Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СУМЛЕ́ННЕ,
катэгорыя этыкі, якая ахоплівае праблемы маральнага самакантролю асобы; здольнасць чалавека фармуляваць для сябе маральныя абавязкі, патрабаваць ад сябе іх выканання і ажыццяўляць самаацэнку сваіх учынкаў; форма маральнай самасвядомасці. Можа выяўляцца і ў рацыянальнай форме ўсведамлення асобай маральнага значэння сваіх дзеянняў, і ў форме эмацыянальных перажыванняў.
У стараж.-грэч. міфалогіі С. адлюстравана ў выглядзе эрыній — божастваў помсты і пакарання, якія праследуюць злачынцаў. У этыцы праблему С. ўпершыню паставіў Сакрат, які лічыў самапазнанне крыніцай маральнасці чалавека. У хрысц. этыцы С. разглядалася як унутр. ўсведамленне Божай волі. Філосафы-матэрыялісты 17—18 ст. (Дж.Лок, Б.Спіноза, Т.Гобс), звязвалі С. з грамадскім выхаваннем і адмаўлялі прыроджаны характар С. Індывідуалістычную трактоўку С. прапанавалі Ж.Ж.Русо, І.Кант, І.Фіхтэ, якія лічылі С. прыроджанай уласцівасцю кожнага чалавека. Л.Феербах наз. С. «другім Я» чалавека, а вытокі С. бачыў у грамадскіх маральных нормах. Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. дэтэрмінуецца ўмовамі жыццядзейнасці чалавека і яго грамадскай пазіцыяй. У экзістэнцыялізме С. разглядалася як адзіны крытэрый маральнасці, стымул да ажыццяўлення абсалютна свабоднага выбару без уліку аб’ектыўных фактараў (М.Хайдэгер, Ж.П.Сартр). Ням. філосаф В.Віндэльбанд акрамя этычнага вылучаў С. лагічнае і эстэт. як формы самакантролю не толькі ўчынкаў, але і мыслення і пачуццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСПАЗІ́ЦЫЯў мовазнаўстве,
ужыванне адной моўнай адзінкі ў функцыі іншай. Віды Т. вылучаюцца ў залежнасці ад таго, якія формы транспануюцца: марфалагічная Т. («Іду я ўчора дадому...» замест «Ішоў я ўчора дадому...» — катэгарыяльная Т. часу дзеяслова); сінтаксічную Т. («Ён не мог гэтага зрабіць. Сумленне не дазваляла.» — «Ён не мог гэтага зрабіць, бо сумленне не дазваляла.» — Т. незалежнага сказа ў сказ залежны); лексіка-семантычная Т. («Зелянее ліпа.» — «Усе гэтыя паперы — ліпа.»); словаўтваральная Т. («стары дзед» — «стары», субстантывацыя; «адзін, два, тры...» — «Адзін мядзведзь ішоў па лесе...» пранаміналізацыя; «Дастаткова аднаго разу, каб...» — «Аднаго разу ён вяртаўся дадому», адвербіялізацыя; «пабіты гаспадаром сабака» — «пабіты выгляд», ад’ектывацыя) і інш. Т. пашырае намінатыўныя магчымасці мовы, узбагачае спалучальныя здольнасці моўных адзінак, служыць сродкам утварэння функцыянальных сінонімаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ХА (Aho; сапр.Бруфельт; Brofeldt) Юхані
(11.9.1861, г. Лапінлахты, Фінляндыя — 8.8.1921),
фінскі пісьменнік, журналіст. Аўтар рэаліст. аповесцяў «На заезным двары», «Чалавек з кірмашу», «Чыгунка» (усе 1884), «Адзінокі» (1890), «Раздушаны светам» (1894) і інш., зб. навел «Стружкі» (т. 1—8, 1891—1921). Падзеі стараж. гісторыі фінскага народа ў рамане «Пану» (1897) апісаны ў духу т.зв.нац. рамантызму. У творах апошніх гадоў пераважае абстрактны псіхалагізм (раманы «Юха», 1911; «Сумленне», 1914, і інш.). У 1918—19 напісаў кн.-дзённік «Паасобныя разважанні за тыдні паўстання».
Тв.:
Рус.пер. — Совесть: Роман, повести, рассказы. Л., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКУ́БАЎ Адыл (н. 20.10.1926, с. Атабай Паўднёва-Казахстанскай вобл., Казахстан),
узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1985). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т у Ташкенце (1956). Друкуецца з 1950. У гіст. рамане «Скарбы Улугбека» (1974) стварыў жывы каларыт мінулага, псіхал. партрэты герояў. Аўтар зб-каў апавяд. «Першыя крокі» (1955), «Два каханні» (1956), раманаў на сучасную тэматыку «Нялёгка стаць мужчынам» (1966), «Сумленне» (1978), «Смутная песня лебедзяў» (1986), аповесцей «Равеснікі» (1953), «Мукадас» (1960), «Птушка жыве крыламі» (1970), п’ес. На бел. мову яго асобныя творы пераклаў А.Рылько.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАЧЫ́ННАСЦЬ.
