ВЕСНІНА́ (сапр. Ядзіткіна-Весніна) Лізавета Саламонаўна

(н. 28.10.1917, г. Сухумі),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1961). З 1939 (з перапынкам у 1941—45) працавала ў т-рах Гомеля, Магілёва, Брэста, у 1949—77 у Дзярж. рус. драм. т-ры ў Мінску. Выканаўца вострахарактарных роляў. Сярод лепшых: Мар’я («Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Каця («Варвары» М.Горкага), Лушка («Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава), Святлана («Яе сябры» В.Розава), Паэма («Не называючы прозвішчаў» В.Мінко), Калугіна («Таварышы па працы» Э.Брагінскага і Э.Разанава).

т. 4, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕЎ (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 6.5.1918, с. Манастырскае, Саратаўская вобл., Расія),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). У 1968—90 гал. рэдактар час. «Москва». Падзеі Вял. Айч. вайны, армейскія будні адлюстраваны ў рамане «Салдаты» (1951—53), аповесцях «Наследнікі» (1957), «Дывізіёнка» (1959), зб-ках апавяданняў «Наш лейтэнант» (1955), «Жылі-былі два таварышы...» (1958), мінулае і сучаснае жыццё вёскі — у раманах і аповесцях «Вішнёвы вір» (1961), «Хлеб — імя назыўное» (1964; фільм пад назвай «Жураўлік»), «Каруха» (1968), «Вярба неплакучая» (кн. 1—2, 1971—75; Дзярж. прэмія СССР 1976), «Задзіры» (1981) і інш.

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРНІДУ́Б, Дубавік, Дуб-Дубавік, Дубіна,

персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, памочнік гал. героя-асілка (Кацігарошка, Івашкі — Мядзведжага Вушка, Ваські Папялышкі і інш.). Здольны выварочваць стогадовыя дубы і перакідваць іх на вял. адлегласць. Герой-асілак выпрабоўвае моц Вярнідуба, залічвае яго ў таварышы, і яны разам з інш. волатамі змагаюцца супраць магутных фантаст. істот (Змея, Кашчэя Бессмяротнага), у якіх увасоблены злыя сілы. Як і інш. волаты, Вярнідуб значна саступае па сіле гал. герою. У некаторых казках здраджвае асілку, які карае яго, а часам даруе яму. Сустракаецца ў рус. і ўкр. фальклоры.

Літ.:

Гл. пры арт. Вярнігара.

А.С.Фядосік.

т. 4, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАНСУГУ́РАЎ (Ільяс) (1.5.1894, г.п. Джансугураў, Казахстан — 1937),

казахскі паэт. Вучыўся ў Маск. камуніст. ін-це журналістыкі (1925—28). Рэпрэсіраваны, у 1958 рэабілітаваны. Друкаваўся з 1915. Гіст. мінулае, перамены ў жыцці, побыце, псіхалогіі і свядомасці казахаў — у паэмах «Стэп» (1930), «Кулагер» (1936), рамане «Таварышы» (1933), зб. сатыр. твораў «Права» (1935), п’есах «Турксіб», «Нянавісць», «Ісатай-Махамбет» (усе 1936) і інш. Тонкі гумар, паглыблены лірызм, уменне адлюстроўваць найб. характэрныя сац. з’явы — адметныя асаблівасці яго таленту. Адзін з першых перакладчыкаў на каз. мову твораў Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы Дж. пераклаў У.Шахавец.

Літ.:

Каратаев М. И.Джансугуров. Алма-Ата, 1965.

Ж.Сахіеў.

т. 6, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНО́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 26.9.1932, Душанбе),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім пед. ін-це (1958—59). Першае апавяд. «Мы тут жывём» (1961). Аўтар аповесцей «Два таварышы» (1967), «Ступень даверу» (1972), рамана «Жыццё і незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» (1969—75, у СССР 1988; працяг — раман «Прэтэндэнт на прастол», 1979). У 1974 выключаны з СП СССР, у 1980 выехаў у ФРГ. Апублікаваў сатыр. аповесць «Іванькіяда» (1976, у СССР 1989), зб. прозы і публіцыстыкі «Шляхам узаемнай перапіскі» (1979), п’есу «Трыбунал», кнігу нарысаў «Антысавецкі Савецкі Саюз» (абедзве 1985), фантаст. раман-утопію «Масква 2042» (1986). У 1990 вярнуўся ў Расію.

Тв.:

Малое собр. соч. Т. 1—5. М., 1993.

С.Ф.Кузьміна.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМСАРА́ЕЎ (Хоца Намсараевіч) (9.5.1889, Кіжынгінскі аймак, Бурація — 28.7.1959),

бурацкі пісьменнік. Друкаваўся з 1919. Аповесць «Цырэмпіл» (1935) і раман «На досвітку» (1950) пра ўстанаўленне сав. улады. Падзеям Вял. Айч. вайны прысвечаны аповесці «Прамень перамогі» (1942), «Залатая страла» (1944), зб. вершаў «Перамога» (1942). Аўтар зб. апавяданняў па матывах бурацкай нар. творчасці «Так было...» (1935), п’ес «Цемра» (1919), «Цёмнае жыццё» (1921), аповесцей для дзяцей «Юнакі» (1949), «Тры таварышы» (1950) і інш. Збіраў і даследаваў бурацкі фальклор.

