. дасягнула пры яго сыне Карле Вялікім [768—814], які ў выніку амаль няспынных войнаў стварыў вялізную імперыю, што ахоплівала амаль увесь тагачаснызах.-хрысц. свет — тэр. сучасных Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембурга, Аўстрыі, Швейцарыі, б.ч. Германіі і Італіі, ч. Іспаніі да р. Эбра; у 800 афіцыйна абвешчаны імператарам. Ён спрыяў развіццю асветы і мастацтва (гл.«Каралінгскае адраджэнне»), Пасля смерці Карла Вялікага пачаўся распад Ф.дз., якая паводле Вердэнскага дагавора 843 канчаткова падзелена на 3 дзяржавы: Зах.-франкскую (Францыя), Усх.-франкскую (Германія) і Сярэднефранкскую (Італія, Бургундыя, землі ўздоўж Рэйна).
Кр.:
Видукинд Корвейский. Деяния саксов. М., 1975;
Григорий Турский. История франков: Пер. с лат.М., 1987.
Літ.:
Лебек С. Происхождение франков, V—IX вв.: Пер. с фр.М., 1993;
Левандовский А.П. Карл Великий: Через империю к Европе. М., 1995;
Франкскае грамадства ў VI ст.: Зб. дак. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСІК Язэп (Іосіф) Юр’евіч (18.11. 1883, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 1.4.1940),
бел. грамадскі і паліт. дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог. Акад.АН Беларусі (1928). Дзядзька Я.Коласа. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1898—99), скончыў Ноўгарад-Северскае гар. вучылішча (1902). Працаваў выкладчыкам Бабруйскай с.-г. школы, настаўнічаў у мяст. Грамяч Ноўгарад-Северскага пав. Чарнігаўскай губ. За ўдзел у рэв. выступленнях 1905 арыштаваны (у 1907 уцёк з турмы). У 1911 паўторна арыштаваны. Пакаранне адбываў у г. Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губ., дзе пасябраваў з А.Гаруном. Падтрымліваў сувязь з газ.«Наша ніва». Са ссылкі вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Стаў адным з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газ.«Вольная Беларусь» (1917—18). На з’ездзе бел.нац. арг-цый і партый выбраны ў Выканаўчы к-тЦэнтр. рады бел. арг-цый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У час акупацыі Беларусі герм. і польск. войскамі працаваў у Мінску. Уваходзіў у Раду БНР, Народны сакратарыят Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 разам з інш. кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма II, у якой яны заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Пасля расколу БСГ адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У чэрв. 1918 узначаліў Раду БНР. У 1919 і 1920 супрацоўнічаў з газ. «Звон» і «Беларусь» (апошнюю некаторы час рэдагаваў). Пасля расколу Рады БНР (13.12.1919) стаў старшынёй Найвышэйшай рады БНР. Пасля грамадз. вайны адзін з першых заявіў аб прызнанні сав. улады. Ад паліт. дзейнасці адышоў. Займаўся навук., культ.-асв., літ. працай. З 1921 выкладаў у БДУ, у Белпедтэхнікуме. У 1922 выбраны правадз.чл. Ін-та бел. культуры, у 1928 — акадэмікам АН Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пач. 1930 яе старшыня), быў дырэктарам Ін-та навук. мовы. Адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926), на якой выступіў з асн. дакладамі. Выдадзены ім у 1922 падручнік «Практычная граматыка беларускай мовы» названы ў прэсе «контррэвалюцыйным», і ў ліст. 1922 Л. арыштаваны. Абараніў яго тагачасны нарком асветы БССР У.М.Ігнатоўскі, і Л. быў вызвалены. У 1930 Л. арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай СНКБССР пазбаўлены звання акадэміка (адноўлены ў 1990). 10.4.1931 яго саслалі ў г. Камышын Саратаўскай вобл. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У 1934 амнісціраваны без права вяртацца ў Мінск. З 1935 жыў на Браншчыне, з 1937 працаваў у педтэхнікуме г. Аткарск Саратаўскай вобл. У чэрв. 1938 зноў арыштаваны, у 1940 асуджаны на 5 гадоў лагераў за «антысавецкую аптацыю». Паводле афіц. версіі памёр у саратаўскай турме ад сухотаў. Рэабілітаваны ў 1958 і ў 1988.
Л. належыць шэраг літ. твораў: «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!», «Геркулес і селянін», «Па-валачобнаму» і інш. Яго літ. талент высока ацаніў М.Гарэцкі, асабліва «Апавяданне без назвы». У 1921 Л. падрыхтаваў да друку зб.маст. прозы «Родныя вобразы» (выданне забаронена). У публіцыстыцы Л. 1917—20 асн. месца займалі праблемы незалежнасці Беларусі, яе нац. адраджэння, гісторыі і будучыні, нац. пытанне (брашура «Аўтаномія Беларусі», арт. «Вольная Беларусь», «Нацыянальны ўціск», «Праціўнікам беларускага руху», «Нашы патрэбы») і інш. Вытокі бел.нац. культуры даследаваў у арт. «Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі» (1924). Напачатку Л. быў прыхільнікам аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі. Пасля разгону Усебел. з’езда 1917 і падпісання Брэсцкага міру 1918 Л. перайшоў на пазіцыі незалежнай Бел.дэмакр. рэспублікі. Пісаў артыкулы і нарысы па гісторыі Беларусі «1517—1917 (да юбілею 400-лецця беларускага друку») (1917), «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага» (1918), «Літва-Беларусь» (1921). Аўтар артыкулаў «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства» (1918), «Графіка, правапіс і мова ў тэстаменце кн. Саломерацкага і ў двух другіх дакументах з папер Саломерацкіх XVI ст.» (1929), прац па бел. мове «Беларуская мова. Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс» (абедзве 1924), «Сінтаксіс беларускае мовы», «У справе рэформы нашае азбукі» (абедзве 1925), «Спрашчэнне правапісу», «Граматыка беларускае мовы: Фанетыка» (абедзве 1926), «Граматыка беларускае мовы; Марфалогія» (1927).
Тв.:
Асноўны матыў у творчасці Максіма Багдановіча // Полымя. 1991. № 12;
Творы: Апавяданні, казкі, арт.Мн., 1994;
Бітва пад Грунвальдам у апісанні кронікі Быхаўца, Длугоша, Бельскага і інш. // Спадчына. 1996. № 4.
Літ.:
Гарэцкі М. Язэп Лёсік // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Мн., 1995;
Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАЦТВАЗНАЎСТВА
На Беларусі мастацтвазнаўства дастаткова інтэнсіўна развівалася з 1920-х г. і набыло спецыфічныя асаблівасці. На хвалі адраджэння нац. культуры фарміраваліся калектывы мастацтвазнаўцаў, вяліся даследаванні ў галіне выяўленчага мастацтва, архітэктуры, нар. творчасці. Асобныя пытанні гісторыі развіцця бел. мастацтва вывучаў М.Шчакаціхін («Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пачатку XVIII сталецця», 1925; «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францішка Скарыны», 1926). У «Нарысах з гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1, 1928) ён прасачыў гісторыю развіцця нац. выяўленчага мастацтва і даў яго навук. перыядызацыю. Плённа працавалі П.Бузук, А.Грыневіч, Я.Дыла, І.Замоцін, М.Красінскі, І.Плашчынскі, якія зрабілі ўклад у станаўленне метадалагічных прынцыпаў вывучэння бел. мастацтва і нар. творчасці. Даследаванні выяўленчага мастацтва даваеннага перыяду прадстаўлены пераважна артыкуламі інфармацыйнага і публіцыст. характару В.Вольскага, І.Гаўрыса, А.Касцялянскага, І.Фурмана. Больш грунтоўны яго аналіз праведзены ў зб-ках «Нарысы выяўленчага мастацтва Беларусі» і «Мастацтва Савецкай Беларусі» (абодва 1940), дзе змешчаны нарысы А.Азірскага, Д.Геніна, М.Грынблата, А.Даліна, М.Керзіна, М.Машкоўцава і інш. пра архітэктуру, скульптуру, графіку, жывапіс, нар. творчасць.