1) Аказанне матэрыяльнай дапамогі маламаёмным, сацыяльна неабароненым прыватнымі асобамі ці арганізацыямі. Можа быць накіравана на падтрымку, развіццё і заахвочванне грамадска значных формаў дзейнасці (напр., ахову навакольнага асяроддзя, помнікаў культуры і інш.).
2) Паняцце маралі, якое вызначае ўстойлівыя станоўчыя якасці, асобы, адобраныя грамадскай думкай і нарматыўнай этыкай, напр., бескарыслівасць, разважлівасць, велікадушнасць, давер, сяброўства, любоў, патрыятызм, сумленне, справядлівасць і інш. Кожнай станоўчай маральнай катэгорыі тэарэт. этыка проціпастаўляе адмоўныя якасці ці заганы. Дабрачыннасць як грамадска значная норма арганізоўвае і накіроўвае дзейнасць людзей, упарадкоўвае грамадскае жыццё; падкрэслівае ролю асобы як актыўнага носьбіта пэўнай маральнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́ Мікалай Пятровіч (н. 5.8.1922, г. Ачынск Краснаярскага краю, Расія),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т (1948). Працаваў у т-рах Расіі. З 1963 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Творчасці ўласціва глыбокая распрацоўка вобразаў. Сярод лепшых роляў: Гастрыт («Вечар» А.Дударава), Сорын («Чайка» А.Чэхава), Карандышаў, Дадаеў, Латохін («Беспасажніца», «Лес», «Прыгажун мужчына» А.Астроўскага), Яравы («Любоў Яравая» К.Транёва), Арыстарх («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Марцьянаў («Сумленне» паводле Д.Паўлавай), Парогін («Адыходзіў стары ад старой» С.Злотнікава), Паскуаліна («Каляды ў хаце сіньёра Куп’ела» Э. дэ Філіпа). Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з І.Паповым, паст. ў Гомельскім т-ры, 1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАПС Аляксандр Лявонцьевіч (26.5.1911—11.4.1965),
расійскі рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1944). Засл. дз. маст. Расіі (1962). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1930). Працаваў акцёрам у т-рах Таганрога, Туапсэ. З 1931 рэжысёр Цэнтр.т-раЧырв. Арміі, з 1941 Т-ра імя Массавета. У Вял.Айч. вайну ўдзельнічаў у арганізацыі і дзейнасці франтавой брыгады Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі. Паставіў у Т-ры імя Массавета п’есы «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы (1954), «У ціхім завулку» А.Маўзона (1955). З інш. пастановак: «Світанне над Масквой» А.Сурава (1950), «Бітва ў дарозе» паводле Г.Нікалаевай (1959), «Сумленне» паводле Д.Паўлавай (1963, усе з Ю.Завадскім), «Васіль Цёркін» паводле А.Твардоўскага (1961). Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЙРУ́ЛІН Якун Ісмаілавіч (н. 21.5.1931, г. Самарканд, Узбекістан),
бел. мастак. Скончыў Ташкенцкае маст. вучылішча (1960). У 1958—64 працаваў у Ташкенцкім драм. т-ры (з 1960 гал. мастак). З 1966 у Мінску, у 1969—91 у выд-ве «Беларусь». Працуе ў галіне плаката, жывапісу, акварэлі, афармленчага мастацтва. Сярод лепшых плакатаў: «8-е сакавіка» (1966), «Са святам Перамогі» (1970), «Квітней, краіна родная» (1972), «Пакуль не позна» (1980), «Снід», «Што пакінем нашчадкам», «Чэ Гевара» (усе 1988; за апошні дыплом Міжнар. конкурсу плаката ў Гаване), «Сумленне» (1990), «Я другой такой краіны не ведаю...» (1991), «Уваходзячы ў XXI стагоддзе» (1992), «50 гадоў вызвалення Беларусі» (1994), «Мой амулет» (2000), «Увага. Снід» (2001). Творы вызначаюцца актуальнасцю праблем, лаканізмам выяўл. сродкаў, выкарыстаннем сімвалаў і метафар. Аўтар жывапісных работ «Венецыя. Лагуна», «Гандальер» (абедзве 1996), «Венгрыя. Лотас» (2002).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІТЭА́ТРАЎ Аляксандр Валянцінавіч (26.12.1862, Калуга — 26.2.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885). Аўтар зб-каў апавяданняў «Псіхапаты. Праўда і выдумка» (1893), «Мроі і цені» (1896), раманаў «Атручанае сумленне» (1890; аналіз псіхал. матываў злачынства), «Жар-кветка» (1895; тэма спірытызму і акультызму), «Вікторыя Паўлаўна» (1903; пытанне жаночай эмансіпацыі), «Мар’я Лусьева» (1903; праблема прастытуцыі), гіст. твора «Звер з прорвы» (1911—14), фельетонаў, літ.-крыт. артыкулаў. Раманы-хронікі са шматтомнай серыі «Канцы і пачаткі. Хроніка 1880—1910» — спроба асэнсаваць жыццё рас. грамадства на рубяжы стагоддзяў. З 1921 у эміграцыі. Выдаў раман «Зачараваны стэп» (1921), кн. нарысаў «Тужлівыя нататкі» (1922), зб. «Неўтаймаваная Русь: Дэманічныя аповесці XVII ст.» (1929) і інш. На бел. мову творы Амфітэатрава перакладаў В.Ластоўскі.