Суджэнне 1/118, 200; 3/181, 187; 5/533, 539; 6/524; 8/26, 88, 522; 9/150, 151, 543; 10/108, 394, 542

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СУДЖЭ́ННЕ,

форма думкі, у якой змяшчаецца сцвярджэнне або адмаўленне чаго-н. адносна прадметаў і з’яў, іх уласцівасцей і сувязей. Складаецца з суб’екта (S; прадмет думкі) і прэдыката (P; частка С., у якой сцвярджаецца ці адмаўляецца што-н. адносна прадмета С.) і сімвалічна выяўляецца ў выглядзе формулы S ёсць (не ёсць) P. Паводле якасці адлюстраваных прадметаў вылучаюць сцвярджальныя і адмоўныя С.; паводле колькасці і аб’ёму адлюстраваных прадметаў — адзінкавыя, асобныя і агульныя С.; паводле характару сувязей паміж адлюстраванымі прадметамі і іх уласцівасцямі — умоўныя, раздзяляльныя і катэгарычныя С.; паводле ступені істотнасці для прадмета адлюстраванай уласцівасці — С. магчымасці (праблематычныя), С. рэчаіснасці (асертарычныя) і С. неабходнасці (ападыктычныя). Аснова тэорыі С. закладзена ў логіцы Арыстоцеля. У класічнай логіцы паняцце «С.» сінанімічнае выказванню і як самаст. аб’ект даследаванняў не вылучалася. Сувязі паміж С. як сродкамі выяўлення ацэначных адносін да пэўных прадметаў даследуюцца ў мадальнай логіцы.

т. 15, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ВАД у логіцы,

разважанне, у ходзе якога з зыходных суджэнняў (выказванняў), пасылак ці прадпасылак выводзіцца заключэнне — суджэнне, што лагічна з іх вынікае. Вывад можа быць непасрэдны і ўскосны, дакладны і гіпатэтычны. У сімвалічнай логіцы вывад вызначаецца больш строга — як паслядоўнасць выказванняў ці формул, што складаецца з аксіём, пасылак і раней даказаных формул (тэарэм). У матэматычнай логіцы пад вывадам разумеюць паслядоўнасці формул, дзе кожная з’яўляецца або зыходнай формулай, або аксіёмай, або вынікам, атрыманым паводле правіл логікі з папярэдніх формул. Гл. Дэдукцыя, Індукцыя.

т. 4, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГУМЕ́НТ (лац. argumentum),

1) суджэнне (або іх сукупнасць), што прыводзіцца ў пацвярджэнне праўдзівасці інш. суджэння, канцэпцыі, тэорыі.

2) У логіцы — пасылка доказу (інакш — падстава або довад доказу); часам аргументам называюць увесь доказ цалкам. Лагічныя довады для абгрунтавання якога-н. палажэння называюць аргументацыяй. Азначае таксама працэс лагічнага доказу ісціннасці якога-н. палажэння (суджэння) пры дапамозе аргумента (аксіём, азначэнняў і выказванняў аб фактах). Аргументацыя ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі пабудовы доказаў (правілы катэгарычнага сілагізму, умоўна-раздзяляльнага, умоўнага сілагізму і інш.). У ёй можа быць выкарыстана адвольная, але канечная колькасць аргумента. Спосаб сувязі аргумента паміж сабой ці з тэзісам (палажэннем, якое аргументуецца) наз. дэманстрацыяй, формай доказу або формай аргументацыі.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЫ́ЛКА (у традыц. логіцы),

суджэнне, якое служыць асновай для заключэння (вываду) і з’яўляецца неабходнай часткай любога розумазаключэння. П. могуць быць факты або суджэнні пра факты, прынцыпы, аксіёмы, пастулаты і інш., увогуле ўсякія з’явы або выказванні — зыходныя даныя, з якіх непасрэдна ці шляхам разважання можна вылучыць якую-н. новую інфармацыю (П. індукцыі і П. дэдукцыі). У непасрэдным розумазаключэнні вывад робіцца з адной П.; у дэдукцыйным — як правіла, з 2 П. (большая і меншая); у індукцыйным — больш як з 2 П. Асн. патрабаванне да П. — іх ісціннасць. Калі П. ісцінныя і ў працэсе розумазаключэння спалучаны па законах логікі, тады вывад (заключэнне) будзе ісцінным. П. — неабходная ўмова лагічнай аргументацыі або доказу.

