ЛАКАНІ́ЗМ (ад грэч. lakōnismos),

гранічная сціпласць і дакладнасць у выказванні думак. Паводле легенды, такой рысай славіліся жыхары Лаканіі (Стараж. Грэцыя) — спартанцы ў адрозненне ад красамоўных афінскіх аратараў. Л. выступае як вызначальная адзнака асобных фальклорных жанраў (прыказка, прымаўка, загадка, анекдот, жарт), абумоўлівае жанрава-кампазіцыйныя формы эпіграмы, эпітафіі, карацелькі. Лаканічнасцю вызначаюцца крылатыя словы, афарызмы. Л. можа з’яўляцца адным са сродкаў выяўлення ідэі літ. твора.

т. 9, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́РХА, кірка (ад ням. Kirche царква),

назва лютэранскага храма ў германамоўным асяроддзі. З 16 ст. ў архітэктуры К. развівалася цэнтрычная схема як аснова зальнай прасторы царквы-аўдыторыі, якая спалучалася з традыцыямі готыкі, пазней — з рэнесансава-барочнымі формамі (Фраўэнкірхе ў Дрэздэне, 1722—38; Іоганіскірхе ў Мюнхене, 1733—50). Інтэр’ерам большасці К. характэрны сціпласць і аскетызм. Сучасная К. (асабліва там, дзе лютэране складаюць меншасць насельніцтва) выкарыстоўваецца не толькі як храм, а і як рэліг. прапагандысцка-культ. цэнтр. На Беларусі вядомы Гродзенская кірха. Мінская кірха, Полацкая кірха.

С.​А.​Сергачоў.

т. 8, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАС (Claesz) Пітэр (1597 або 1598, г. Штайнфурт, Германія — 1.10.1661),

галандскі жывапісец. Працаваў у г. Харлем (Галандыя). Прадстаўнік харлемскай школы «манахромнага» нацюрморта. Адзін з першых у нацюрмортным жывапісе вызначыў ролю святла, паветр. асяроддзя і адзінага тону як сродку выразу адзінства прадметнага свету і навакольнага асяроддзя. У тэматыцы пераважалі «сняданкі», «банкеты», тэмы «ванітас». Творам уласцівы сціпласць выяў прадметаў, вытанчаная прастата кампазіцый, дамінаванне відаў зверху, шэра-карычневая колеравая гама: «Нацюрморт», «Ванітас» (абодва 1624), «Нацюрморт са свечкай» (1627), «Сняданак» (1642), «Сняданак з вэнджанінай» (1647) і інш.

П.Клас. Сняданак з вэнджанінай. 1647.

т. 8, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДМЕ́СЦЕ (польск. przedmiescie),

частка забудовы сярэдневяковага горада, якая знаходзілася па-за яго абарончымі мурамі. У функцыян. і сац. сэнсе блізкае да пасада. Звычайна ўзнікала пры плошчах перад уязнымі брамамі і развівалася ўздоўж дарог, якія вялі ў горад. П. мела жылыя і прамысл. функцыі, часам — абслугоўвання і адпачынку. У залежнасці ад значнасці горада П. магло ўзводзіць уласныя абарончыя збудаванні, якія з часам станавіліся ч. агульнагарадской фартыфікацыйнай сістэмы. Падобным чынам узнікалі новыя П. ў Парыжы, Маскве, Ноўгарадзе, Віцебску, Магілёве і інш. Для П. характэрна меншая, чым у цэнтр. раёнах горада, шчыльнасць забудовы, сціпласць і прастата арх. вырашэнняў, наяўнасць садоў і агародаў. На Беларусі вядомы з даўніх часоў. Аснову іх забудовы складалі невял. драўляныя жылыя дамы з гасп. пабудовамі. У бел. гарадах з 16 ст. П. мелі Мінск (Мінскае Траецкае прадмесце, П. Ракаўскае, Ляхаўка, Старажоўка, Грушаўка, Камароўка), Гродна (Каложа), Магілёў (Пелагееўка), Віцебск (Задунаўе), Полацк (Запалоцце), Пінск (Каралін), Гомель (хутар Сеўрукі). У 17—18 ст. П. паявіліся і ў мястэчках (напр., у Волме Смалявіцкага р-на).

