РЭЗЮМЭ́ (франц. résumé ад résumer выкладаць коратка),

сціслы выклад зместу, сутнасці, асн. палажэнняў, вывадаў артыкула, даклада, прамовы, паведамлення.

т. 13, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗЕ́НКІ (Łazienki),

палацава-паркавы комплекс 17—19 ст. у Варшаве; помнік ранняга класіцызму з рысамі барока. Былая каралеўская рэзідэнцыя. Пабудовы комплексу адметныя строгімі формамі і камернымі маштабамі архітэктуры, гарманічнай сувяззю з пейзажным паркам. На сажалцы выспа з каралеўскім палацам (напачатку купальня кн. Любамірскіх, 1683—90, арх. Тыльман Гамерскі; перабудавана ў 1784—95, арх. Д.​Мерліні, інтэр’еры яго ж і Я.​Камзетцэра). У парку: «Белы домік» (1774—77, размалёўкі Я.​Б.​Плерша, Я.​Сціслы), палац «Мысьлевіцы» (1775—79, абодвух арх. Мерліні; размалёўкі Плерша, А.​Герлічкі), павільёны, каланады, скульптура А.​Лебрэна і Я.​Манальдзі, помнік Ф.​Шапэну (1907—26, скульпт. В.​Шыманоўскі). Пашкоджаны ў 1945, адноўлены ў 1964. Цяпер музей.

Палац у Лазенках.

т. 9, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КРАЁВЫ З’ЕЗД,

выдуманы форум «дэлегатаў беларускіх грамадзянскіх і палітычных арганізацый, сялянскіх радаў», членаў «быўшай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ... іншых краёвых арганізацый цэлай Беларусі», які нібыта адбыўся 28—30.1.1919 у зоне «бальшавіцкай акупацыі» — у Навагрудку. «Прэзідэнт» нібыта абранай на Беларускім краёвым з’ездзе Беларускай краёвай народнай рады У.​Цвірка-Гадыцкі меў у той час сталыя кантакты з дзеячамі БНР і нават супрацоўнічаў з імі. Легенда аб Беларускім краёвым з’ездзе ўзнікла ў сак. 1919, калі дэлегацыя БНР на чале з А.​Луцкевічам дамагалася ўдзелу ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. 23.3.1919 Цвірка-Гадыцкі і член Бел. краёвай нар. рады А.​Янсан накіравалі міністру-прэзідэнту Польшчы І.​Падарэўскаму ліст, у які ўключылі «рэзалюцыю з’езда», што тычылася справы бел. дзяржаўнасці. Аўтары «рэзалюцыі» пісалі, што «Беларусь у сваіх этнаграфічных межах... увойдзе ў сціслы звязак з Польскай Рэчы Паспалітай». Спасылкай на гэтую «рэзалюцыю» міністр-прэзідэнт Польшчы даводзіў на Парыжскай мірнай канферэнцыі, што дэлегацыя БНР не мае паўнамоцтваў і не можа ўдзельнічаць у перагаворах. «Рэзалюцыя» істотнага ўплыву на работу Парыжскай мірнай канферэнцыі не зрабіла. Фіктыўнасць Беларускага краёвага з’езду была даказана, і ў чэрв. 1919 прадстаўнікі бел. народа былі дапушчаны на канферэнцыю.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)