Мэтанакіраванае вывучэнне бел. выяўленчага мастацтва і архітэктуры аднавілася ў пасляваенны час. У 1950-я г. выйшлі зб-кінавук. артыкулаў, прысвечаных розным відам мастацтва: «Мастацтва Савецкай Беларусі» (1955), «Беларускае мастацтва» (1957, 1960, 1962), манаграфія «Беларуская архітэктура. Гістарычны нарыс» М.Кацара (1956). Планамерныя даследаванні заканамернасцей развіцця духоўнай і матэрыяльнай культуры бел. народа пачаліся пасля стварэння ў 1957 Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1-ы дырэктар П.Глебка). Праблемы выяўленчага мастацтва ў 1950—70-я г. распрацавалі Л.Дробаў, А.Воінаў, М.Кацар, П.Масленікаў, У.Чантурыя. Вынікі даследаванняў адлюстраваны ў манаграфіях «Беларуская архітэктура» (1956), «Скульптура Савецкай Беларусі» (1957) і «Нарысы па гісторыі выяўленчага мастацтва Савецкай Беларусі» (1960) М.Кацара, «Гісторыя архітэктуры Беларусі» (1977) і «Архітэктурныя помнікі Беларусі» (1982) У.Чантурыі, «Беларускія мастакі XIX стагоддзя» (1971), «Мастацтва Беларускай ССР» (1972), «Жывапіс Беларусі XIX — пачатку XX ст.» (1974) Л.Дробава, «Беларускі савецкі тэматычны жывапіс» П.Масленікава (1962), «Мастацтва Савецкай Беларусі» М.Арловай (1960). Развіццё бел. керамікі прааналізавана ў кн. «Мастацкая кераміка Савецкай Беларусі» І.Елатомцавай (1965). У 1970-я г. пашырыліся даследаванні ў Бел. тэатральна-мастацкім ін-це, Мінскім ін-це культуры, Дзярж. мастацкім музеі. У аналізе актуальных пытанняў бел. выяўленчага мастацтва пераважаў жанр творчага партрэта. Выйшла серыя кніг пра жывапісцаў, графікаў, скульптараў, мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, арыентаваная на шырокае кола чытачоў, у т. л. манаграфіі альбомнага тыпу: «Міхаіл Савіцкі» Э.Пугачовай (1982), «Віталій Цвірка» Б.Крэпака (1985), «Яўген Зайцаў» Ю.Карачуна (1988). У кн. Л.Дробава «Жывапіс Беларусі XIX — пачатку XX ст.» (1974) на гіст. фоне разгледжана станаўленне гіст., бытавога, партрэтнага і пейзажнага жанраў жывапісу, прыведзены звесткі пра жыццё і творчасць вядучых майстроў: В.Ваньковіча, Я.Дамеля, І.Аляшкевіча, І.Хруцкага, Ф.Рушчыца і інш. Працягам тэмы стала яго манаграфія «Жывапіс Савецкай Беларусі» (1979), дзе прааналізавана развіццё бел. жывапісу ў 1917—75. Гісторыі бел. манументальнага мастацтва прысвечаны даследаванні В.Церашчатавай «Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVII ст.» (1986), У.Пракапцова «У пошуках прыгажосці і гармоніі» (1988), А.Сяліцкага «Жывапіс Полацкай зямлі XI—XII ст.» (1992). Станаўленню і развіццю тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва прысвечаны працы «Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі» Г.Барышава (1958), «С.Ф.Нікалаеў» (1970), «Дэкарацыйнае мастацтва музычнага тэатра БССР» (1973), «Яўген Чамадураў» (1984) П.Карнача.
Гісторыя і тагачасны стан архітэктуры Беларусі дастаткова поўна асветлены ў працах А.Воінава «Гісторыя архітэктуры Беларусі: Савецкі перыяд» (1975), «Гісторыя архітэктуры Беларусі» (т. 2, 1987) і У.Чантурыі «Архітэктура Беларусі канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя» (1962), «Архітэктурныя помнікі Беларусі» (1982), «Атлас помнікаў архітэктуры і мемарыяльных комплексаў Беларусі» (1983), «Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва Беларусі» (1986). Шэраг важных праблем гісторыі бел. архітэктуры разгледжаны ў манаграфіях «Архітэктура Магілёва. З гісторыі планіроўкі і забудовы горада» (1973), «Архітэктура Віцебска» (1980) Т.Чарняўскай, «Замкі Беларусі» (1987) М.Ткачова, «Архітэктура палацава-сядзібных ансамбляў Беларусі: Другая палавіна XVIII — пачатак XIX стагоддзя» (1981), «Архітэктура і мастацтва ракако на Беларусі» (1989), «Эклектыка. Архітэктура Беларусі 2-й паловы XIX — пачатку XX стагоддзя» (2000) А.Кулагіна, «Беларускае народнае дойлідства» (1991), «Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры» (1999) А.Лакоткі, «Дойлідства Беларусі XVI — сярэдзіны XVII ст.» (1991) Ю.Якімовіча, «Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока» (2001) Т.Габрусь і інш. даследчыкаў. Развіццё кніжнай гравюры ў 16—18 ст. і аналіз творчасці Ф.Скарыны, П.Мсціслаўца, М. і В. Вашчанкаў, А. і Л. Тарасевічаў зрабіў В.Шматаў у кн. «Беларуская кніжная гравюра» (1984), «Мастацтва кніг Францыска Скарыны» (1986). Гісторыю развіцця бел.сав. графікі ён разгледзеў у кнігах: «Беларуская графіка 1917—1941 гг.» (1975), «Сучасная беларуская графіка 1945—1977 гг.» (1979) і інш. У 1980-я г. пашырыўся тэматычны і жанравы дыяпазон даследаванняў, у т. л. ў вывучэнні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. М.Яніцкая вывучае гісторыю развіцця маст. шкла — «Вытокі шкларобства Беларусі» (1980), «Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX стагоддзя» (1984), «Мастацкае шкло Савецкай Беларусі» (1989). Ганчарства, мастацкая апрацоўка дрэва і металу, салома- і лозапляценне, ткацтва адлюстраваны ў манаграфіях «Народная разьба па дрэву» (1978), «Беларускае народнае мастацтва» (1980), «Беларуская народная кераміка» (1987), «Беларускае народнае мастацкае кавальства» (1990), «Беларуская народная цацка» (1991), «Беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» (1996), «Народнае мастацтва Беларусі» (1997) Я.