сікатывы

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНЫЯ ФА́РБЫ,

суспензіі неарганічных пігментаў і напаўняльнікаў у пакостах. Пігменты — двухаксід тытану, вохра, жалезны сурык, аксід хрому і інш.; напаўняльнікі — тальк, каалін, слюда і інш. Для хуткага высыхання ў алейныя фарбы дадаюць сікатывы, для лепшага дыспергавання — паверхневаактыўныя рэчывы. Выпускаюцца густацёртыя (пастападобныя) і гатовыя для выкарыстання (вадкія). Пры высыханні, абумоўленым акісляльнай палімерызацыяй раслінных алеяў пакосту, утвараецца плёнка (атмасфераўстойлівая, з невысокай цвёрдасцю, набракальная ў вадзе, разбуральная ў шчолачах). Выкарыстоўваюцца ў буд-ве, алейным жывапісе.

т. 1, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КІ (ням. Lack),

растворы плёнкаўтваральных рэчываў у арган. растваральніках. Тонкія слаі Л., нанесеныя на паверхню, высыхаюць з утварэннем цвёрдых, бліскучых, празрыстых пакрыццяў (гл. Лакафарбавыя пакрыцці). У састаў Л. звычайна ўваходзяць пластыфікатары, сікатывы, ацвярджальнікі і інш. спец. дабаўкі. Класіфіцыруюць Л. паводле хім. прыроды плёнкаўтваральніка, напр., алкідныя лакі (гл. Алкідныя смолы), поліэфірныя лакі, эфірацэлюлозныя лакі, а таксама паводле галін выкарыстання (напр., мэблевыя, кансервавыя, электраізаляцыйныя). Выкарыстоўваюць як аснову пры атрыманні эмаляў, грунтовак, шпаклёвак, для апрацоўкі драўніны, металу, пластмасы, паперы, тканін.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНЫЯ ЛА́КІ,

растворы прадуктаў сумяшчэння алеяў і прыродных ці сінт. смол у арган. растваральніках. На алейныя лакі выкарыстоўваюць рафінаваныя і часткова запалімерызаваныя алеі, прыродныя (каніфоль, бурштын і інш.) і сінтэтычныя (фенола-фармальдэгідныя смолы і іх мадыфікацыі) смолы, растваральнікі (уайт-спірыт, сальвент-нафта, бензін, шкіпінар і інш.), дадаюць сікатывы.

У залежнасці ад колькасці алею алейныя лакі падзяляюцца на посныя, сярэднія, тлустыя; атмасфераўстойлівасць іх павялічваецца з павышэннем тлустасці. Алейнымі лакамі пакрываюць металы, драўнінныя пластыкі, прамочваюць абмоткі электраабсталявання, выкарыстоўваюць у грунтоўках, шпаклёўках і эмалевых фарбах. Замяняюцца алкіднымі лакамі.

т. 1, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,

тэрмарэактыўныя і тэрмапластычныя смолы, якія атрымліваюцца пры кандэнсацыі полікарбонавых кіслот, поліспіртоў і вышэйшых монакарбонавых кіслот (пераважна аліфатычных кіслот алеяў). Найб. пашыраныя гліфталевыя (на аснове фталевага ангідрыду і гліцэрыны) і пентафталевыя (на аснове фталевага ангідрыду і пентаэрытрыту). Ліпкія, высакавязкія рэчывы з мал. масай 1500—5000 растваральныя ў талуоле, уайт-спірыце, сальвент-нафце; нізкамалекулярныя разбаўляюцца вадой. Тэрмарэактыўныя (высыхальныя) змяшчаюць дэгідратаваныя вытворныя рыцыны, ільняны і тунгавы алеі; тэрмапластычныя (невысыхальныя) — какосавы алей ці сырую рыцыну. Адрозніваюцца па тлустасці, маюць да 34—70% алею.

Алкідныя смолы — аснова алкідных лакаў (канцэнтрацыя 40—60%, змяшчаюць таксама сікатывы, ацвярджальнікі, растваральнікі і інш. плёнкаўтваральнікі). Выкарыстоўваюцца як кампаненты фарбаў для аўтамабіляў, розных прылад і прамысл. абсталявання, скуры; у вытв-сці клеяў, друкарскіх фарбаў.

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКО́СТЫ (ад польскага pokost лак),

вадкія плёнкаўтваральныя рэчывы на аснове алеяў ці алкідных смол. Колер ад жоўтага да вішнёвага. Добра змочваюць металы, дрэва, тканіну. Нанесеныя тонкім слоем высыхаюць пры пакаёвай т-ры за 24 гадз, утвараюць эластычныя плёнкі, нерастваральныя ў вадзе і арган. растваральніках.

Адрозніваюць натуральныя, камбінаваныя, паўнатуральныя (напр., аксоль) і алкідныя (гліфталевыя, пентафталевыя, ксіфталевыя П.). Для паскарэння высыхання пры атрыманні дадаюць сікатывы — солі (пераважна лінолевай ці нафтэнавых кіслот) свінцу, марганцу, кобальту. Натуральныя П. атрымліваюць з алею (у асн. ільнянога, канаплянага) частковай яго полімерызацыяй пры 270—280 °C ці награваннем пры 140—160 °C з адначасовым прадзіманнем паветра. Камбінаваныя і паўнатуральныя, а таксама алкідныя П. — растворы ва уайт-спірыце сумесей абязводжаных алеяў з полімерызаванымі высыхальнымі ці паўвысыхальнымі алеямі і тлустых алкідных смол. Выкарыстоўваюць для атрымання і разбаўлення алейных фарбаў, а таксама для прамочвання драўніны перад яе апрацоўкай гэтымі фарбамі.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІФО́ЛЬ,

цвёрды прадукт, што застаецца пасля адгонкі шкіпінару са смольных рэчываў драўніны хваёвых парод.

Крохкая, шклопадобная, празрыстая смала светла-жоўтага (часам цёмна-рудога) колеру. Размякчаецца пры т-ры 40—75 °C, tпл 100-140 °C, шчыльн. 1070—1090 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне, бензоле. Мае 60—92% смаляных кіслот агульнай ф-лы C19H29COOH, 0,5—12% аліфатычных кіслот, 8—20% нейтральных рэчываў (сескві-, ды- і трытэрпеноіды). Атрымліваюць адгонкай з парай з жывіцы хвоі звычайнай (К. жывічная, якая мае найлепшыя спажывецкія ўласцівасці), са здробненай драўніны прасмоленых хваёвых пнёў экстракцыяй бензінам (К. экстракцыйная), вакуумнай рэктыфікацыяй талавага масла (К. талавая). Выкарыстоўваюць К. і яе вытворныя для праклейвання паперы і кардону, у вытв-сці лакаў і фарбаў, пластмас, у якасці флюсу пры паянні металаў; каніфольнае мыла (звычайна натрыевыя солі К.) як эмульгатар у вытв-сці сінт. каўчуку, латэксаў, як кампанент клеявых кампазіцый; солі кальцыю, алюмінію і некат. інш. металаў як сікатывы.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)