АВЯР’Я́НАЎ (Юрый Іванавіч) (н. 16.6.1952, р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. акцёр. Скончыў Вышэйшае тэатр. вучылішча пры Яраслаўскім т-ры імя Волкава (1972). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Характарны акцёр. Яму ўласцівы глыбокае адчуванне рэжысёрскай стылістыкі, веданне псіхалогіі сваіх персанажаў, пластычнасць і высокая культура сцэн. мовы. Сярод роляў: Банавантура-Выкрутач («Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Сёмка («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева), Ак’егет («У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма), Менахем-Мэндл («Памінальная малітва» Р.​Горына паводле Шолам-Алейхема). Аўтар радыёперадач аб музыцы, рэжысёр радыёспектакляў, у т. л. оперы «Агатка» Я.​Д.​Голанда і М.​Радзівіла.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Герман Віктаравіч) (н. 2.3.1946, г. Падольск Маскоўскай вобл.),

бел. артыст аперэты. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Маскоўскае муз. вучылішча імя Гнесіных (1973). З 1973 артыст Растоўскага дзярж. т-ра муз. камедыі, з 1978 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Яго творчасці ўласцівы прыродныя артыстызм і пластычнасць, акцёрская інтуіцыя і тонкі густ, пачуццё гумару. Сярод роляў у спектаклях бел. кампазітараў: Шкаляр і Нямецкі камендант («Несцерка» і «Судны час» Р.​Суруса), Элестэр («Мільянерка» Я.​Глебава), Андрэй («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Суддзя («Калі заспявае певень» А.​Чыркуна), Майкл («Джулія» У.​Кандрусевіча); з інш. роляў: Боні, Зупан («Сільва», «Марыца» І.​Кальмана), Іпаліт («Фраскіта» Ф.​Легара), Фальк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Аякс («Цудоўная Алена» Ж.​Афенбаха), Сёмка («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Гары («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Алег Баян («Клоп» У.​Дашкевіча), Чараўнік («Чараўнік» Д.​Рансуінка).

А.​Я.​Ракава.

т. 7, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ЦІН (Ісідар Міхайлавіч) (сапр. Балотны Ізраіль Рувімавіч; 8.9.1907, г. Бабруйск — 7.12.1961),

бел. спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыў Бел. муз. тэхнікум (1930, педагогі В.​Цвяткоў і А.​Баначыч), Бел. студыю оперы і балета (1933). З 1933 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (у Айч. вайну саліст Свярдлоўскага т-ра, у 1941—42 спяваў у Вял. т-ры). Валодаў гібкім выразным голасам, прыроднай музыкальнасцю, пачуццём муз. стылю. Майстэрства пераўвасаблення давала яму магчымасць ствараць разнапланавыя вобразы. У яго рэпертуары было больш за 60 партый. Сярод іх: Саўка («У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Сёмка («Алеся» Я.​Цікоцкага), Дамавы («Страшны двор» С.​Манюшкі), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Дуброўскі («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Герцаг («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Вашак («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны).

Літ.:

Смольскі Б. Таленавіты спявак (І.​М.​Балоцін) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

І.М.Балоцін.
І.Балоцін у ролі Яўгена Анегіна.

т. 2, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМАЗА́Н (Арнольд Кандратавіч) (н. 14.6.1939, г. Камсамольск-на-Амуры, Расія),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Нар. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967, курс Р.​Качаткова). З 1967 працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца вострахарактарных і камед. роляў. Мастацтву П. ўласцівы тэатр.-жыццёвая дакладнасць вобразаў, вонкавая завершанасць малюнка, мяккі гумар, пластычнасць, музыкальнасць. Стварыў разнапланавыя характары ў нац. драматургіі: Адольф Быкоўскі, Растрага («Паўлінка», «Тутэйшыя» Я.​Купалы), Лейзер («Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Чарнавус («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Гарык («Пагарэльцы» А.​Макаёнка), Адвернік («Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча), Міхалка Багдалевіч ’(«Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх), Падзерын, Косця, Дружыннік («Плач перапёлкі», «Госці», «Звон — не малітва» І.​Чыгрынава), Буслай, Кузьма, Першы селянін («Парог», «Вежа», «Князь Вітаўт» А.​Дударава), Сёмка («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева). Сярод інш. роляў: Кудраш, Бадаеў, Дасужаў («Навальніца», «Лес», «Даходнае месца» А.​Астроўскага), купец Абдулін («Рэвізор» М.​Гогаля), Алёшка («На дне» М.​Горкага), Калібан, Эгей («Бура», «Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра), Доктар («Нежанаты мнагажэнец» Мальера), Марцін («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Незнаёмец («Жанчына з мора» Г.​Ібсена), Удра («Безыменная зорка» М.​Себасцьяна). Зняўся ў бел. кіна- і тэлефільмах: «Я, Францыск Скарына», «Іван Макаравіч», «Хроніка ночы», «Нас выбраў час», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена», «Вазьму твой боль», «Імяніны», «Чужая бацькаўшчына», «Клетка малпы», «Момант ісціны», «Мая справа цялячая», «Пушча», «Птушкам крылы не ў цяжкасць», «Хам», «Залаты рэйс», «Інтэрпол», «Легенда Белай вежы» і інш.

Р.​І.​Баравік.

А.К.Памазан.
А.Памазан (у цэнтры) у ролі Міхалкі Багдалевіча.

т. 12, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)