Сахуты. Гісторыя нар. касцюма даследавана ў рабоце «Беларускае народнае адзенне» М.Раманюка (1981). Прафесійнаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву прысвечаны публікацыі «Беларуская кераміка» В.Гаўрылава, «Сучасная беларуская кераміка» В.Жука (абедзве 1984), «Беларускія дываны і габелены» Дз.Трызны (1981), «Беларускае мастацкае шкло» А.Сурскага (1978). Сярод прац па гісторыі бел. скульптуры — «Народная драўляная скульптура Беларусі» (1977) і «Старажытнабеларуская скульптура» (1991) А.Лявонавай, «Партрэтная скульптура Савецкай Беларусі» Э.Петэрсона (1982), «Манументальны летапіс эпохі» І.Елатомцавай (1969), «Беларуская скульптура малых форм» В.Жука (1998). У 1970—80-я г. выйшаў шэраг творчых партрэтаў скульптараў: А.Глебава, А.Заспіцкага, С.Селіханава, А.Бембеля, Л.Гумілеўскага і інш. Манаграфічныя даследаванні ў значнай ступені дапаўнялі альбомныя выданні, якія паступова ад простага ілюстравання твораў мастацтва пераходзілі да навукова-даследчай работы, што найб. выявілася ў выданнях Н.Высоцкай: «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў» (1980; складальнікі Н.Высоцкая і Т.Карповіч), «Пластыка Беларусі XII—XVIII стагоддзяў» (1983), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў» (1984), «Жывапіс барока» (2003). У выніку комплекснага даследавання гісторыі выяўленчага мастацтва, помнікаў гісторыі і культуры Беларусі падрыхтавана і выдадзена фундаментальнае выданне — «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), якое дае цэласную карціну багацейшай культурнай спадчыны бел. народа і ўключае помнікі археалогіі, гісторыі, архітэктуры і манументальнага мастацтва. Да ліку найбольш значных дасягненняў бел. мастацтвазнаўства адносіцца падрыхтаваная ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі «Гісторыя беларускага мастацтва» ў 6 тамах (1987—94; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), якая змяшчае абагульняльныя даследаванні па архітэктуры, жывапісе, графіцы, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён. У наш час нац. мастацкая культура Беларусі перажывае перыяд свайго адраджэння, ствараюцца групы вучоных, якія вядуць актыўную даследчую працу, займаюцца актыўным працэсам вяртання забытых і згубленых у часе імён майстроў розных відаў мастацтва. Пытанні гісторыі і тэорыі бел. мастацтва разглядаюцца ў часопісах «Мастацтва» (з 1983, да 1991 наз. «Мастацтва Беларусі»), «Архитектура и строительство» (з 1970, да 1996 наз. «Архитектура и строительство Белоруссии»), альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газетах «Літаратура і мастацтва» (з 1932) і «Культура» (з 1991) і перыядычным друку; праблемы дызайну на Беларусі — у час. «Pro дизайн» (з 2001). Сістэматычнае вывучэнне гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі вядзецца ў сектары выяўленчага мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, у Бел.АМ, Бел. ун-це культуры, пытанні гісторыі і тэорыі архітэктуры — у БНТУ у Мінску.
Літ.:
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Праблемы адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ АДРАДЖЭННЯ (16 ст.).
Карэнная змена ўсяго ладу старабел. жыцця, што пачалася ў 16 ст., адлюстравалася ў станаўленні новай адраджэнскай культуры, апорай якой станавіліся гарады, населеныя рамеснікамі, заможнымі мяшчанамі і купцамі. Важнейшую ролю ў дзярж. справах пачала адыгрываць шляхта, якой уласціва развітая саслоўна-нац. самасвядомасць. Распаўсюджанне кніжнасці ў гэтым асяроддзі звязвалася з узнікненнем рэнесансава-гуманіст. светапогляду, вядучае месца ў якім занялі свецкія — юрыд.-прававыя, патрыят. і агульначалавечыя — духоўныя каштоўнасці. Гэта выяўлялася ва ўсталяванні гарадскога самакіравання, наданні многім гарадам магдэбургскага права і развіцці адпаведных жанраў дзелавога пісьменства. Узніклі Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588, а некаторыя артыкулы і прадмовы да іх (напр., «Зварот да ўсіх саслоўяў» Л.Сапегі) напісаны літаратурна дасканала, з выкарыстаннем розных стылістычных сродкаў (тропаў, метафар) і лічацца помнікамі маст. публіцыстыкі. Пазней узнік шэраг дзярж. дакументаў, якія трывала ўзаемадзейнічалі з маст. літаратурай («Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага», Метрыка ВКЛ і інш.). Створаны манастырскія (Супрасльская і інш.), саборныя (Сафійская ў Полацку), прыватныя бібліятэкі (Радзівілаў, Сапегаў і інш.). Пачалося інтэнсіўнае развіццё ўсіх галін мастацтва і культуры, вялікіх поспехаў дасягнулі філалогія і славеснасць на нац. мове. Тагачасныліт. працэс уяўляў сабой сінтэз нац. і агульнаеўрап. і адбываўся пад уздзеяннем процілеглых фактараў: гуманізму і Рэфармацыі. Узнікае цікавасць да чалавека па-за межамі яго сац. становішча, хоць суб’ектыўная разняволенасць стрымлівалася ідэямі служэння грамадству, што звязана з моцнай дарэнесансавай культ. традыцыяй, абумоўленай спецыфікай гіст. развіцця і становішча Беларусі. Адбывалася ломка сярэдневяковай жанрава-стылістычнай сістэмы, аднак дзеячы Адраджэння працяглы час імкнуліся не адкідаць, а наследаваць і ў новых умовах творча выкарыстоўваць дасягненні культуры папярэдніх перыядаў, што найб. яскрава выявілася ў дзейнасці пісьменнікаў-рэфарматараў.
