рыфма, якая паўтараецца ў вершы 5 і больш разоў запар. Асабліва характэрна для ўсх. паэзіі. Трапляецца і ў бел. паэзіі, для спалучэння тых радкоў твора, у якіх разгорнута адна вобразная думка:
І мне наканаваны бой
З другімі і самім сабой
Бой з тупасцю. як пень, тупой,
Бой з чэрствасцю, як час, скупой.
Бой з крывадушнасцю любой.
Бяскроўны, ды смяротны бой.
Бой нерваў, сэрца перабой,
Калі нібы перад табой
Такі, як ты, ды не такі,
А пустазвоны-мастакі.
(А.Лойка. «...І мне наканаваны бой»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАРЫ́М (франц. monorime ад мана... + rime рыфма),
верш, радкі якога яднаюцца адной рыфмай — манарыфмай. Пашыраны пераважна ва ўсх. паэзіі. Ва ўсх.-слав. паэзіі найб. вядомы як сатыр, і гумарыст. верш («Чаго баіцца немец?» П.Панчанкі, «Лірычны жарт» С.Ліхадзіеўскага), сустракаецца і як лірычны («Лясок» М.Танка). М. — часам асобная частка буйнога твора, напр., даволі рэдкім відам М. (з рэдыфам) пачынаецца «Паэма мора» А.Вярцінскага:
Што будзем рабіць з табой, мая змора?
Да мора!
Адкуль жураўліная гэта пакора?
Да мора!
Душа захацела марскога прастору...
Да мора!
Лета прайшло, а другое не скора
Да мора!
Сябры і сям’яне, не трэба дакору!
Да мора!
Як быццам там іншыя шчасце і гора...
Да мора!
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯЦВЕ́Т (Эдзі) (сапр.Каган Эдзі Сямёнаўна; н. 11.10.1913, Мінск),
бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед.ін-т (1936). Друкуецца з 1929. Выдала зб-кі лірыкі «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Беларуская рабіна» (1959), «Жаданне» (1971), «Закаханым» (1986) і інш. Шмат піша для дзяцей: «Васількі» (1947), «Твае таварышы» (1959), «Доктар Смех» (1977), «На двары алімпіяда» (1984, Міжнар. ганаровы дыплом 1986), «Рэчка-рэчанька мая» (1991) і інш. На бел. мову пераклала творы франц. паэзіі («Краіна Паэмія», для дзяцей, 1962; «Выбраныя песні» П.Ж.Беранжэ, 1960; «Зямны акіян» Г.Апалінэра, 1973; «З табой» П.Элюара, 1980); у 1993 выдадзены зб. перакладаў «З французскай і бельгійскай паэзіі»). Па яе лібрэта пастаўлены оперы для дзяцей «Джанат» (1942, муз. Л.Шварца) і «Марынка» (1955, муз. Р.Пукста).
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1976.
