АРЛЕ́НЕЎ (сапр. Арлоў) Павел Мікалаевіч

(6.3.1869, Масква — 31.8.1932),

рускі акцёр. Нар. арт. Рэспублікі (1926). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1886. Выступаў як акцёр-гастралёр у розных гарадах Расіі, Беларусі і інш. У творчасці дамінаваў герой, душэўна неўладкаваны, сумленны, які імкнецца, але не можа спалучыць свае ідэалы з рэальнымі ўмовамі быцця. Лепшыя ролі: цар Фёдар Іаанавіч (аднайм. п’еса А.К.Талстога), Раскольнікаў і Дзмітрый Карамазаў («Злачынства і кара», «Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Освальд («Здані» Г.Ібсена).

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬДО́НІ (Goldoni) Карла

(25.2.1707, г. Венецыя, Італія — 6.2.1793),

італьянскі драматург. Стваральнік італьян. рэаліст. камедыі. Скончыў Падуанскі ун-т (1731). З 1734 працаваў драматургам у т-рах. Імправізаванай камедыі дэль артэ супрацьпаставіў драматургію з рэальнымі характарамі і зместам. Яго п’есы — камедыі тагачасных нораваў («камедыі характараў») і камедыі з нар. жыцця на венецыянскім дыялекце. Папулярнасць Гальдоні прынесла вершаваная трагікамедыя «Велізарый» (1734). У 1738—42 напісаў некалькі камедый на традыц. сюжэты («Збяднелы гандляр» і інш.); першая цалкам арыгінальная — «Ветлівая кабета» (1743). У 1748—50 стварыў камедыі «Венецыянскія блізняты», «Хітрая ўдава», «Кавалер і дама, або Чычысбей», «Сям’я прадаўца антыкварыяту», «Добрая жонка» і інш. У 1750—51 напісаў і паставіў 16 камедый, найб. удалыя «Камічны тэатр», «Кавярня», «Ілгун», «Сапраўдны сябар», «Сумленны авантурыст», «Жаночыя плёткі» і інш. У 1752—53 на тэатр. сцэне з’явіліся п’есы «Мальер», «Землеўладальнік», «Гаспадыня атэля» і інш. У 1753—56 працаваў у т-ры Сан-Лука (цяпер т-р Гальдоні) у Венецыі. Творы гэтага перыяду адзначаны сцэнічнымі і стылістычнымі эксперыментамі («Персідская трылогія», «Англійскі філосаф», «Тэрэнцый», «Тарквата Таса», «Пляц у Венецыі Камп’ела» і інш). У канцы 1750-х г. напісаў лепшыя свае камедыі: «Закаханыя», «Забаўны выпадак», «Новы дом», «Добрая маці» і інш. У 1760—62 у т-ры Сан-Лука стварыў камедыі «Вясковая трылогія», «Самадуры», «Сеньёр Тадэра, буркун», «К’ёджынскія перапалкі» і інш. З 1762 у Парыжы кіраваў т-рам італьян. камедыі. Там напісаў некалькі твораў на франц. мове («Трылогія Зелінды і Ліндора» і інш.), «Мемуары Карла Гальдоні...» (т. 1—2, 1784—87). Аўтар 267 п’ес: 155 камедый у прозе і ў вершах, 18 трагедый і трагікамедый, 94 лібрэта сур’ёзных і камічных опер. На Беларусі творы Гальдоні ставіліся з 19 ст. Яны ўвайшлі і ў рэпертуар сучасных бел. т-раў: «Забаўны выпадак» (т-р імя Я.Коласа, 1942), «Ілгун» (т-р Я.Купалы, 1955), «Гаспадыня атэля» (Рускі драм. т-р, 1951), «Венецыянскія блізняты» (тамсама, 1960), «Слуга двух гаспадароў» (т-р імя Я.Коласа, 1969).

Тв.:

Tutte le opere. V. 1—14. Milano, 1935—56;

Рус. пер. — Комедии. Т. 1—2. Л.; М., 1959.

Літ.:

Реизов Б. Карло Гольдони, 1707—1793. Л.; М., 1957;

Карло Гольдони: Биобиблиогр. указ. М., 1959.

С.В.Логіш.