Новай з’явай, што мела важнае значэнне для развіцця літаратуры і філал. культуры, было ўзнікненне кнігадрукавання на бел. і царкоўнаслав. мовах, а таксама пашырэнне лац. мовы і кніжнасці, пранікненне якіх на бел. землі было абумоўлена пераадоленнем сярэдневяковай рэліг. замкнёнасці і развіццём шматбаковых узаемасувязей з зах.-еўрап. краінамі. Дзякуючы гэтаму адкрыўся шырокі доступ да багатай ант. і рэнесансавай літаратуры. Многія паэты імкнуліся ў сваёй творчасці адрадзіць «натуральную мову» антычнасці, параўнацца са стараж. рымлянамі ў літ. майстэрстве. Адзін з пачынальнікаў гуманіст. літаратуры ва Усх. Еўропе Я.Вісліцкі напісаў рэнесансавую гісторыка-гераічную паэму «Пруская вайна» (1516). Выдатным паэтам-новалаціністам быў Мікола Гусоўскі — аўтар вершаў і паэм, сярод якіх асобнае месца займае глыбокапатрыятычная «Песня пра зубра» (1523). З вялікай маст. сілаю і любоўю паказана ў паэме прыгажосць бел. прыроды, апеты ратныя і прац. справы, заняткі і звычаі бел. народа, услаўлена яго гераічнае мінулае. У творы выявіўся рэнесансавы эстэт. ідэал аўтара з яго верай у чалавека дзейнага, мужнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага. Ва ўмовах Адраджэння ўзмацнілася цікавасць да гісторыі народа і краіны. У 1-й пал. 16 ст. ўзнікла «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» — белетрызаваны гісторыка-публіцыстычны твор, у якім пададзена велічная, ідэалізаваная і амаль цалкам легендарная першапачатковая гісторыя Літвы, сцвярджаецца высакароднае паходжанне літ. князёў і паноў (ад рымскіх патрыцыяў). Асобныя старонкі твора напісаны сцісла і суха, маюць шмат сэнсавых і стылістычных паўтораў; іншыя — больш жыва, часам паэтычна. Найвышэйшае дасягненне тагачаснай гіст. прозы — Хроніка Быхаўца, пададзеная ў форме гіст. аповесці і прысвечаная гісторыі ВКЛ ад легендарных часоў да пач. 16 ст. Большая яе частка — цалкам арыгінальны твор, напісаны невядомым аўтарам, які імкнуўся даць максімальна поўную карціну мінулага Літвы і Беларусі і адначасова стварыць літ.-маст. вобраз краіны. Многія раздзелы хронікі маюць выгляд завершаных белетрызаваных апавяданняў. Свабодна камбінуючы і зводзячы ў адно розныя крыніцы, аўтар свядома ствараў займальную, прасякнутую патрыят. ідэяй гіст. аповесць, якая б кранала пачуцці чытача. Свецкае красамоўства прадстаўлена панегірыкамі выдатным дзеячам айчыннай гісторыі («Пахвала Вітаўту», «Пахвала князю К.І.Астрожскаму»). Сведчаннем узмацнення тэндэнцыі да пераадолення старых традыцый можна лічыць адыход ад рэлігійнасці і дэмакратызацыю літаратуры, абнаўленне яе жанравай сістэмы, далейшае ўдасканаленне бел.літ. мовы, ажыццяўленне перакладаў такіх твораў, якія раней былі невядомы. У 16 ст. перакладчыкі імкнуліся перапрацоўваць замежныя помнікі з пазіцый гуманізму і ідэй служэння «людям простым посполитым».
Этапнае значэнне ў гісторыі бел. літаратуры мела творчасць бел. гуманіста-асветніка, заснавальніка ўсходнеслав. кнігадрукавання, пісьменніка і перакладчыка Ф.Скарыны. Яго клопат пра асвету людзей усіх саслоўяў, прапаганда ведаў і маральнай чысціні, сцвярджэнне годнасці асобы і вера ў сілу чалавечага розуму, барацьба за высокія гуманіст. ідэалы станоўча ўплывалі на ідэйны змест і характар бел. літаратуры. Дасканалы пераклад і высокамастацкае выданне Скарынам 23 кніг Бібліі (Прага, 1517—19) на зразумелай народу мове духоўна ўзбагачалі бел. чытача. У 1522 Ф.Скарына заснаваў у Вільні першую ў Беларусі друкарню і выдаў «Малую падарожную кніжку», куды ўвайшлі Псалтыр, Часасловец, акафісты, каноны, «Шасцідневец», Святцы, Пасхалія, а ў 1525 — кн. «Апостал». Імкнучыся зрабіць тэкст зразумелым для чытачоў і разам з тым захаваць яго аўтэнтычнасць, асветнік змяшчаў у выданнях глосы, чым была закладзена аснова бел. лексікаграфіі. Перакладаючы Біблію і рыхтуючы інш. выданні, Ф.Скарына не выходзіў за межы рэліг. інтэрпрэтацыі сюжэтаў. Але ў яго светапоглядзе назіраецца сінтэз рэнесансава-гуманіст., раннехрысц., дэмакр. ідэй і нар. маралі. Таму скарынаўская трактоўка біблейскіх сюжэтаў вызначаецца арыгінальнасцю, творчым стаўленнем да тэксту. Ф.Скарына быў пачынальнікам бел. вершаскладання, давёў да высокай дасканаласці жанры прадмоў і пасляслоўяў, у якіх пачаткі бел. літаратуразнаўства і крытыкі. Яго ўласныя творы шмат у чым прадвызначылі шляхі і асаблівасці развіцця бел. літаратуры, а кнігавыдавецкая, пісьменніцкая і перакладчыцкая дзейнасць паслужыла ўсталяванню новых гуманіст. каштоўнасцей, далейшаму развіццю кнігадрукавання і культуры ва Усх. Еўропе.
У 2-й пал. 16 ст. зарадзіліся новыя віды і жанры (беларускамоўная кніжная паэзія, драматургія, публіцыстыка, аўтабіяграфічная проза), паскорыліся працэсы разбурэння сярэдневяковай сінкрэтычнасці і выцяснення твораў старой правасл. кніжнасці на перыферыю літ. жыцця. Літаратура стала сацыяльна завостранай, у ёй узмацнілася роля аўтарскага пачатку, зараджаліся індывід. стылі, павялічыліся выяўленчыя магчымасці, узніклі сюжэтнасць і пацяшальнасць, пашырыліся тэматычны ахоп жыцця і сац. база. У многіх гарадах былі адкрыты друкарні і школы розных кірункаў (пратэстанцкія, правасл., каталіцкія), выдаваліся першыя буквары, граматыкі, слоўнікі, павялічвалася кола адукаваных людзей. Творы пісаліся і друкаваліся на бел., царкоўнаслав., польскай, лац., татарскай, яўр., старажытнарус. мовах. У 1550—70-я г.бел. літаратура развівалася пад моцным уплывам рэфармацыйных ідэй, што было абумоўлена бытаваннем на бел. землях рэліг. вальнадумства, ерасей, пранікненнем на Беларусь розных плыней зах.-еўрап. пратэстантызму (кальвінізму, лютэранства, антытрынітарызму і інш.). Прапаведніцкая дзейнасць бел. рэфарматараў мела раннебуржуазны характар і адыграла важную ролю ў абуджэнні грамадскай думкі, спрыяла пашырэнню рацыяналізму і ўмацаванню рэліг. верацярпімасці. Пачалося актыўнае выданне палемічнай і навучальнай літаратуры. Узніклі новыя публіцыстычныя жанры, змянілася змястоўнае напаўненне твораў, напісаных згодна з традыцыямі старых жанраў: пісьменнікі-публіцысты сталі звяртацца да фактаў рэальнасці і даваць ім ацэнку з пункту гледжання ідэй рэнесансавага гуманізму і Рэфармацыі.