С.​А.​Сергачоў.

Былое Ракаўскае прадмесце ў Мінску (сучасная вуліца Ракаўская).

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСЛЕ́Й (Sisley) Альфрэд (30.10.1839, Парыж —29.1.1899),

французскі жывапісец, адзін з вядучых майстроў імпрэсіянізму. Па паходжанні англічанін. Вучыўся ў майстэрні Ш.​Глейра ў Парыжы (1860—63). Зазнаў уплыў К.​Каро, К.​Манэ. Адлюстроўваў пераважна ваколіцы Парыжа, прыроду Іль-дэ-Франса. Адметныя рысы яго жывапісу — работа на пленэры, сціпласць матываў, вытанчаная гама светлых тонаў, кампазіцыйная завершанасць і манументальная раўнавага. Раннім пейзажам уласціва некаторая змрочнасць: «Вясковая вуліца ў Марлоце» (1866), «Від на Манмартр» (1869). Каля 1870 ён асвятляе палітру, пачынае супрацьпастаўляць мазкі, ва ўраўнаважаных і лёгкіх па фактуры творах значнае месца займае неба і выяўленне неабсяжнай прасторы: «Баржы на канале Сен-Мартэн» (1870), «Лувесьен.

Сеўрская дарога» (1873), «Кузня ў Марлі» (1875), «Паводка ў Пор-Марлі» (1876), «Снег у Лувесьене» (1878). Пасля 1880 фактура яго твораў стала больш пастознай: «Белы крыж у Сен-Маме» (1884), «Сен-Маме» (1885), «Мост у Марэ, эфект навальніцы» (1887), «Стагі сена ў Марэ, эфект раніцы» (1891), «Канал у Луэне» (1892), «Царква ў Марэ пасля дажджу» (1894).

Літ.:

Бродская Н. Картины Сислея в Эрмитаже. Л., 1963.

С.​У.​Пешын.

А.Сіслей. Паводка ў Пор-Марлі. 1876.

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення цэнтр. Беларусі. Бытаваў у канцы 19 — пач. 20 ст. на тэрыторыі, што ўключала г. Слуцк (пераважна мяшчан) і навакольныя вёскі. Яму ўласцівы аднатыпнасць форм адзення, сціпласць арнаментальнага аздаблення, перавага крамных тканін.

Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, фартух і гарсэт. Кашулю шылі з каўняром (пры нашэнні прыпадымалі вакол шыі), з рукавамі, сабранымі на каўнерцы. Спадніцу шылі з крамнай шарсцянкі або з даматканай клятчастай тканіны светлых вясёлкавых колераў, фартух — з крамнага цёмнага ці белага набіванага паркалю з нашыўкамі шырокіх паскаў карункаў па нізе. Доўгі суцэльны гарсэт цёмна-сіняга ці чорнага колеру з аблямоўкай па крыссі меў вялікі, амаль да таліі, выраз, які запаўняўся вертыкальным шляком вышыўкі кашулі і шматлікімі нізкамі пацерак. Галаўныя ўборы жанчын — вялікія з махрамі набіваныя хусткі, завязаныя ў выглядзе турбана. У мужчынскі гарнітур уваходзіла кашуля з адкладным каўняром, ільняныя або суконныя нагавіцы, у якія запраўлялася кашуля, камізэлька. Галаўныя ўборы мужчын — саламяныя капелюшы з расшыраным верхам, футраванкі, картузы. Верхняе адзенне мужчын і жанчын значна адрознівалася: жаночую вопратку кроілі па тыпу гарсэта, да якога прыточвалі рукавы (чорныя суконныя курцікі, світы), а мужчыны насілі курты з чорнага ці карычневага сукна, кажухі.

М.​Ф.​Раманюк.

