сукно

т. 15, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЯРЦІ́НСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала на Беларусі ў 1813—1905 у Альбярціне. Засн. як мануфактура. Выпускала коўдры, сукно, корт, трыко, фланель, драп. У 1858 працавалі 503 рабочыя. З 1891 працавала сельскае вучылішча. На Варшаўскай (1857) і Усерас. (Масква, 1882) выстаўках сукно ф-кі адзначана сярэбранымі медалямі.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАП (ад франц. drap сукно),

тоўстая тканіна з шэрсці. Звычайна мае 2 слоі, добра захоўвае цяпло. Бывае варсаваны і неварсаваны, адна- і шматкаляровы. З Д. шыюць верхняе адзенне.

т. 6, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ШНЯ, валюш, сукнавальня,

майстэрня для валення сукна, лямцу, валёнкаў і інш. Існавала на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 20 ст. Лакальная назва фолюш. Звычайна валюшню будавалі каля рэчак, праточных азёр, балот, сажалак, таму што дзейнічала яна, як вадзяны млын, у якім замест жорнавых паставоў выкарыстоўвалі ступы з таўкачамі, дзе выраблялі сукно. З 16 ст. валюшні вядомы ў Нясвіжы, Давыд-Гарадку, вёсках Раманава (цяпер в. Леніна Горацкага р-на), Цімкавічы (Капыльскага р-на) і інш.; у буйных фальварках, часта належалі мяшчанам. У 20 ст. на валюшнях, акрамя вадзянога кола, выкарыстоўвалі паравы рухавік ці электрапрывод. У вёсках бытавалі і ручныя валюшні — своеасаблівыя пераносныя на падстаўцы або стацыянарныя на ножках станкі, дзе змочанае ў гарачай вадзе сукно клалі на рабрыстую паверхню і раскатвалі рабрыстай дошкай, якую за ручку цягалі 2—4 работнікі. Выйшлі з ужытку ў 1930—40-я г.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖА́НСКІЯ СУКО́ННЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ Дзейнічалі з канца 18 ст. да 1914 у мяст. Ружаны

(Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.). У 18 ст. ў маёнтку кн. Сапегі выраблялі абрусы, дываны, маст. паясы. У 18—19 ст. створана каля 30 палатняных і суконных мануфактур, на якіх працавалі 2 тыс. рабочых. Найб. была суконная мануфактура (1780—1861),

на якой у розны час працавала ад 20 да 159 рабочых; выпускала ад 4,8 да 32 тыс. аршынаў сукна. Другая суконная мануфактура ў 1785—1880 вырабляла шоўк, паясы, сукно, байку, атлас, сталовыя абрусы; у 1815 выпусціла 12,2 тыс. аршынаў сукна. Шарсцяная ф-ка ў 1837—1906 вырабляла сукно і коўдры. У 1874 працавала 150 рабочых, выпушчана 110 тыс. аршынаў сукна, у 1890—8 тыс. шт. коўдраў. У пач. 20 ст. выпуск тканін у Ружанах пачаў скарачацца ў сувязі з канкурэнцыяй Беластоцкага прамысл. раёна.

т. 13, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЯ́ННЕ,

спосаб вытворчасці шарсцяных вырабаў (сукно, лямец, валены абутак) счапленнем і перапляценнем паміж сабой ваўняных валокнаў. Пры валянні воўну разрыхляюць на трапальных і шчыпальных машынах, замасліваюць і змешваюць; з сумесі робяць вату, з якой наслаеннем рыхтуюць аснову па форме вырабу, але большых памераў. Аснову ўшчыльняюць, прамочваюць растворам сернай кіслаты і ўвальваюць, пасля чаго праводзяць інш. апрацоўчыя работы.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІНСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1826—50 у Беларусі, у маёнтку Белін Кобрынскага пав. (цяпер в. Белін Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.). Вырабляла сукно 3—5 гатункаў. У 1841—44 мела 75 ткацкіх станкоў, 37 прадзільных, 8 кардавальных, 15 часальных машын, 30 інш. станкоў. Воўну атрымлівала ад уласных авечак, фарбы — з Рыгі. Працавала да 420 рабочых (1836), з іх б.ч. наёмныя.