Найб. развіцця дасягнула публіцыстыка, асн. відамі якой былі прадмова і друкаваная прамова-пропаведзь, моцныя сваім сац. зместам і крытычнай завостранасцю. Менавіта ў апошнім жанры Якуб з Калінаўкі і Л.Крышкоўскі выступілі супраць прыгону, Павел з Візны — супраць маёмаснай, юрыд. і сац. няроўнасці, а Пётр з Ганёндза першы сфармуляваў прынцыпы свабоды сумлення і прававой роўнасці ўсіх канфесій. Буйнейшымі прадстаўнікамі рэфармацыйнай публіцыстыкі на Беларусі былі С.Будны, В.Цяпінскі і А.Волан. Бліскучы палеміст, ідэолаг антытрынітарыяў у ВКЛ С.Будны ўвайшоў у гісторыю слав. культуры як аўтар «Катэхізіса» (Нясвіж, 1562) з антыклерыкальнай прадмовай, у якой звярнуўся да лідэраў бел. Рэфармацыі М.Радзівіла Чорнага і М.Радзівіла Рудога з заклікам аддаць усе сілы на службу Радзіме. Ён ажыццявіў таксама шэраг інш. выданняў на бел. (не захаваліся) і польскай мовах, у т. л. Біблію, і быў першым у Еўропе крытыкам перакладаў Свяшчэннай кнігі. Яго пяру належыць шэраг літ.-філас. («Прасвецкую ўладу», 1583) і багаслоўскіх («Пра дзве прыроды Хрыста», 1575; «Пра асноўныя палажэнні хрысціянскай веры», 1576, і інш.) трактатаў. Рэліг. і грамадскія погляды пісьменніка не былі ўстойлівымі. На аснове рэфармавання рэлігіі ён імкнуўся выпрацаваць такое маральна-этычнае вучэнне, якое служыла б усталяванню ладу ў дзяржаве і сац. справядлівасці ў грамадстве. На гэтым шляху С.Будны перасягнуў многіх дзеячаў зах. Рэфармацыі і выявіў сябе як арыгінальны мысліцель. Паслядоўнік скарынаўскіх традыцый В.Цяпінскі ўпершыню пераклаў на бел. мову Евангелле (1570-я г.), напісаў да яго патрыят. «Прадмову», у якой абгрунтаваў думку пра значэнне адукацыі на роднай мове, пра бел. школу, якая павінна выхоўваць нац. свядомасць. Ён першы адзначыў негатыўны характар паланізацыі, якая ў той час толькі пачыналася. Паліт. дзеяч і рэфарматар А.Волан апублікаваў на лац. і польскай мовах больш за 30 публіцыстычных твораў, дзе крытыкаваў догматы і арганізац. ўладкаванне папскай улады, адстойваў прынцыпы рэліг. талерантнасці, з’едліва высмейваў абскурантызм рэліг. фанатыкаў. Свецкую гуманіст. накіраванасць маюць яго дыялог «Пра палітычную або грамадзянскую свабоду» (1572), трактаты «Прамова да Сената» (1572), «Пра дзяржаўнага мужа і яго дабрачыннасці» (1608), у якіх аўтар імкнуўся вырашыць грамадскія супярэчнасці шляхам рацыянальнага ўладкавання грамадства на чале з манархам. Яго палемічныя выступленні супраць езуітаў перавыдавалі ням. пратэстанты і франц. гугеноты, а каталіцкі касцёл занёс іх у індэкс забароненых кніг. Станаўленне свецкай публіцыстыкі звязана з імем М.Літвіна, які напісаў трактат «Аб норавах татараў, літоўцаў і масквіцян» (каля 1550), дзе параўноўваў звычаі, законы, арганізацыю кіравання і суда ў крымскай, маскоўскай і бел.-літ. дзяржавах. Дзякуючы духу рэліг. талерантнасці на Беларусі знайшлі прытулак апальныя літаратары з інш. краін, у т. л. Арцемій і Феадосій Касой з Расіі. Свецкім публіцыстычным характарам вызначаюцца лісты і інш. творы А.Курбскага. На лепшых традыцыях красамоўства заснавана палымяная прамова Я.Хадкевіча, змешчаная ў «Дзённіку Люблінскага сойму 1569». Каб абараніць інтарэсы ВКЛ, Я.Хадкевіч выкарыстоўваў розныя прыёмы і эмацыянальна-вобразныя сродкі прамоўніцкага майстэрства. Складзены невядомым аўтарам «Дзённік...» аднаўляе многія закулісныя эпізоды соймавай барацьбы, уводзіць чытача ў побытавую атмасферу жыцця дэлегатаў. Адзіны ў сваім родзе твор — «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл», змешчаная ў «Хроніцы Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», — узнік на скрыжаванні рыцарскага эпасу і гіст. апавядання. Гэтая займальная гісторыя кахання герояў раскрывае прыгажосць інтымнага пачуцця, асэнсаванага пад уздзеяннем рэнесансавага гуманізму як надзвычайная каштоўнасць. З 1550-х г. пачынаецца развіццё рэфармацыйнай паэзіі. Пратэстанты шырока выкарыстоўвалі ў набажэнстве рэліг. песні. Зборнікі такіх песень (канцыяналы) былі падрыхтаваны Ц.Базылікам (1556, Кракаў) і Я.Зарэмбам (1558, Брэст). У ананімным нясвіжскім «Канцыянале» (1563) разам з рэліг. змешчаны застольныя і сатыр. песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНТЫ́ЗМ (франц. romantisme),
мастацкі стыль і кірунак у еўрап. і амер. л-ры і мастацтве канца 18—1-й пал. 19 ст. Выявіўся таксама ў гіст. навуках, філасофіі, сацыялогіі, некат. галінах прыродазнаўства. Проціпаставіў сябе класіцызму і Асветніцтву.
Тэрмін «romantic» з’явіўся ў англ. мове ў 18 ст. і азначаў «падобны на раман сярэдневякоўя». Рамантычным называлася ўсё фантаст., незвычайнае, дзіўнае, якое сустракалася ў кнігах, а не ў рэчаіснасці. Адметныя рысы Р. — прыхільнасць да суб’ектывізму, уяўлення, свабода думкі і выражэння, ідэалізацыя прыроды, паэтызацыя гераічнай асобы, бунтара, змагара, ахвярніка. Вызначаўся ўвагай да ўнутр. свету чалавека, праяў моцных і яркіх пачуццяў, таямнічых рухаў душы. Апіраўся на вопыт сярэдневяковага хрысц. мастацтва, якое імкнулася перадаць звышпачуццёвае і пазачасавае. Існуюць некат. спробы класіфікаваць віды рамант. праяў: Р. рэвалюцыйны і рэакцыйны, прагрэсіўны і кансерватыўны, актыўны і пасіўны, аптымістычны і песімістычны. У рамант. свядомасці пераважаюць крытычныя матывы, цяга да адмаўлення рэчаіснасці, замена яе фантаст. або ідэалізаваным паказам. Філас. базай Р. сталі ідэі І.Фіхтэ аб свабодзе асобы і абсалютнай свабодзе «Я». У творчасці адмаўляліся ўсе абмежаванні, якія стрымлівалі свабоду і фантазію мастака. Перакананне, што геній не мае патрэбы ў правілах, бо сам дае правілы мастацтву (І.Кант), прывяло да адраджэння ідэалу паэта-прарока, нар. песняра, які спалучае маст. творчасць з місіяй нац. правадыра.