Слуцкі строй. Маладуха ў традыцыйным адзенні. Случчына Пач. 20 ст.
Слуцкі строй. Дзяўчаткі ў святочным убранні. Случчына. Пач. 20 ст.

т. 15, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРА́КТАР (ад грэч. charaktēr адзнака, асаблівасць) у псіхалогіі, сукупнасць устойлівых рыс асобы, якія характарызуюць яе адносіны да навакольнай рэчаіснасці і выяўляюцца ў яе паводзінах і ўчынках. Фізіял. аснову Х. складаюць выпрацаваныя ў працэсе жыцця і выхавання сістэмы часавых нерв. сувязей — дынамічныя стэрэатыпы, што фарміруюцца на аснове прыроджанага тыпу нерв. сістэмы (генатыпу) і ўтвараюць з ім своеасаблівы «сплаў» — фенатып. Індывід уключаны ў сістэму разнастайных узаемаадносін, якія праходзяць праз яго суб’ектыўнае светаўспрыманне і аказваюць непасрэднае ўздзеянне на яго ўласныя адносіны да грамадства, інш. людзей, да самога сябе. Пры развіцці і частым паўтарэнні такія адносіны становяцца ўстойлівымі, звыклымі для чалавека і ўтвараюць адносна пастаянныя, пэўныя рысы яго Х. (дабрыня, спагадлівасць, ветлівасць, шчырасць, сціпласць. добрасумленнасць, працавітасць або бяздушнасць, абыякавасць, грубасць, ілжывасць, лянота). Фундаментам Х. выступае воля. Людзям моцнай волі ўласцівы такія якасці Х. як цэльнасць, настойлівасць, рашучасць, мэтанакіраванасць, высокая дысцыплінаванасць; слабавольныя людзі несамастойныя, непаслядоўныя, супярэчлівыя ў сваіх паводзінах. Істотнае ўздзеянне на Х. чалавека аказваюць эмацыянальныя і інтэлектуальныя якасці яго псіхікі (цікаўнасць і разважлівасць, гонар і годнасць, практычны або тэарэт. склад розуму). Х. індывіда залежыць ад яго тэмпераменту, які звязаны з тыпам вышэйшай нерв. дзейнасці і накладвае адбітак на знешняе выяўленне пэўных рыс Х. Празмерная акцэнтацыя любых рыс Х. можа прывесці да негатыўных вынікаў, таму важна разумнае спалучэнне некат. процілеглых рыс (напр., ашчаднасці са шчодрасцю, смеласці з асцярожнасцю, самакрытычнасці з упэўненасцю ў сабе і да т.п.). Адрозніваюць 4 асн. тыпы акцэнтуіраваных Х.: узбудлівы (схільнасць да рызыкоўных дзеянняў, правапарушэнняў, алкагалізму, наркаманіі і інш.): афектыўны (хуткая змена настрою, мітуслівасць, канфліктнасць, нізкая самакрытычнасць і інш.); няўстойлівы (падазронасць, недаверлівасць, крыўдлівасць, азлобленасць і інш.); трывожны (павышаная ўражлівасць, сарамлівасць, баязлівасць, замкнёнасць, пачуццё ўласнай непаўнацэннасці). Шматлікія рысы Х. выяўляюць не толькі тыповыя спосабы паводзін чалавека, але і матывы, закладзеныя ў перакананнях, ідэалах і каштоўнасных арыентацыях асобы або звязаныя з асаблівасцямі яе этн., нац. самасвядомасці (гл. Нацыянальны характар). Х. чалавека — прадмет вывучэння характаралогіі.

Літ.:

Коломинский Я.Л. Человек среди людей. Мн., 1987;

Кречмер Э. Строение тела и характер: Пер. с нем. М., 2001;

Бурно М.Е. О характерах людей. 2 изд. М., 1998;

Лазурский А.Ф. Избранные труды по психологии. М., 1997;

Юнг К.Г. Психологические типы: Пер. с нем. Мн., 1998;

Леонгард К. Акцентуированные личности: Пер. с нем. М., 2001;

Рубинштейн С.А. Основы общей психологии. СПб. 2002.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)