Заканадаўства аб судовым ладзе Беларускай ССР 12/79

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Асновы заканадаўства аб судовым ладзе Саюза ССР, саюзных і аўтаномных рэспублік 1/520; 3/583; 9/536; 12/79

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІ АБВІНАВА́ЎЦА,

асоба, якая па даручэнні грамадскай арганізацыі або працоўнага калектыву прымае ўдзел у судовым разглядзе справы і выконвае функцыі грамадскага абвінавачання. Грамадскі абвінаваўца самастойны ўдзельнік судовага працэсу і не звязаны з пазіцыяй па справе дзярж. абвінаваўцы — пракурора. Ён мае права адмовіцца ад абвінавачання, калі даныя судовага следства даюць для гэтага падставу. Працэсуальнае становішча грамадскага абвінаваўцы ў Рэспубліцы Беларусь рэгламентавана крымінальна-працэсуальным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦЯРПЕ́ЛЫ ў праве,

асоба, якой злачынствам нанесена маральная, фізічная або матэрыяльная шкода. Паводле крымінальна-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, асоба, якая прызнана П., мае права даваць следчаму і суду паказанні па справе, прадстаўляць доказы, заяўляць хадайніцтвы, знаёміцца з матэрыяламі справы пасля заканчэння папярэдняга следства, прымаць удзел у судовым разглядзе і карыстацца інш. працэсуальнымі правамі, а таксама абскарджваць прыгавор, вызначэнне суда або пастановы суддзі.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 12, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІ АБАРО́НЦА,

прадстаўнік грамадскай арганізацыі або працоўнага калектыву, якому даручаецца прымаць удзел у судовым разглядзе справы з мэтай абароны правоў і інтарэсаў падсуднага. Удзел грамадскага абаронцы ў судзе прадугледжаны крымінальна-працэсуальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Грамадскі абаронца самастойны ўдзельнік працэсу, незалежны ад удзелу ў справе прафесійнага абаронцы — адваката. Ён не мае права адмовіцца ад абароны, за выключэннем выпадку, калі калектыў, што ўпаўнаважыў яго, ануляваў дадзенае яму даручэнне.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ВЕ (Вячаслаў Канстанцінавіч) (1846—28.7.1904),

расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1867). Служыў у судовым ведамстве. З 1881 дырэктар дэпартамента паліцыі, у 1884—94 сенатар і таварыш міністра ўнутр. спраў, з 1894 дзярж. сакратар і гал. кіраўнік кадыфікацыйнай часткі пры Дзярж. савеце. З 1899 міністр, статс-сакратар па справах Фінляндыі. З 1902 міністр унутр. спраў і шэф жандараў. Праводзіў палітыку разлажэння рэв. руху знутры, задушэння рабочых і сял. выступленняў. Актыўны прыхільнік рус.-яп. вайны 1904—05. Забіты эсэрам Я.​С.​Сазонавым.

Літ.:

Памяти В.​К.​Плеве: Краткий биогр. очерк. СПб., 1904;

Михайловский Н.К. Воспоминания В.​К.​Плеве. Берлин, 1906;

Государственные деятели России XIX — начала XX в.: Биогр. справ. М., 1995.

т. 12, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРСЕ́ВІЧ (Максім Тарасавіч) (9.8.1890, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 3.11.1937),

дзеяч нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Вучыўся ў Слонімскім 2-класным вучылішчы. З 1911 настаўнічаў. У чэрв. 1925 увайшоў у 1-ы актыў Беларускага пасольскага клуба. З 1926 чл. ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, кіраўнік яе Цэнтр. сакратарыята. У 1927 арыштаваны і па судовым працэсе 56-і (1928) прыгавораны да 8 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з 1931 у СССР. Працаваў у Дзярж. планавай камісіі БССР і ў камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР. Чл. ЦВК БССР. У 1933 арыштаваны, у 1934 засуджаны да вышэйшай меры пакарання, замененай 10 гадамі зняволення. Пакаранне адбываў на Салаўках і будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Паўторна арыштаваны ў 1937, расстраляны. Рэабілітаваны па абодвух прыгаворах у 1956.

Я.​І.​Мікула.

М.Т.Бурсевіч.