Тв.:

Рус. пер. — Цыремпил. М., 1989;

На утренней заре. Так было. Однажды ночью. Улан-Удэ, 1989;

Сагадай Мэрген. М., 1990.

Літ.:

Соктоев А.Б. Хоца Намсараев. Улан-Удэ, 1971.

т. 11, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НІН (Анатоль Веньямінавіч) (н. 22.8.1916, г. Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобл., Расія),

расійскі пісьменнік. У 1941 апублікаваў аповесць «Курганы», на аснове якой і аповесцей «На поўдні» (1944) і «Таварышы» (1945) створаны раман «Чырвоны сцяг» (1951). У раманах «Суровае поле» (1958), «Забароненая зона» (1962), «Грукаціце, званы!» (1966—67), «Цыган» (кн. 1—2, 1960—83; паводле аднайм. аповесці маст. фільм 1967), аповесцях «Рэха вайны» (1963), «Вяртання няма» (1971) тэмы барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі, пасляваен. жыцця вёскі, важныя пытанні сучаснасці. Аўтар паэт. зб. «Па крузе сумлення і абавязку» (1983), кніг пра М.Шолахава, зб-каў нарысаў, літ.крытычных артыкулаў. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1982—83.

Літ.:

Карпова В. Анатолий Калинин. 2 изд. М., 1976;

Шишкина Н.А. От имени сердца: Размышления над страницами книг АВ.Калинина. Ростов н/Д, 1981.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́ЕНКА (Яўсей Яўсеевіч) (28.8.1916, г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.11.1988),

расійскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1970). Правадз. чл. АМ СССР (1973). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1936—47). З 1958 выкладаў у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (з 1963 праф.). Працаваў пераважна ў батальным, пейзажным, партрэтным жанрах. Найб. значныя работы прысвечаны грамадз. і Вял. Айч. войнам: «Чырвоныя прыйшлі» (1961), «Таварышы» (1964), «Чарэшня», «Камісар» (абедзве 1969), «Перамога» (1972). Жывапіс адметны шырокай, экспрэсіўнай манерай пісьма, дынамікай кампазіцыйных рытмаў. Беларусі прысвяціў карціны «З дзяцінства» (1977), «У вайну», «Жанчына ў чорным» (абедзве 1978). Дзярж. прэмія Расіі імя Рэпіна 1966. Ленінская прэмія 1974. Дзярж. прэмія СССР 1983.

Літ.:

Кривенко И.А. Е.Е.Моисеенко. Л., 1960;

Кекушева Г.В. Евсей Моисеенко: Живопись: [Альбом]. М., 1981.

В.Я.Буйвал.

Я.Майсеенка. Камісар. 1969.

т. 9, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНЯЦВЕ́Т (Эдзі) (сапр. Каган Эдзі Сямёнаўна; н. 11.10.1913, Мінск),

бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед. ін-т (1936). Друкуецца з 1929. Выдала зб-кі лірыкі «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Беларуская рабіна» (1959), «Жаданне» (1971), «Закаханым» (1986) і інш. Шмат піша для дзяцей: «Васількі» (1947), «Твае таварышы» (1959), «Доктар Смех» (1977), «На двары алімпіяда» (1984, Міжнар. ганаровы дыплом 1986), «Рэчка-рэчанька мая» (1991) і інш. На бел. мову пераклала творы франц. паэзіі («Краіна Паэмія», для дзяцей, 1962; «Выбраныя песні» П.Ж.Беранжэ, 1960; «Зямны акіян» Г.Апалінэра, 1973; «З табой» П.Элюара, 1980); у 1993 выдадзены зб. перакладаў «З французскай і бельгійскай паэзіі»). Па яе лібрэта пастаўлены оперы для дзяцей «Джанат» (1942, муз. Л.Шварца) і «Марынка» (1955, муз. Р.Пукста).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1976.

Літ.:

Барсток М.М. Эдзі Агняцвет // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд. Мн., 1980.

Э.Агняцвет.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГА́НСКАЯ (Ядвіга Іосіфаўна) (29.2.1908, Улан-Удэ — 3.4.1992),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1930). Настаўнічала. У 1937 пасля арышту мужа паэта А.Сака арыштавана, у 1938 засуджана на 10 гадоў пазбаўлення волі і адпраўлена ў лагер на Калыму. У 1948 вярнулася на Беларусь. Рэабілітавана ў 1954. Дэбютавала вершамі ў 1926. Першая аповесць «Далёка на Поўначы» (1954). Кнігі Бяганскай для дзяцей («Жэнеў галубок», 1958; «Зосіна зорачка», 1965; «Кожны марыць стаць Калумбам», 1968; «Сланечнікі», 1980, і інш.) вылучаюцца добрым веданнем дзіцячай псіхалогіі, назіральнасцю, уменнем займальна будаваць сюжэт. Перакладала з польск. (аповесці Б.Ясенскага «Палю Парыж», 1932; Г.Машынскай-Гофман «Вера і яе таварышы», 1965; Я.Корчака «Кароль Мацюсь Першы», 1970) і славацкай (раманы М.Крно «Я вярнуся жывы», 1960; У.Мінача «Жывыя і мёртвыя», 1961, з А.Мажэйкам; аповесці К.Ярунковай «Брат маўклівага ваўка», 1976; Я.Грушоўскага «Яношак», 1980).

Тв.:

Ля самага сіняга мора. Мн., 1982;

Сонцу і ветру насустрач. Мн., 1988.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)