Літ.:
Барсток М.М. Эдзі Агняцвет // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд.Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАНІ́ЦЬБА ЦЯРЭ́ШКІ»,
традыцыйнае гульнявое прадстаўленне «вяселля для ўсіх», прымеркаванае да Каляд. Паводле характару адпавядае карнавалізавана-гульнявым звычаям (з абрадавым травесці), уласцівым культуры многіх еўрап. народаў. Пашырана на Бел. Паазер’і. Адлюстроўвае настрой калядных святкаванняў як «крывых вечароў» (з амбівалентнасцю дзеянняў «шыварат-навыварат»). Уключае некалькі этапаў: выбар са старэйшых удзельнікаў «бацькі» і «маці», якія потым «дабіраюць» і «жэняць» пары, «прыпяваюць» іх адзін да аднаго («Ай, роўная парачка — ім гарэлкі чарачка») і «скручваюць» у танцы (часцей «Лявоніха»); пачарговае «пералоўліванне» «маладых», агульнае застолле з песнямі і танцамі. Скразным элементам, які цэментуе ўсю гульню, з’яўляюцца рытуальныя «цярэшкінскія песні» з адметнай тыповай рытмаформулай. Разнастайныя тэксты «Ж.Ц.» амбівалентна пераафарбоўваюць драматызм сапраўднага вяселля ў гумарыстычным (часам гратэскавым) плане («Дзед бабу — чабок на дно, а мне, дзед, і тут ладно»). Умоўнасць «несапраўднага» гульнявога вяселля адзначана і ў «цярэшкінскіх песнях» («Мне з табой не век векаваць — адну ночаньку пагуляць»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Валерый Кірылавіч) (н. 4.1.1948, г.п. Глуск Магілёўскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975, клас П.Падкавырава). З 1977 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Асн. дасягненні ў жанры песні (найб. вядомыя цыкл песень-балад «Будзьце абавязку верныя»; песні «Пахне чабор», «Тапаліны звон», «Гуляць дык гуляць», «Раз ды разок...», «Ты ды я, ды мы з табой», «Каханая» і інш. на вершы бел. паэтаў). Сярод інш. твораў: вак.-сімф. паэма «Элегія аб чацвёртай бярозе» на вершы М.Танка (1976); 2 сімфоніі (1974, 1980), сімф. паэма «Прысвячэнне старому гораду» (1979); 2 канцэрты, у т. л. для трубы з арк. (1992); цыкл муз. карцін «Зямля бацькоў» (1977—81); драм. паэма «Сымон-музыка» для арк.нар. інструментаў (1983); п’есы для цымбальнага, у т. л. «Спеў дуброў» (1978), эстр. аркестраў, музыка да тэатр. і радыёпастановак, кіна- і тэлефільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ПІН (Ігар Іванавіч) (н. 10.10.1941, г. Каменск-Уральскі Чэлябінскай вобл., Расія),
расійскі паэт.Чл.-кар.Міжнар. славянскай акадэміі навукі, культуры, мастацтва і адукацыі (1996). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1971), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1979). З 1971 у выд-вах «Сучаснік», «Савецкая Расія», у 1982—85 гал. рэдактар выд-ва «Дзіцячая літаратура», з 1993 1-ы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі. Друкуецца з 1959. У паэт. зб-ках «Міжрэччы» (1973), «Жыву табой» (1976), «Невеснавыя воды» (1978), «Не ў чыстым полі» (1979), «Лінія лёсу» (1981), «Сам-насам з табою, жыццё» (1985), «Акно, расчыненае ветрам» (1986), «Вятры дарог» (1988), «Яе завуць Расіяй» (1997), «Аўтограф» (1998) і інш. роздум пра час, лёс Расіі, славян, абавязак перад сваім народам, складанасць духоўнага свету сучасніка, тэма кахання. Яго паэзіі ўласцівы шчырая спавядальнасць, канкрэтнасць вобразаў, грамадзянскі тэмперамент, вострая публіцыстычнасць. Піша вершы і на бел. тэматыку («Беларусь», «Зачараваныя мае...» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬЧЭ́ЎСКІ ((Malczewski) Яцак) (15.7. 1854, г. Радам, Польшча — 8.10.1929),