т. 3, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ТЧЫННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

прадпрыемствы вотчыны, маёнтка, заснаваныя на працы прыгонных сялян на Беларусі, Украіне і ў Расіі ў 17—19 ст. Дробная вытв-сць — вотчыннае рамяство развівалася з 11—12 ст. На Украіне (пераважна Левабярэжнай) вотчынныя мануфактуры ўзніклі ў канцы 17 ст.; выраблялі жалеза, шкло, салетру, тытунь, сукно, шоўк, з 1830-х г. — цукар. У Расіі вотчынная прамысловасць існавала з 17 ст., вырабляла паташ, палатно, сукно, шоўк, гарэлку; найб. развіццё атрымала ў 2-й пал. 18 ст.

На Беларусі буйная вотчынная прамысловасць у форме мануфактуры ўзнікла ў пач. 18 ст. Гэта былі пераважна прадпрыемствы, заснаваныя на выкарыстанні ўласнай с.-г. і лясной сыравіны, паліва і прылад працы вотчыннікаў. Першыя прадпрыемствы такога тыпу — Налібоцкая шкляная мануфактура, Урэцкая шкляная мануфактура. У 2-й пал. 18 ст. вылучаліся суконныя мануфактуры ў Нясвіжы, Мінску, Брэсце, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, гуты ў мяст. Ілья Вілейскага і мяст. Мыш Навагрудскага пав., а таксама жалезаапр. прадпрыемствы графа І.​Храптовіча ў Ашмянскім пав. У канцы 18 ст. ўзніклі буйныя мануфактуры ва ўсх. ч. Беларусі, якая адышла да Рас. імперыі (у Шклове, Крычаве, Добрушы, Дуброўне, Горках, Беліцы і інш.). Большасць іх прадукцыі ішла па пастаўках у казну: палатно на парусы для флоту, сукно на абмундзіраванне для арміі, скуры, шкляны посуд, гарэлка і інш. У цэлым у вотчыннай прамысловасці пераважалі дробныя прадпрыемствы, асабліва ў мукамольнай, вінакурнай, дрэваапр., цагельнай і гарбарнай вытв-сці. У 1796 на Беларусі было 8649 вотчынных прадпрыемстваў, на якіх працавала 15 тыс. чал. З развіццём прам-сці прадпрыемствы ўзбуйняліся, а іх колькасць змяншалася: да 1861 іх засталося 2313. Адмена прыгоннага права ў 1861 прывяла да ліквідацыі вотчыннай прамысловасці. Прадпрыемствы вотчыннай прамысловасці былі зачынены, прададзены прадпрымальнікам або рэарганізаваны на капіталіст. лад.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІЯ СУКО́ННЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Дзейнічалі ў Беларусі ў 1795—1862 у г. Ваўкавыск (вядомы 4 мануфактуры). Выраблялі сукно (больш за 26 тыс. м у 1828 на адной з іх), байку, коўдры. Мелі кожная па 2—6 ткацкіх станкоў, на адной з іх было 45 прадзільных, 8 часальных станкоў, 3 стрыгальныя машыны, 6 фарбавальных катлоў, 2 прэсы. Працавала ад 50 (1830) да 259 (1828, 1832—40) рабочых на адной мануфактуры.

т. 4, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКІЯ СУКО́ННЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ.

Дзейнічалі ў 1794—1914 у мяст. Косава Слонімскага пав. (цяпер горад у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл.). Уключалі 2 суконныя ф-кі. Адна мела паравыя машыны (16 і 35 к.с.), 80—85 ткацкіх станкоў, 17 часальных машын, 47 інш. машын і механізмаў, у 1878 працавала 180 чал.; другая мела паравы рухавік, пазней паравую машыну. Уваходзіла таксама суконная мануфактура (мела вадзяны рухавік, у 1913 працавала 70 чал.). Выпускалі рознакаляровае сукно і коўдры з мясц. і прывазной сыравіны.

т. 8, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)