т. 12, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́ЕСНАСЦІ ЗАКО́Н,

адзін з асн. законаў фармальнай логікі, згодна з якім кожнае завершанае суджэнне ў лагічных аперацыях пры паўтарэнні павінна мець аднолькавы, устойлівы змест; прынцып правільнай пабудовы думак у працэсе разважання. Сфармуляваны Арыстоцелем, які сцвярджаў, што абмеркаванне пэўнай праблемы павінна пачынацца з вызначэння агульнага сэнсу паняццяў, якімі карыстаюцца субяседнікі. У логіцы Т.з. сімвалічна выяўляецца ў выглядзе формулы A ёсць A, ці A=A, у матэм. логіцы — A→A, дзе A — пэўнае выказванне, а → — знак імплікацыі. На практыцы Т.з. прадугледжвае пэўнае абстрагаванне ад характару аб’ектаў выказвання, ад іх развіцця і змены, што правамоцна ў сувязі з адноснай устойлівасцю ўсіх з’яў. Т.з. дапаўняецца і развіваецца супярэчнасці законам і выключанага трэцяга прынцыпам.

В.​М.​Пешкаў.

т. 15, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГНО́З (ад грэч. prognosis прадбачанне, прадказанне),

навук.-абгрунтаванае суджэнне пра магчымы будучы стан якіх-н. аб’ектаў або з’яў, пра альтэрнатыўныя шляхі і тэрміны іх дасягнення. Распрацоўваецца на аснове ўсебаковага і глыбокага навук. пазнання і аналізу аб’ектыўных заканамернасцей, тэндэнцый і ўзаемасувязей развіцця грамадства і прыроды, канкрэтных умоў развіцця дадзенага аб’екта прагназіравання. П. уключае вядомыя і невядомыя звесткі пра аб’ект, уяўляе сабой ідэальны вобраз, мадэль, апісанне імавернасных падзей, працэсаў, з’яў. Паводле крытэрыю часу П. падзяляюць на бягучыя (ад некалькіх гадзін да некалькіх месяцаў), кароткатэрміновыя (да 5 гадоў), сярэднетэрміновыя (5—10 гадоў), доўгатэрміновыя (ад 10—15 да 20—30 гадоў) і звышдоўгатэрміновыя. Паводле сваёй прыроды П. падзяляюцца на гідраметэаралагічныя, геал., біял., медыка-біял., касмалагічныя, геагр. і інш. Другую групу складаюць П., якія адносяцца да развіцця грамадства (эканам., сац., псіхал., дэмаграфічныя, культ.-эстэт. і інш.). Адрозніваюць таксама П. даследчыя (пошукавыя) і нарматыўныя.

Літ.:

Лисичкин В.А. Теория и практика прогностики. М., 1972;

Мартино Дж. Технологическое прогнозирование: Пер. с англ. М., 1977;

Котляров И.В. Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989;

Теория прогнозирования и принятия решений. М., 1977.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛАГІ́ЗМ (ад грэч. syllogismos разлічваю, заключаю),

від дэдуктыўнага розумазаключэння, у якім з 2 суджэнняў (пасылак), звязаных паміж сабою адным агульным сярэднім тэрмінам, атрымліваюць трэцяе суджэнне. У залежнасці ад пасылак адрозніваюць катэгарычны, раздзяляльна-катэгарычны і ўмоўна-катэгарычны С. У катэгарычным С. вывад атрымліваецца з 2 пасылак, якія з’яўляюцца катэгарычнымі суджэннямі: A ёсць B, B ёсць C, значыць A ёсць C. У раздзяляльна-катэгарычным С. ў большай пасылцы пералічваецца некалькі магчымых рашэнняў, у меншай адмаўляюцца ўсе, акрамя аднаго: A ёсць або B, або C, або D, але A не ёсць ні B, ні D, значыць A ёсць С. Ва ўмоўна-катэгарычным С. хаця б адна з 2 пасылак з’яўляецца ўмоўным суджэннем: Калі A ёсць B, то C ёсць D; A ёсць B, значыць C ёсць D. У залежнасці ад становішча сярэдняга тэрміна адрозніваюць 4 фігуры С. Кожная з іх мае па некалькі модусаў (С., якія адрозніваюцца адзін ад аднаго колькасцю і якасцю суджэнняў). Усяго існуе 256 модусаў; правільнымі, якія даюць ісціннае заключэнне, лічацца толькі 24 (гл. Сілагістыка). Вывад аднаго С. можа быць пасылкай наступнага. Такім чынам ствараецца складаны С., або полісілагізм. Гл. таксама Сілагізма аксіёма.