т. 3, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫНАХО́ДНІЦКАЕ ПРА́ВА,

прававыя нормы, якія рэгламентуюць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з адкрыццямі, вынаходствамі, рацыяналізатарскімі прапановамі і іх выкарыстаннем. У Рэспубліцы Беларусь крыніцамі вынаходніцкага права з’яўляюцца Грамадзянскі кодэкс і Закон «Аб патэнтах на вынаходствы» ад 5.2.1993, інш. нарматыўныя акты. Палажэнні вынаходніцкага права пашыраюцца на аўтараў адкрыццяў, вынаходстваў і рацыяналізатарскіх прапаноў — фіз. і юрыд. асоб Беларусі, замежных грамадзян, асоб без грамадзянства і замежных юрыд. асоб — і вынікі іх вынаходніцкай дзейнасці на тэр. Беларусі. Калі міжнар. дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены інш. правілы, чым тыя, што змешчаны ў нац. заканадаўстве, выкарыстоўваюцца правілы міжнар. дагавору.

Вынаходніцкае права замацоўвае за аўтарамі права на ўзнагароджанне і шэраг немаёмасных правоў (права на аўтарства, права даць вынаходству сваё імя ці якую-небудзь спец. назву і інш.), рэгулюе парадак выкарыстання вынаходстваў і ўкараненне рацыяналізатарскіх прапаноў і інш. Правы аўтараў ахоўваюцца ў адм. і судовым парадку.

т. 4, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙК ((Rajk) Ласла) (8.3.1909, Трансільванія, цяпер у Румыніі — 15.10.1949),

венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. Настаўнік. З 1930 чл. нелегальнай Камуніст. партыі Венгрыі. У 1937—39 у час грамадз. вайны ў Іспаніі ваяваў на баку рэспубліканцаў (паліт. камісар венг. батальёна інтэрнац. брыгад). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у падп. барацьбе супраць рэжыму М.​Хорці. З 1945 чл. ЦК і палітбюро Венг. камуніст. партыі. У 1946—48 міністр унутр. спраў (на гэтай пасадзе забяспечыў камуністам кантроль над паліцыяй і адміністрацыяй), потым міністр замежных спраў. У маі 1949 арыштаваны і на паказальным судовым працэсе (працэс Райка)’разам з інш. кіруючымі камуністамі прыгавораны да пакарання смерцю як «агент імперыялізму» і «цітаіст» («шпіён» югасл. маршала І.​Б.​Ціта). У 1956 рэабілітаваны.

Літ.:

Желицки Б.Й. Трагическая судьба Ласло Райка. Венгрия 1949 г. // Новая и новейшая история. 2001. №2—3.

т. 13, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НА СФО́РЦА (Bona Sforza; 2.2.1494, г. Віджэвана, Італія — 19.11.1557),

каралева польская і вял. княгіня літоўская, 2-я жонка Жыгімонта І Старога (з 1518), маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнучыся ўзмацніць паліт. ўладу караля і вял. князя шляхам умацавання яе эканам. асновы, значна павялічыла зямельную ўласнасць дынастыі Ягелонаў, абараняла дзярж. землі ад незаконнага прысваення іх феадаламі, асабліва магнатамі. У выніку пажалаванняў, падараванняў і купляў толькі на Беларусі сканцэнтравала ў сваіх руках Аболецкую, Езярышчанскую, Клецкую, Кобрынскую, Шарашоўскую, Пінскую, Рагачоўскую і інш. воласці; выкупіла многія дзярж. ўладанні, што былі ў закладзе ў магнатаў; у судовым парадку вярнула ў склад гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладанняў многія захопленыя феадаламі дзярж. землі (Гродзенскае староства і інш.). Каб павялічыць даходы, у некаторых сваіх маёнтках (найперш у Клецкім і Пінскім староствах) рэарганізавала ў 1552—55 сістэму эксплуатацыі сялянства на аснове ўвядзення новых формаў землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Садзейнічала асваенню сялянамі лясоў і пустак з мэтаю ператварэння іх у с.-г. ўгоддзі, і ўтварэння новых нас. пунктаў. Яе мерапрыемствы для павелічэння даходаў з маёнткаў праз узмацненне эксплуатацыі сялян выкарыстаны пры ажыццяўленні агр. рэформы ў ВКЛ (гл. Валочная памера, Устава на валокі 1557). Садзейнічала перасяленню польскіх шляхціцаў у ВКЛ, умацоўвала пазіцыі каталіцкага касцёла. У 1556 выехала на радзіму ў Італію, вывезла з сабой шмат каштоўнасцяў. Яе маёнткі перайшлі да Жыгімонта II Аўгуста.

Літ.:

Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVII вв. Мн., 1961;

Pociecha W. Królowa Bona (1494—1557): Czasy i ludzie Odrodzenia. T. 1—4. Poznań, 1949—58;

Bogucka M. Bona Sforza. Warszawa, 1989.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

Бона Сфорца.

т. 3, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)