польскі жывапісец; прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1873—76 і 1877—78) у Я.Матэйкі, у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1876—77). Праф. Школы прыгожых мастацтваў (1896—1900) і АМ (1910—21; у 1912—14 рэктар) у Кракаве. Чл. аб’яднання «Мастацтва». Пад уплывам творчасці А.Гротгера і Ю.Славацкага пісаў карціны на тэмы паўстання 1863—64: «Нядзеля ў шахце». (1882), «На этапе» (1883), «Смерць на этапе» (1891), «Куцця ў Сібіры» (1892) і інш. Ствараў прасякнутыя атмасферай роздуму і смутку метафарычна-алегарычныя кампазіцыі, у якіх часта адлюстроўваў фантаст. і біблейскія істоты. Сярод твораў: «Меланхолія» (1890—94), «Зачараванае кола» (1895—97), «Анёл, пайду за табой» (1901), трыпціхі «За анёлам» (1891), «Айчына» (1903), «Музыка» (1906), «Маё жыццё» (1911—12), «Маё пахаванне» (1923), цыклы «Русалкі» (1887—88), «Атручаная студыя» (1905—06) і інш. Аўтар партрэтаў (А.Веляпольскага, 1903; У.Рэйманта, 1905, і інш.), аўтапартрэтаў («Аўтапартрэт з гіяцынтам», 1902; «Аўтапартрэт», 1908, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІННІЧЭ́НКА Уладзімір Кірылавіч [7.8.1880, с. Грыгарыіўка (паводле інш. звестак — Вялікі Кут) Херсонскай губ., Украіна — 6.3.1951], украінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, публіцыст. Чл.Рэв.укр. партыі (РУП). У снеж. 1905 удзельнічаў ва ўстаноўчым з’ездзе Укр.с.-д. рабочай партыі, выступаў за аўтаномію Украіны. У 1907—14 у эміграцыі. У брашуры «Пра мараль паноў і мараль прыгнечаных» (1911) выклаў сваё этычнае і паліт. крэда. У 1917 адзін з лідэраў Укр.с.-д. рабочай партыі, старшыня Ген. сакратарыята — урада Цэнтр. Рады. У 1918 — лют. — кіраўнік Дырэкторыі Украінскай народнай рэспублікі (гл. таксама Украінскай Дырэкторыі ўрад). У 1920 у Вене арганізаваў замежную групу Укр.камуніст. партыі, выдаваў газ. «Нова доба» («Новая эпоха»). У маі 1920 у Маскве вёў перагаворы пра ўваходжанне ў склад урада Сав. Украіны, прызначаны нам. старшыні Саўнаркома і наркома замежных спраў Украіны. Расчараваўшыся ў сац. і нац. палітыцы, выехаў за мяжу. Апошнія гады жыцця правёў у Францыі; у 1941 за адмову супрацоўнічаць з фашыстамі зняволены ў канцлагер. Аўтар аповесцей, апавяданняў (1902—06) пра жыццё сял. беднаты, глухой правінцыі. Сац.-псіхал. раманы «Запаветы бацькоў» (1914), «Хачу» (1916), «Запіскі кірпаносага Мефістофеля» (1917) пра ідэйны і духоўны крызіс, крайні індывідуалізм і скепсіс у рэв. асяроддзі. У эміграцыі апублікаваў уласную версію гісторыі ўкр. рэвалюцыі («Адраджэнне нацыі», т. 1—3, 1920). Аўтар фантаст. рамана-утопіі «Сонечная машына» (1928), рамана-антыутопіі «Лепразорый» (1938), паліт. рамана «Слова за табой, Сталін!» (нап. 1950); на працягу 40 гадоў (1911—51) вёў дзённік. Стварыў больш як 70 жывапісных палотнаў.
Тв.:
Рус.пер.: — Собр. соч.Т. 1—9. М., 1911—17;
Из истории украинской революции // Революция на Украине по мемуарам белых. М.; Л., 1930 (репр. Киев, 1990);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДУ́ЛІН (Рыгор Іванавіч) (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел. народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне бел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.Райніса, зб-кі твораў А.Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана, П.Нэруды, Н.Гільена, А.Міцкевіча, В.Каратынскага, У.Бранеўскага, С.Нерыс, О.Вацыеціса, С.Паптонева, С.Ясеніна, Я.Еўтушэнкі, Б.Акуджавы, Б.Ахмадулінай, М.Нагнібеды, Р.Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976 за зб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.Барсукоў, Г.Вагнер, З.Галубіцкая, Я.Глебаў, У.Журовіч, М.Наско, Дз.Смольскі, М.Хаўхлянцаў і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1984;
Свята пчалы. Мн., 1975;
Белая яблыня грому. Мн., 1979;
Вечалле. Мн., 1980;
Паэмы прызвання. Мн., 1982;
Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;
Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;
Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;
Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;
Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;
Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;
Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;
Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;
Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр.тв.Мн., 1984. Т. 1;
Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.