ГЕМАТО́РАКС

(ад гема... + грэч. thōrax грудзі, грудная клетка),

збіранне вял. колькасці крыві ў плеўральнай поласці. Найчасцей бывае ад унутр. крывацёку пры траўмах грудзей, пасля аперацый на грудной поласці, іншы раз пры злаякасных пухлінах органаў дыхання і інш. Можа спалучацца з пнеўматораксам. Клініка залежыць ад колькасці крыві: пры нязначнай колькасці праяўленні гематораксу адсутнічаюць ці ўзнікае слабы боль у грудзях, кашаль. Пры павелічэнні гематораксу бывае страта крыві, сцісканне лёгкага і зрушэнне органаў міжсцення. Лячэнне сімптаматычна-медыкаментознае, у цяжкіх выпадках хірургічнае.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)