В.​М.​Пешкаў.

т. 14, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЯ́ЦЦЕ,

адна з асн. адзінак мысліцельнай дзейнасці, найвышэйшы ўзровень абагульнення; лагічная форма, з дапамогай якой будуюцца інш. формы мыслення (суджэнне, вывад). Бывае канкрэтным і абстрактным. Як прадукт і вынік пазнавальнай дзейнасці чалавека фарміруецца праз абстрагаванне, ідэалізацыю, параўнанне, абагульненне і вызначэнне; фіксуе паасобныя фрагменты быцця і цэласны свет. Паводле зместу П. аб’ектыўнае (у ім акумуляваны шматвяковы практычны вопыт чалавецтва); гібкае, рэлятыўнае, што вынікае з універсальнасці руху, прынцыпу ўсеагульнай сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў; устойлівае (аб’ект дыялектычнай логікі); выступае ў якасці лагічных форм (аб’ект фармальнай логікі). У канчатковым выніку паняційная форма прыводзіць да тэорыі.

Тэрмін «П.» ўведзены стоікамі (3—2 ст. да н.э.). Паводле Зянона з Кітыёна, П. — спасцігнутае ўяўленне. Разгорнутая канцэпцыя П. змешчана ў творах Платона. Дэмакрыт звязваў П. з пачуццёвымі рэчамі, Платон лакалізаваў яго ў сферы мыслення і свеце ідэй, Арыстоцель развіў яго і прадставіў у выглядзе сістэмы П. У сярэднявеччы дыскусіі вакол прыроды П. праявіліся ў барацьбе наміналізму і рэалізму. У канцы 17 — пач. 18 ст. развівалася эмпірычная тэорыя П. (Дж.​Лок і інш.). Прадстаўнікі класічнай ням. філасофіі (І.​Кант. І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінг, асабліва Г.​Гегель) раскрылі супярэчлівы характар мыслення, паказалі абстрактнасць і канкрэтнасць П., яго арганічную цэльнасць і працэсуальнасць.

Літ.:

Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991;

Гегель Г.В.Ф. Система наук. Ч. 1. Феноменология духа. СПб., 1994;

Риккерт Г. Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997.

Т.​І.​Адула.

т. 12, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНІВЕРСА́ЛЬНАЯ ГРАМА́ТЫКА,

лінгвістычная тэорыя, якая грамат. катэгорыі мовы тлумачыць праз катэгорыі мыслення. Наз. таксама ўсеагульнай, агульнай, рацыянальнай, філас., аналітычнай граматыкай. Бярэ пачатак у грамат. уяўленнях антычнасці. Найб. поўна ўвасоблена ў граматыках 16—17 ст.: грамат. трактат «Мінерва, або Аб прычынах лацінскай мовы» Ф.​Санчэса (Іспанія), «Гермес, або Філасофскае даследаванне, якое тычыцца мовы і універсальнай граматыкі» Дж.​Харыса, «Тэорыя мовы» Дж.​Біты (Англія) і інш. Найб. вядомая з такіх спроб — Пор-Раяль граматыка. У пэўнай ступені У.г. захоўваецца ў сучаснай т.зв. школьнай граматыцы.

У аснове пабудовы У.г. ляжыць даўняе ўяўленне пра мову як просты адбітак мыслення: слова — паняцце, сказ — суджэнне, часціны мовы — пэўныя катэгорыі мыслення і г.д. Такія суадносіны маюць месца, але яны не носяць абсалютнага несупярэчлівага характару, таму што сістэмна-структурная арганізацыя адзінак мовы мае ўласныя прынцыпы, свае законы пабудовы і ў мове ёсць таксама адзінкі плана выражэння, якія ўвогуле не суадносяцца з адзінкамі значэння (фанемы, склады) або фарміруюць іх уласнымі, «пазалагічнымі» сродкамі (безасабовы сказ, выклічнікі і інш.). З сярэдзіны 18 ст. адрозніваюць «граматыку навукі» (пераважана логікі) і «граматыку мастацтва». 1-я абавязкова выяўляецца ва ўсіх мовах як сродак мыслення, 2-я складае спецыфіку, адметнасць кожнай асобнай мовы. Гэтыя ўяўленні адыгралі ў гісторыі мовазнаўства станоўчую ролю, прывялі да складвання агульнага мовазнаўства, параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, тыпалагічнага мовазнаўства і прыватнага мовазнаўства.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)