У літаратуры вылучаюць Р. зах.-еўрап. (франц., ням., англ., венг.), слав. (рус., польскі і інш.), амерыканскі. Франц. рамантыкі сцвярджалі новы, больш дэмакр. тып рамант. драмы, якая звязвала гісторыю і мастацтва, часта выводзіла на сцэну героя-бунтара, выхадца з народа (В.Гюго, А.Дзюма-бацька і інш.), распрацоўвалі жанр сац. рамана, які спрыяў развіццю нац. свядомасці (Гюго, Ж.Санд, Э.Сю). Адны з іх адмаўлялі прагрэсіўнасць грамадскага развіцця і трактавалі гісторыю як бессэнсоўны кругаварот падзей (Ф.Р.Шатабрыян), другія спрабавалі асэнсоўваць рэальныя падзеі. Так узнік жанр гіст. рамана (Санд, Гюго), мэтай якога стала стварэнне вобраза эпохі, дзе цесна пераплецены гіст. праўда і вымысел. Змены ў літ. творчасці закранулі і змест, і форму. Рэфарматарамі верша былі А. дэ Віньі, А.Ламарцін, А.Мюсэ, Ш.А.Сент-Бёў; верш стаў больш музыкальны, менш напышлівы. Англ. Р. характарызаваўся процістаяннем дзвюх плыней. Рамантыкі «азёрнай школы», або кансерватыўная плынь (У.Вордсварт, С.Т.Колрыдж, Р.Саўці), патрабавалі пашырэння паэт. тэматыкі, паказу гіст. падзей і знакамітых асоб, звярталіся да сентыментальнага, да нац. самаасэнсавання чалавека, адрадзілі цікавасць да У.Шэкспіра і Рэнесансу, шырока выкарыстоўвалі фальклор. Прадстаўнікі рэв. плыні (Дж.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс) сцвярджалі пазіцыю актыўнага ўспрымання жыцця, павароту да сац. з’яў, не адмаўлялі і існавання сіл, якія непадуладныя чалавеку, але ўплываюць на рэальныя падзеі. Раманы В.Скота паўплывалі на рэаліст. і рамант. л-ру, паспрыялі ўсталяванню гістарызму ў еўрап. л-ры. Першыя ням. рамантыкі (Ф.Гёльдэрлін, Жан Поль) развівалі сатыру на тагачасны лад і выступілі з утапічнымі ідэямі. Іенскія рамантыкі (В.Г.Вакенродэр, Наваліс, Л.Цік, браты Шлегелі) былі захоплены пошукам пазабурж. ідэалу. Познія ням. рамантыкі (К.Брэнтана, Л.Арнім, Г.Кляйст, А.Шаміса, Г.Гейнэ, браты Грым, І.Айхендорф) узбагацілі нац. культуру легендамі, сказаннямі, песнямі. У Еўропе Р. пашырыўся дзякуючы творчасці Дж.Леапардзі, У.Фоскала, А.Мандзоні (Італія), Ш.Пецёфі (Венгрыя), А.Эленшлегера (Данія), Э.Тэгнера (Швецыя); Х. дэ Эспранседы (Іспанія), Б.Радзічавіча (Сербія), Я.Колара (Чэхія), Я.Краля (Славакія), В.Александры (Румынія). Для слав. Р. характэрны пошук новай пазітыўнай канцэпцыі асобы і народа. новых форм нац. жыцця, заснаваных на гіст. і духоўна-культ. падмурку мінулага, адраджэнні міфічных традыцый. Чэш. і славацкія паэты-рамантыкі адны з першых адкрылі ў сваёй творчасці тэму нац. бяздомнасці, гераічнай роспачы патрыёта. Польскі Р. выявіўся ў імкненні да адраджэння краіны (А.Міцкевіч, Ю.Славацкі). Фальклор у ім выкарыстоўваўся для таго, каб прасачыць сувязь тагачаснага пакалення са «светам продкаў», якія прадаўжаюць існаванне ў сферы духу (паэма Міцкевіча «Дзяды»), У простанар. пачатку Міцкевіч бачыў аснову маральных устояў. Ён упершыню ў бел. і польскай л-ры асудзіў сац. зло (паэмы «Конрад Валенрод», «Пан Тадэвуш»). Асобнае месца займае амер. Р., храналагічныя рамкі якога адрозніваюцца ад Р. еўрапейскага. Светаадчуванне амер. рамантыкаў вызначала вера ў свой асабісты шлях развіцця, у асобае прызначэнне Амерыкі. Іх тэматыка ўключала вайну за незалежнасць, асваенне кантынента, жыццё індзейцаў і інш. В.Ірвінг, Дж.Ф.Купер шукалі свае нац. патэнцыялы для выяўлення ідэі грандыёзных перспектыў маладых ЗША. Н.Хотарн, Э.По, Г.Мелвіл, Г.Лангфела, Р.У.Эмерсан, Г.Д.Тора, Э.Дзікінсан выказвалі расчараванне тымі шляхамі, якімі ішла Амерыка, паказвалі непераадольны разрыў паміж рэчаіснасцю з яе рабствам і эканам. крызісам і рамант. трансцэндэнтальным ідэалам. Рус. Р. развіваўся на фоне агульнаеўрап. літ. працэсу. Адрозненне рус. Р. выявілася ў паказе лёсу персанажа, які павінен быў паслядоўна прайсці праз многія этапы: ад гарманічных адносін з навакольным светам, праз канфлікты да расчаравання і рэзкага разрыву з асяроддзем, уцёку ці выгнання. Рост нац. і асабістай свядомасці ў прасякнутых духам свабоды творах К.Рылеева, В.Кюхельбекера, А.Адоеўскага, А.Бястужава (Марлінскага). Філас.-псіхал. і рэліг.-меланхалічныя настроі адчуваліся ў В.Жукоўскага, Я.Баратынскага, К.Бацюшкава, І.Казлова, А.Пагарэльскага, Ф.Цютчава. Рамант. матывы, вобразы і сюжэты паступова прыняў і паслядоўна развіваў А.Пушкін. З канца 1830-х г. хваля Р. захапіла М.Лермантава і М.Гогаля. Лірыка Лермантава з экзатычным выбарам месца дзеяння, з героем-бунтаром і яго наратыўны (апавядальны) верш увасабляюць пік рус. Р., т. зв. залатога веку рус. паэзіі. На фарміраванне Р. паўплывала і ідэалогія дзекабрыстаў.
У бел. л-ры Р. складваўся ва ўмовах замаруджанага развіцця нац.-вызв. і антыпрыгонніцкага руху, што абумоўлівалася недастаткова развітой сац. і нац. свядомасцю сял. мас, іх малапісьменнасцю, дэнацыяналізацыяй пануючых вярхоў і мясц. інтэлігенцыі, іх адрывам ад нар. глебы. Развіваўся пад моцным уплывам польскіх і рус. рамантыкаў. Яго прадстаўнікі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч стваралі сюжэты, заснаваныя на нар. жыцці і фальклоры. Іх творчасць была пераважна польскамоўнай паводле формы, але выяўляла цікавасць да лёсу, гісторыі, побыту і традыцый бел. народа. Асаблівасцямі бел. Р. з’яўляюцца сакралізацыя айчыны, захапленне мінуўшчынай, інтымная лірычнасць, якая не страціла сувязей з сентыментальнай паэзіяй, містыка і звароты да міфалогіі, фальклору. Асн. рысы бел.рамант. балады (незвычайнасць абставін, перапляценне рэальнага і звышнатуральнага) відавочныя ў «Нячысціку» Рыпінскага, у польскамоўных баладах Баршчэўскага, заснаваных на бел. паданнях. Характэрным творам бел. Р. з’яўляецца паэма «Мачаха» Адэлі з Устроні, у якой узнёсла выказана пачуццё любові да роднага краю, персаніфікаваны сілы прыроды, відавочная насычанасць алегорыямі і сімваламі. Рысы Р. яскрава выявіліся ў дакастр. творчасці Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я.Коласа («Сымон-музыка»), Цёткі («Мора»), М.Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.Бядулі («Салавей»). У сучаснай бел. л-ры рамант. тэндэнцыі найб. адчувальныя ў творах У.Караткевіча, Я.Брыля, І.Навуменкі, А.Карпюка і інш.
