АСПА́ЗІЯ

(Aspazija; сапр. Розенберг Эльза; 16.3.1868, хутар Даўквас, воласць Заленіекі, Латвія — 5.11.1943),

латышская паэтэса і драматург. Жонка Я.Райніса. У п’есах «Жрыца» (1894), «Страчаныя правы» (паст. 1894), «Недасягнугая мэта» (1895) і публіцыст. артыкулах выступала за эмансіпацыю жанчыны, выкрывала мараль мяшчанства. Першы зб. вершаў «Чырвоныя кветкі» (1897) прасякнуты дэмакр. ідэямі і рамант. пафасам. Пасля разгрому т.зв. «Новай плыні» ў творах Аспазіі (зб. «Сутонне душы», 1901) з’явіліся матывы песімізму, душэўнай стомленасці, якія пазней змяніліся матывамі грамадз. барацьбы (п’еса «Сярэбранае пакрывала», (1905). У 1905—20 жыла ў эміграцыі (Швейцарыя). Творчасць гэтых гадоў вызначалася адыходам ад сац. тэматыкі (зб-кі «Сонечны куточак», 1910, «Бярэмя кветак», 1912). На бел. мову асобныя творы Аспазіі пераклаў В.Лукша (у кн. «Песня Даўгавы», 1986).

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАТЫ́НСКІ Яўген Абрамавіч

(2.3.1800, в. Вяжля Тамбоўскай вобл., Расія — 11.7.1844),

рускі паэт. Вучыўся ў Пажскім корпусе ў Пецярбургу (1812—16). У 1819—26 на вайск. службе. У 1826 выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў Маскве. Апошнія гады жыў у падмаскоўным маёнтку Муранава. У 1844 паехаў у Італію, памёр у Неапалі. Пахаваны ў Пецярбургу. У элегіях і пасланнях («Фінляндыя», «Разупэўненне», «Прызнанне», «Дзве долі» і інш.) раскрыў унутрана супярэчлівы, раздвоены душэўны свет сучасніка. Для твораў 2-й пал. 1820—30-х г. характэрныя матывы адзіноты і смутку («Стансы»), напружаная філасафічнасць (паэмы «Баль», «Цыганка», вершы «Апошняя смерць», «Убогі дар мой, голас мой нягучны», «Ланцуг мне лёс наканаваў» і інш.). Аўтар паэм «Піры», «Эда» (абедзве 1826), «Перасяленне душ» (1828), аповесці «Пярсцёнак» (1831). У зб. вершаў «Сутонне» (1842) супярэчлівасць гіст. прагрэсу і эстэт. прыроды чалавека, праломленая праз трагічную свядомасць паэта.

Тв.:

Стихотворения;

Поэмы. М., 1982;

Стихотворения;

Проза;

Письма. М., 1983.

Літ.:

Лебедев Е. Тризна: Кн. о Е.А.Боратынском. М., 1985;

Тойбнин И.М. Тревожное слово: (О поэзии Е.А.Баратынского). Воронеж, 1988;

Песков А.М. Боратынский: Истинная повесть. М., 1990.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)