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЕ КІНО́,

мастацкія (ігравыя), хранікальна-дакументальныя, навукова-пазнавальныя, мультыплікацыйныя (анімацыйныя) фільмы для дзяцей і юнацтва. Выхаваўчыя задачы, якія ставяцца перад Дз.к., вызначаюць яго тэматыку і жанравыя асаблівасці. Як асобны кірунак у сав. кінематографе вылучылася ў 1920-я г. Асаблівасці выразна праявіліся ў фільмах «Чырвоныя чарцяняты» (1921, рэж. І.Перысціяні), «Пуцёўка ў жыццё» (1931, рэж. М.Экк), «Падраныя чаравікі» (1933, рэж. М.Барская) і інш. У 1936 у Маскве створана кінастудыя «Саюздзетфільм», рэарганізаваная ў 1948 у Цэнтр. студыю дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя М.Горкага. Дзіцячыя фільмы выпускаліся і на рэсп. кінастудыях. У 1992 створаны Міжнар. фонд развіцця кіно і тэлебачання для дзяцей і юнацтва («Фонд Раланда Быкава», Масква).

У бел. кінематографе першая маст. карціна для дзяцей — «Грышка-свінапас» (1928, рэж.-мантажор В.Кубліцкі), зманціраваная з маст. фільма «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.Тарыч). У 1930-я г. створаны фільмы пра піянераў («Кульгаўка», 1931, рэж. Ю.Вінакураў; «Баям насустрач», 1932, рэж. Э.Аршанскі; «Адбітак часу», 1932, рэж. Г.Кроль), пра юных следапытаў («Палескія рабінзоны», 1934, рэж. І.Бахар, П.Малчанаў), рабфакаўцаў («Песня вясны», 1935, рэж. У.Гардзін), юных талентаў («Канцэрт Бетховена», 1936, рэж. М.Гаўронскі, У.Шмітгоф). Больш плённа Дз.к. на Беларусі развівалася ў пасляваен. час: сюжэты кінахронікі, дакумент. кінанавелы, маст. фільмы рознай тэматыкі (гіст.-рэв., героіка-патрыят., прыгодніцкія, казачныя). Яны вызначаліся гуманнасцю, актыўнасцю юных герояў, што ярка выявілася ў фільмах рэж. Л.Голуба: «Міколка-паравоз» (1957), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959), «Вуліца малодшага сына» (1962), «Пушчык едзе ў Прагу» (сумесна з ЧССР, 1966), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971), «Маленькі сяржант» (1975). Фільмы пра пакаленне дзяцей, якое зведала вайну, ставілі рэжысёры В.Тураў («Праз могілкі», 1964, «Я родам з дзяцінства», 1966), І.Дабралюбаў («Іван Макаравіч», 1970, «Расклад на паслязаўтра», 1978, «Мама, я жывы», 1985), В.Нікіфараў («Зімародак», 1972, «Ціхія троечнікі», 1980; «Вялікая прыгода», 1985), В.Рубінчык («Апошняе лета дзяцінства», 1972, «Вянок санетаў», 1977). Фільмы прыгодніцкія, казачныя вызначылі творчасць рэжысёраў Л.Мартынюка («Пяцёрка адважных», 1971, «Сямейныя акалічнасці», 1977, «Ветразі майго дзяцінства», 1981, «Белае возера», 1992), Л.Нячаева («Прыгоды Бураціна», 1976, «Пра чырвоную шапачку». 1977, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Казка пра зорнага хлопчыка», 1985, «Пітэр Пэн», 1987), У.Бычкова («Горад магістраў», 1966, «Восеньскі падарунак фей», 1984). У.1990-Я г. вытворчасць дзіцячых фільмаў скарацілася. Выпушчаны: «Мёд асы» (1992, рэж. І.Волчак), «Зязюліны дзеці» (1992, рэж. А.Мароз), «Вогненны стралок» (1993, рэж. М.Князеў), «Я — Іван, ты — Абрам» (1993, рэж. І.Зоберман), «Кветкі правінцыі» (1995, рэж. Дз.Зайцаў), «Шэльма» (1996, рэж. А.Ганчаронак, І.Чацверыкоў), «Батанічны сад» (1997, рэж. В.Гасцюхін) і інш. Значнае месца ў дзіцячым кінематографе займаюць дакумент., а з пач. 1970-х г. мультыплікацыйныя і лялечныя фільмы (гл. Анімацыйнае кіно, Дакументальнае кіно).

Е.Л.Бондарава.

Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Дзед і Жораў».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Песня пра зубра».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Маленькі сяржант».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Дзяўчынка шукае бацьку».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Марозка».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Горад майстроў».

т. 6, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)