Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРО́СІМАЎ Хрыстафор, ювелір 17 ст. Выхадзец з Беларусі. Працаваў у Сярэбранай палаце Маскоўскага Крамля. У 1660—64 па асабістым загадзе цара рабіў «усялякія сярэбраныя суды і царкоўныя кадзілы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
асноўны цэнтр манетнай вытв-сці ВКЛ. Існаваў з канца 15 ст. да 30.12.1667. Выпускаў аболы, дэнарыі, двайныя дэнарыі, соліды (сярэбраныя), паўгрошы, грошы, 1,5-грашовікі, траякі, 4-грашовікі, шастакі, талеры, орты, злотыя, тымфы, паўдукаты, дукаты, партугалы. Да выпуску двара адносяць і сярэбраныя дэнарыі Вітаўта [1392—1430]. Да Люблінскай уніі 1569 на манетах была выява «Пагоні», у часы Стафана Баторыя — гербы ВКЛ і Каралеўства Польскага, пры Яне II Казіміру аднавілі «Пагоню». Манеты Віленскага манетнага двара вылучаюць па гербах падскарбіяў вял. літоўскіх або па знаках арандатараў двара. Вядомы лічыльныя жэтоны сярэдзіны 16 — пач. 17 ст. Віленскага манетнага двара са знакамі падскарбіяў літоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙКО́ПСКІ КУРГА́Н,
помнік эпохі ранняй бронзы (канец 3-га тыс. да н.э.) у г. Майкоп (Расія). Даследаваны ў 1897 М.І.Весялоўскім. У кургане выяўлена багатае пахаванне племяннога правадыра і яго 2 жонак. Правадыр быў пахаваны пад балдахінам, расшытым залатымі бляшкамі ў выглядзе колцаў, фігурак ільвоў і быкоў. Яго падтрымлівалі 4 сярэбраныя шасты, якія заканчваліся літымі фігурамі быкоў з золата і серабра. Каля нябожчыка стаялі 2 залатыя і 14 сярэбраных пасудзін. На адной з іх выразаны малюнак, які нагадвае абрыс Каўказскага хрыбта. Знойдзены разнастайныя медныя прылады працы, сярэбраныя і залатыя ўпрыгожанні, сердалікавыя пацеркі, прывескі з бірузы, ляпіс-лазураку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎ Ларывон, ювелір 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў ў Сярэбранай палаце Маскоўскага Крамля. У 1676 разам з бел. ювелірамі Іванам Андрэевым, Іванам Пракоф’евым, Васілём Іванавым зрабіў сярэбраныя пазалочаныя рукамыйнікі для рус. царэвічаў Івана і Пятра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРСЦЁНАК,
упрыгожанне, якое надзяваюць на палец (перст). Пашыраны ў большасці народаў свету. Касцяныя П. вядомы з эпохі палеаліту, металічныя — з бронзавага веку. У Стараж. Егіпце пашыраны т.зв. пячатныя П. з выразанымі надпісамі ці выявамі, адбітак якіх выкарыстоўваўся ў якасці подпісу ўладальніка. Пячатныя П. (у іх часта ўстаўляліся гемы) вядомы таксама ў эгейцаў, грэкаў і этрускаў. У Рымскай рэспубліцы сенатары і коннікі насілі залатыя П., простыя грамадзяне — жалезныя. З 3 ст. ўсе вольнанароджаныя Рымскай імперыі атрымалі права насіць залатыя П., вольнаадпушчаннікі — сярэбраныя. У сярэдневякоўі на Русі ў гарадах насілі залатыя і сярэбраныя пярсцёнкі з выявамі, на вёсцы — медныя з геам. арнаментам. У пазнейшыя часы пашырыліся залатыя і сярэбраныя П. з каштоўнымі ці паўкаштоўнымі камянямі. У каталіцкіх епіскапаў П. — знак іх улады. З часоў Стараж. Рыма гладкія, без упрыгожанняў П. выкарыстоўваюцца многімі народамі як заручальныя пры заключэнні шлюбу. На тэр. Беларусі П. з вузкіх бронзавых пласцінак вядомы з 7 ст. да н.э. ў плямён мілаградскай і зарубінецкай культур. У 10—14 ст. П. выраблялі з каляровых і каштоўных металаў, шкла з замкнёнымі і незамкнёнымі канцамі, паводле тыпалогіі і тэхналогіі вытв-сці бранзалетаў таго часу. Найб. вядомыя знаходкі залатых П. 10 ст. з Віцебска і 13—14 ст. з Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРО́ПАЛЬСКІ КУРГА́Н, Лугавая Магіла,
адзін з найбуйнейшых (выш. 21 м) скіфскіх «царскіх» курганоў каля в. Александропаль (Нікапальскі р-н, Украіна). Быў абнесены ровам і земляным валам. Выяўлены 3 разрабаваныя яшчэ ў старажытнасці катакомбы, у якіх знаходзіліся шкілеты багатых скіфаў, іх абслугі, коней (15), рэшткі калясніц, бронзавыя навершы, залатыя і сярэбраныя вырабы — узоры скіфскага і скіфска-грэч. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ЎНЯ ШЫ́ЙНАЯ,
старажытнае ўпрыгожанне накшталт абруча з бронзы, білону, серабра, якое насілі на шыі (стараслав. — грыва). Вядома з 2-га тыс. да н.э., на Беларусі з ранняга жал. веку, у 9—13 ст. характэрна для славян і балтаў. З археал. раскопак вядомы пласціністыя (арнаментаваныя насечкамі, часта з падвескамі) і вітыя. Грыўні шыйныя сярэбраныя, зрэдку залатыя, былі адзнакамі ўлады. Асноўная знаходка Казярожскіх скарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́СЬКАЎСКІ СКАРБ,
манетны скарб, знойдзены ў в. Мароські Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. ў 1971. Скарб ухаваны ў 1655—56. У гліняным гаршку знаходзіліся білонныя і сярэбраныя манеты ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Шведскай Прыбалтыкі, Курляндыі, Брандэнбурга, Прусіі, герцагстваў Цешын і Сучава, Іспанскіх Нідэрландаў, Рэспублікі Злучаных Правінцый, з якіх вядомы 5682 экз. Адзін з найбуйнейшых грашовых скарбаў 17 ст., выяўленых на Беларусі. Зберагаецца ў Мінскім абл. краязн. музеі.