ГРЫ́ФІТ (Griffith) Дэйвід Уорк
(22.1.1875, г. Ла-Грэйндж, штат Кентукі, ЗША — 23.7.1948),
амерыканскі кінарэжысёр. У кіно з 1907. Працаваў на кінастудыях «Эдысан» і «Баёграф» у Нью-Йорку. Ставіў драмы, камедыі, экранізацыі літ. твораў. З 1914 у Галівудзе. У 1919 разам з Ч.Чапліным, М.Пікфард і Д.Фэрбенксам засн. кінакампанію «Юнайтэд артыстс». У 1908—31 зняў некалькі соцень пераважна кароткаметражных стужак, а таксама першы ў свеце поўнаметражны фільм. Выкарыстоўваў такія выразныя сродкі кіно, як буйны план, паралельны мантаж, панарама, адкрыў шырокія магчымасці здымачнай камеры ў стварэнні экраннага вобраза. Распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскай ігры ў кіно. Сярод фільмаў: «Нараджэнне нацыі» (1915), «Нецярпімасць» (1916), «Сэрца свету» (1918), «Зламаныя парасткі» (1919), «Сіроткі буры» (1921), «Схватка» (1931). Спец. прэмія «Оскар» 1935.
т. 5, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-РЫ́МСКАЯ БАРАЦЬБА́,
від спартыўнай барацьбы, у якім выкарыстоўваюцца кідкі, пераводы, перавароты і інш. прыёмы, але забараняюцца захваты праціўніка ніжэй пояса, прыёмы з дапамогай ног, падножкі і інш. Спаборніцтвы праводзяцца на спец. дыване памерам 8×8 м. Спартсмены падзяляюцца на вагавыя катэгорыі. Схватка складаецца з 3 перыядаў па 3 мін кожны, з мінутнымі перапынкамі для адпачынку. Паядынак праходзіць у «стойцы» або «партэры» (калі адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях, на баку, у «мосце»).
Сучасная грэка-рымская барацьба зарадзілася ў Францыі, дзе ў 1880 сфармуляваны першыя афіц. правілы. З канца 19 ст. пашырылася ў многіх краінах свету. З 1896 (за выключэннем 1900 і 1904) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1950 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).
На Беларусі барацьба, падобная да грэка-рымскай барацьбы, вядома з даўніх часоў як барацьба «на крыжы». У 1914 у Мінску праведзены 1-ы чэмпіянат гораду сярод барцоў-аматараў. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.Караваеў (чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1960, свету 1958, 1961), У.Зубкоў (чэмпіён свету 1971, 1973—75), І.Каныгін (чэмпіён свету 1981, 1983, Еўропы 1980, 1982—83, 1985), С.Дземяшкевіч (уладальнік Кубка свету 1988, чэмпіён свету 1991, 1993).
т. 5, с. 492
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)