У архітэктуры і выяўленчым мастацтве Р. стаў першым кірункам, у якім вызначыліся ўсведамленне творчай асобы як суб’екта маст. дзейнасці, поўнай свабоды творчасці, прыярытэт індывід. густу. У архітэктуры Р. выявіўся ў захапленні архаікай, экзотыкай, гіст. і нац. матэрыялам, у паглыбленні ў сімвалізм і дэкаратыўнасць; закрануў пераважна садова-паркавую архітэктуру, архітэктуру малых форм і кірунак несапраўднай готыкі. У выяўл. мастацтве ён не стаў адзіным універсальным стылем, а выявіўся ў шэрагу асобных плыней і кірункаў, часта з захаваннем стылістычных асноў класіцызму.
Найб. паслядоўная школа Р. склалася ў Францыі. Яна вызначалася дынамічнасцю кампазіцыі, аб’яднаннем форм бурлівым рухам; у жывапісе — яркім насычаным каларытам, святлоценявымі і тонавымі кантрастамі, лёгкай, часта абагульненай манерай пісьма (А.Гро. Ж.Л.Давід, П.Ж.Давід д’Анжэ, А.Дам’е, Э.Дэлакруа, Т.Жэрыко, П.П.Прудон, Ф.Руд). Мастакам Германіі і некат. інш. краін Р. былі ўласцівы меланхалічна-сузіральная танальнасць вобразна-эмац. ладу, містыка-пантэістычны настрой, пераважалі партрэт і алегарычная кампазіцыя (Ф.Рунге, І.Г.Фюслі), пейзаж (К.Фрыдрых). Рамантычны пейзаж пашырыўся ў Вялікабрытаніі (Р.Бонінгтан, Дж.Констэбл, У.Тэрнер) і ЗША (Дж.Інес). У інш. краінах Р. развіваўся пераважна ў рэчышчы нац.-вызваленчых ідэй: Я.Матэйка, П.Міхалоўскі (Польшча), І.Манес, І.Наўраціль (Чэхія), прадстаўнікі кастумбрызму ў Лац. Амерыцы і інш. Блізкай да Р. была творчасць бідэрмееру, дзюсельдорфскай школы жывапісу, назарэйцаў, прэрафаэлітаў. У Расіі Р. у рознай ступені выявіўся ў партрэтах А.Кіпрэнскага, В.Трапініна, супярэчліва спалучаўся з класіцызмам у творчасці К.Брулова, Ф.Бруні, Ф.Талстога, у пэўнай ступені закрануў жывапіс А.Іванава, П.Фядотава.
На Беларусі Р. у архітэктуры выявіўся ў аздабленні паркаў штучнымі руінамі, гротамі, невял. збудаваннямі ў выглядзе гатычных сабораў (капліца ў в. Закозель Драгічынскага р-на) і замкаў (будынак б. бібліятэкі ў Станькаўскім палацава-паркавым ансамблі), пахавальнямі і памятнымі плітамі («камень Касцюшкі» ў в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на), абеліскамі, імітацыямі сельскіх пабудоў, брамамі (в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на). У каталіцкіх культавых будынках (т. зв. цаглянай архітэктуры) і сядзібна-палацавым буд-ве Р. развіваўся пераважна ў формах несапраўднай готыкі (капліца і сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на, Прылуцкі палацава-паркавы комплекс і інш.). У архітэктуры рамант. палацаў трапляюцца кампрамісныя вырашэнні: класіцыстычная планіровачная структура і псеўдагатычная трактоўка аб’ёму (Косаўскі палац), а таксама рэнесансавыя рэмінісцэнцыі (Лынтупская сядзіба). Залы замкаў і палацаў аздабляліся ў антычным, гатычным, «кітайскім», «турэцкім» і інш. стылях. Іх выяўленчы бок шырока трактаваў гіст. тэматыку, грэч. міфалогію, алегорыю, сімволіку. У рэтраспектыўных арх. формах вырашалася і абсталяванне інтэр’ера, напр., кафельныя печы (у сядзібе Станіславова ў Гродне), мэбля, прадметы дэкар.-прыкладнога мастацтва. У выяўленчым мастацтве мастакі не парывалі канчаткова з вобразнымі і фармальнымі прынцыпамі класіцызму, спрабавалі напоўніць іх новым светаадчуваннем, пазбавіць творы халоднай стрыманасці і традыц. умоўнасці, характэрных для позняга класіцызму. Найб. яскрава рысы Р. выявіліся ў жанры партрэта, дзе мастакі імкнуліся стварыць вобраз творчай, незалежнай асобы, «героя часу» (І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель). У творах гіст. і батальнага жанраў адлюстроўвалі знамянальныя, часта трагічныя падзеі (В.Дмахоўскі, Я.Сухадольскі). Пад уплывам Р. развівалася творчасць А.Бартэльса, Б.Клямбеўскага, Я.Манюшкі, Р.Слізня, сфарміравалася творчасць М.Э.Андрыёлі.
