Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Расцяжэнне і сцісканне (у супраціўленні матэрыялаў) 4/371; 9/130
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЦЯЖЭ́ННЕ-СЦІСКА́ННЕ,
від дэфармацыі стрыжня (бруса і інш.) або яго часткі пад уздзеяннем падоўжных расцягвальных ці сціскальных сіл. Характарызуецца зменай даўжыні стрыжня (яго часткі). Улічваецца пры вызначэнні найважнейшых мех. характарыстык матэрыялаў: модуляў пругкасці, межаў трываласці, пругкасці, цякучасці і інш.
Істотнае значэнне мае дыяграма дэфармавання. Для пластычных матэрыялаў яна характарызуецца прамой лініяй у пачатковай (пругкай) стадыі расцяжэння (дзе сапраўдны Гука закон), участкам цякучасці і зніжэннем расцягвальнага намагання ў месцы ўтварэння шыйкі (звужэння) узору (гл.Паўзучасць матэрыялаў). Дыяграма расцяжэння крохкіх матэрыялаў (напр., чыгуну) характарызуецца малой дэфармацыяй, што папярэднічае разрыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦІСКА́ННЕ ДА́НЫХ,
пераўтварэнне даных у больш кампактную форму без страты карыснай інфармацыі. Праводзіцца з мэтай змяншэння лішкавасці, эканоміі памяці, а таксама павышэння эфектыўнасці выкарыстання сродкаў перадачы і захоўвання інфармацыі.
Існуюць метады кадзіравання інфармацыі для змяншэння лішкавасці даных, іх ушчыльнення і дасягнення найб. магчымай ступені С.д. пры абмежаваным аб’ёме памяці і прымальнай хуткасці перадачы, напр., у Інтэрнеце. Аналагічныя метады выкарыстоўваюцца пры рэгістрацыі інфармацыі, стварэнні архіваў на розных носьбітах інфармацыі, рэзервовых копій важных даных і інш.Найб. разнастайныя метады выкарыстоўваюцца пры перадачы і захоўванні відарысаў (графічнай інфармацыі, здымкаў, схем і інш.). У статычным рэжыме С.д. выконваецца з дапамогай праграм-архіватараў. Можа быць С.д. са стратамі — частка неістотнай інфармацыі адкідваецца для забеспячэння найб. ступені сціскання. Пры С.д. з дапамогай праграм-архіватараў група алфавітных, лічбавых ці інш. сімвалаў замяняецца на інш. групу сімвалаў з захаваннем сэнсу зыходных даных, напр., аб’ём літарнага тэксту змяншаецца ў 2—5 разоў. Існуюць таксама розныя тыпы дынамічнага С.д. (у рэальным часе), якое забяспечвае аператыўны доступ да даных. Напр., для растравых відарысаў эфектыўнае фрактальнае (гл.Фрактал) С.д., якое патрабуе для захавання відарысаў прыкладна ў 4 разы меншы аб’ём памяці ў параўнанні з захаваннем яго ў выглядзе пікселаў.
Літ.:
Борзенко А. Методы сжатия данных // Компьютер Пресс. 1995. №8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕТРАЗАБО́РНІКу авіяцыі,
частка сілавой устаноўкі лятальнага апарата для падводу атм. паветра да рухавіка. П. падзяляюцца на рэгулявальныя і нерэгулявальныя, паводле скорасці палёту — дагукавыя і звышгукавыя. Асн. прызначэнне П. паветрана-рэактыўнага рухавіка — сцісканне паветра тармажэннем сустрэчнага патоку (таму яны маюць форму дыфузара). У звышгукавых П. сцісканне ажыццяўляецца ў сістэме скачкоў ушчыльнення (гл.Ударная хваля). Такія П. бываюць са знешнім, унутраным ці камбінаваным сцісканнем патоку.
Схема звышгукавога паветразаборніка са знешнім сцісканнем: 1 — скачкі ўшчыльнення; 2 — абечак; 3 — цэнтральны конус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́СТАЛА (ад грэч. systolē сцісканне, скарачэнне),
рытмічнае сцісканне (звужэнне) поласцей сэрца, якое выклікаецца скарачэннем мышцаў перадсэрдзяў ці жалудачкаў. Адначасова памяншаецца аб’ём крыві, што ў іх знаходзіцца. Пры С. перадсэрдзяў кроў паступае з іх у жалудачкі, пры С. жалудачкаў нагнятаецца ў артэрыяльную сістэму. У чалавека пры рытме 75 скарачэнняў за 1 мін С. перадсэрдзяў доўжыцца 0,1 с, жалудачкаў — 0,3 с, за адну С. сэрца выкідвае ў крывацёк 60—70 мл крыві (сісталічны, ці ўдарны, аб’ём), за суткі — 7,2 тыс.л (больш за 100 тыс. скарачэнняў). Па дзеянні С. процілеглая дыястале. Паслядоўныя С. і дыястала складаюць сардэчны цыкл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЯ́ЦЦЕў супраціўленні матэрыялаў,
лакальнае (мясцовае) сцісканне, якое ўзнікае ў зоне кантакту элементаў канструкцыі (напр., у заклёпачных злучэннях, пад апорамі бэлек і інш.). Суправаджаецца звычайна астаткавымі дэфармацыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІМО́З (ад грэч. phimosis сцісканне),
звужэнне адтуліны крайняй плоці, якое не дазваляе агаляць галоўку палавога члена. Вылучаюць прыроджаны (да 2—3-гадовага ўзросту лічыцца фізіял.) і набыты (узнікае ў выніку баланапастыту). Вядзе да парафімозу. Лячэнне хірургічнае.