У музыцы Р. фарміраваўся і развіваўся пад уплывам літ. Р. Прайшоў стадыю перадрамантызму ў нетрах класіцызму (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.), стаў самастойнай з’явай у 1800—20-я г. ў творчасці Ф.Шуберта (Аўстрыя), Э.Т.А.Гофмана, К.М.Вебера (Германія), Н.Паганіні, Дж.Расіні (Італія), Дж.Філда (Ірландыя) і інш. У 1830—50-я г. прадстаўлены дасягненнямі Ф.Шапэна (Польшча), Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Р.Вагнера (Германія), Г.Берліёза, Дж.Меербера (Францыя), Ф.Ліста (Венгрыя), В.Беліні, Дж.Вердзі (Італія). Позні этап (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — творчасць І.Брамса (Германія), А.Брукнера, Х.Вольфа (Аўстрыя), познія творы Ліста, Вагнера, раннія творы Г.Малера (Аўстрыя), Р.Штрауса (Германія) і інш. — падрыхтаваў новыя кірункі і плыні ў еўрап. музыцы: верызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм. Развіццё муз. Р. ў краінах Еўропы абумоўлена гісторыка-культ. кантэкстам. У Аўстрыі і Германіі ён звязаны з росквітам лірычнай ням. паэзіі і вак.-камерных жанраў; у Францыі — з дасягненнямі ў галіне т-ра і літ. рамана; у шэрагу інш. краін — с самавылучэннем і развіццём нац. кампазітарскіх школ (Расія, Чэхія, Польшча, Нарвегія і інш.). У некат. школах 2-й пал. 19 ст. (рус., італьян., франц.) Р. сутыкаўся з рэалізмам (А.Вярстоўскі, пазней П.Чайкоўскі, С.Рахманінаў, часткова кампазітары «Магутнай кучкі», М.Метнер, А.Скрабін, Вердзі, Ж.Бізэ). Для Р. характэрны антытэзы (рэальнае — ідэальнае, камічнае — трагічнае і інш.), з аднаго боку канфліктнасць, матывы адзіноты, з другога — ідэалізацыя былога, з’яў прыроды. Адхіленасць ад паўсядзённасці не выключала пэўнай аўтабіяграфічнасці і спавядальнасці (Шуберт, Шумен, Берліёз, Ліст, Вагнер і інш.). Лірыка-псіхал. тэма дамінуе ў оперы, сімфоніі, камерна-інстр. і камерна-вак. музыцы. Вял. значэнне надавалася паслядоўнай эвалюцыі і трансфармацыі кантрастных вобразаў («Сімфанічныя эцюды» Шумана), якія часам сумяшчаліся ў адным творы («Фауст-сімфонія», фп. саната h=moll Ліста; сімфоніі Малера). Важнейшы момант эстэтыкі музыкі Р. — ідэя сінтэзу мастацтваў (росквіт опернага, балетнага жанраў; імкненне да дэталізаванага ўвасаблення паэт. слова ў вак. партыі, экспрэсіўныя функцыі арк. суправаджэння, сцэн. дзеянні і інш.), якая найб. ярка выявілася ў опернай творчасці Вагнера і ў праграмнай музыцы (Ліст, Шуман, Берліёз). Выразныя прыёмы, што склаліся ў межах праграмнай музыкі, пранікалі ў непраграмныя творы з абвешчанай ці скрытай праграмнасцю («лісток з альбома», балада, легенда, рапсодыя і інш.). Узбагаціліся сродкі муз. фактуры, актывізаваўся пошук новых тэмбрава-аркестравых сродкаў. З нябачнай дагэтуль канкрэтнасцю, маляўнічасцю і натхнёнасцю рамантыкі ўзнаўлялі вобразы прыроды. З яе вобразнай сферай цесна звязана развіццё жанравага і лірыка-эпічнага сімфанізму. Распрацоўваліся новыя сродкі муз. мовы і прынцыпы формаўтварэння: сістэма лейтматываў і лейттэм, індывідуалізацыя мелодыкі і ўкараненне моўных інтанацый, пашырэнне тэмбравай і гарманічнай палітры музыкі (мелодыкі, ладу, гармоніі, інструментоўкі). Цікавасць да вобразнай характарнасці, партрэтнасці, псіхал. дэталізацыі абумовіла росквіт вак. і фп. мініяцюры (песня, раманс, мініяцюра, невял. інстр. п’есы тыпу «песня без слоў», накцюрн, прэлюдыя, вальс, мазурка, экспромт і інш.). Зменлівасць і кантрастнасць жыццёвых уражанняў увасобілася ў вак. і фп. цыклах (гл.Цыклічныя формы), якія апіраюцца на прынцып скразнога развіцця, што рэалізоўваўся ў інтанацыйных сувязях паміж асобнымі п’есамі цыкла («Карнавал», «Крэйслерыяна» Шумана; «Карцінкі з выстаўкі» М.Мусаргскага, «Карнавал жывёл» К.Сен-Санса і інш.). У буйных жанрах (сімфоніі, санаце, квартэце, оперы) выявілася тэндэнцыя да свабоднага самавыяўлення, паступовай трансфармацыі вобразаў, скразнога драматург. развіцця, узніклі свабодныя і мяшаныя формы ў муз. жанрах: сімфанічная паэма, фантазія, арабеска, балада, рапсодыя і інш. У мастацтве 20 ст. традыцыі Р. выяўляюцца ў межах неарамантызму.
Тэндэнцыі муз. Р. адлюстраваліся ў спадчыне кампазітараў 19 ст., творчыя лёсы якіх былі звязаны з Беларуссю. Уплыў суседніх муз. культур (рус. і польская) абумовіў запаволенае развіццё бел.нац. элемента ў творчасці бел. кампазітараў. Аднак зах.-еўрап. Р. з уласцівай яму глыбіннай зацікаўленасцю да самабытнага, нац.-фалькл. станоўча паўплываў на гіст.-культ. працэс станаўлення бел. кампазітарскай творчасці. Засвойваліся новыя сферы муз. вобразнасці, стылістыкі кампазітарскага пісьма, форм, жанраў. Аб раннерамант. уплывах сведчаць песенна-рамансавая і інстр. спадчына В.Казлоўскага. Спалучэнне класіцыстычных і раннерамант. тэндэнцый адчувальна ў вак. спадчыне М.К.Агінскага. Опера эпохі Р. прадстаўлена творамі С.Манюшкі 1850—60-х г. («Сялянка», «Галька», «Страшны двор») і А.Радзівіла («Фауст»). Аркестравыя творы ў 19 ст. стваралі Ф.Міладоўскі, Ю.Дашчынскі, Н.Орда, М.Міцкевіч, Манюшка, у пач. 20 ст. — М.Карловіч. Блізкія да традыцый муз. Р. сімф. уверцюры Манюшкі і 6 сімф. паэм Карловіча. Рамант. выразнасцю і стылістыкай пазначаны кантаты Манюшкі, асабліва бел. перыяду («Мільда», «Ніёла», «Мадонна» і інш.). Важнае месца належыць інстр. мініяцюры (фартэпіянная і скрыпічная), рамант. вобразнасць якой (лірычны пейзаж, замалёўкі характараў, настрою, партрэты і інш.) уключае элементы муз. фальклору. Інстр. мініяцюры ў традыц. для муз. Р. жанрах стваралі Агінскі, Казлоўскі, А.Абрамовіч, Орда, М.Ельскі, Міладоўскі, І.Глінскі, Дашчынскі, Манюшка і інш. Завастрэнню рамант. характэрнасці інстр. твораў спрыяе праграмная задума, адлюстраваная ў назвах п’ес або ў аўтарскім каментары (фп. цыклы «Шэсць пораў года», «Шэсць характарыстычных п’ес» Абрамовіча і інш.).
Літ.:
Ванслов В.В. Эстетика романтизма. М., 1966;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Литературные манифесты западноевропейских романтиков. М., 1980;
История зарубежной литературы XIX в. 2 изд. М., 1999;
Турчин В.С. Эпоха романтизма в России. М., 1981;
Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;
Соллертинский И.И. Романтизм, его общая и музыкальная эстетика // Соллертинский И.И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963. Т. 1;
Васина-Гроссман В.А. Романтическая песня XIX в. М., 1966;
Музыка Австрии и Германии XIX в.: В 3 кн. Кн. 1—2, М., 1975—90;
Габай Ю. Романтический миф о художнике и проблемы психологии музыкального романтизма // Проблемы музыкального романтизма. Л., 1987;
Романтизм в музыке. Мн., 1999;
Крауклис Г. Романтический программный симфонизм. М., 1999;
Антоневич В.А. Белорусское композиторское творчество в его связях с фольклором. Мн., 1999;
Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.
Да арт.Рамантызм. Э.Дэлакруа. Смерць Сарданапала. 1827.Да арт.Рамантызм. І.Г.Фюслі. Жах. 1790—91.Да арт.Рамантызм. К.Д.Фрыдрых. Мелавыя скалы на востраве Руген.Да арт.Рамантызм. Уязная брама сядзібы ў вёсцы Старыя Пескі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобл.