Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СУВЕНІ́Р (ад франц. souvenir памяць),
памятны прадмет. Якасцямі С. валодаюць творы нар. або дэкар.-прыкладнога мастацтва, якія нясуць інфармацыю пра асаблівасці культуры народа, нагадваюць пра наведванне краіны, горада, музея і інш. (рэчы этнагр. характару, медалі, значкі, вымпелы, статуэткі, паменшаныя копіі скульпт. і арх. помнікаў і інш.), спец. вырабленыя прадметы утылітарнага прызначэння, якія маюць геральдычную, спарт. і інш. сімволіку, інфармацыю пра пэўную падзею ці дату (блакноты, ручкі, паштоўкі, кубкі і інш.), звычайныя рэчы, звязаныя з гіст. падзеямі (напр., прадметы, прывезеныя з касмічнай арбітальнай станцыі, кавалкі т.зв. Берлінскай сцяны, сав. ядзерных ракет), з успамінамі пра пэўную асобу (напр., асабістая рэч вядомага чалавека, фамільная каштоўнасць). Існуюць спец. прадпрыемствы па вырабе С. (гл. ў арт.Мастацкіх вырабаў вытворчасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАБ’ЁЎ Анатоль Міхайлавіч (н. 10.1.1942, в. Люшнева Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, балетмайстар. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Нар.арт. Беларусі (1987). Працаваў у розных творчых калектывах. З 1967 кіраўнік Брэсцкага нар. ансамбля танца «Радасць». Ажыццявіў шэраг харэаграфічных пастановак з выкарыстаннем бел.танц. фальклору («Палескае вяселле», «Радасць працы», «Свята на Палессі», «Дажынкі», «Валёнкі», «Сувенір» і інш.), падрыхтаваў больш за 20 канцэртных праграм. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМЖА́НАЎ Ануар (Ануарбек) Турлубекавіч (2.5.1930, аул Карлыгаш, Андрэеўскі р-н Талды-Курганскай вобл., Казахстан — 1993),
казахскі пісьменнік. Скончыў Казахскі ун-т (1954). У яго аповесцях «Караван ідзе да сонца» (1963), «Сінія горы» (1964; Дзярж. прэмія Казахстана 1967), «Сувенір з Атрара» (1966; Міжнар. прэмія імя Дж.Нэру 1969), «Трон Рудакі» (1974) і інш. — мінулае і сучаснае Казахстана. Аўтар гіст. трылогіі «Стэпавае рэха» (1969—79).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРАЎ (сапр.Марманенка) Рыгор Васілевіч
(23.1.1903, Екацярынбург, Расія — 16.12.1983),
рускі кінарэжысёр і сцэнарыст. Нар.арт.СССР (1948). Герой Сац. Працы (1973). Праф. (1951). З 1921 акцёр Першага рабочага т-ра Пралеткульта ў Маскве. З 1924 працаваў у кіно як акцёр, асістэнт, сурэжысёр С.Эйзенштэйна (фільмы «Стачка», «Браняносец Пацёмкін»). З 1933 ставіў фільмы самастойна. Стварыў жанр муз.-эксцэнтрычнай камедыі: «Вясёлыя хлопцы» (1934), «Цырк» (1936, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940), «Вясна» (1947). З інш. фільмаў: «Сустрэча на Эльбе» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Рускі сувенір» (1960). Аўтар сцэнарыяў амаль усіх сваіх фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛО́ЎНІКАЎ Ігар Уладзіміравіч (н. 5.11.1954, Мінск),
бел. піяніст, арганіст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1986). Праф. (1994). Сын У.У.Алоўнікава. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах фп. і аргана (1978). З 1980 саліст Бел. філармоніі, адначасова выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (у 1987—92 заг. кафедры). Творчасць Алоўнікава спалучае высокі прафесіяналізм, віртуознае майстэрства, тонкае пачуццё стылю, артыстызм. У рэпертуары фп. творы І.С.Баха, Л.Бетховена, Ф.Шапэна, В.А.Моцарта, С.Рахманінава, бел. кампазітараў Г.Вагнера, Л.Абеліёвіча, Картэса і інш. Аўтар шматлікіх транскрыпцый твораў муз. класікі і бел. кампазітараў для фп. і аргана. Складальнік і рэдактар зборнікаў бел.фп. музыкі «Віртуоз», «Піяніст», «Сувенір». Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМАТО́ВІЧ Казімір (1808, в. Дабраўляны, Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл. — 1837),
бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Рустэма. Працаваў настаўнікам малявання ў дабраўлянскім маёнтку графа А.Гюнтэра. Выканаў насценную размалёўку інтэр’ера капліцы Дабраўлянскага палаца (1828), літаграфіі «Інтэр’ер капліцы Дабраўлянскага палаца» (1829), «Бытавыя сцэны» (літаграфія па малюнках Я.Рустэма, 1830-я г.), «Дабраўлянскі сувенір» (1835), партрэт Рустэма, «Успаміны аб Вільні» (1837) і інш.; графічныя лісты, выкананыя ў мяшанай тэхніцы («Мужчынскі партрэт», «У спальні» і інш.). Яго рэаліст. бытавыя замалёўкі маюць этнагр. каштоўнасць. Найб. цікавыя з іх змешчаны ў альбоме «Збор нацыянальных і ваенных касцюмаў, што намаляваў Казімір Бахматовіч, вучань Віленскай акадэміі на Літве» (1831). Вядомыя яго жывапісныя творы: «Дзяўчынка з немаўляткам», «Літоўская вяснянка».
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІКУ́ШЫН Рыгор Піліпавіч (н. 4.12.1921, с. Сладкова Цюменскай вобл., Расія),
бел. графік. Скончыў Маскоўскі паліграф.ін-т (1956). Выкладаў у Віцебскі.мпед. ін-це (1959—70). Працуе ў тэхніках малюнка пяром і лінарыту. Стварыў станковыя серыі «Віцебск, любоў мая» (1960—64), «Вясковыя пейзажы» (1961—64), «Стары Віцебск» (1962—69), «Успамін пра малую радзіму» (1967—68), лінарыты «Сярод бяроз» (1962), «У майстэрні» (1970), якія вылучаюцца дасканалай пластыкай, графічнай і кампазіцыйнай выразнасцю. Аформіў кнігі твораў К.Крапівы, Ч.Дзікенса, А.Дзюма, К.Паустоўскага і інш. Аўтар арыгінальных шрыфтоў («Увага», «Віцебск», «Вольга», «Сувенір», «Народны», «Ініцыяльны», «Дзвіна» і інш.).
Тв.:
Шрифты. Мн., 1964;
Шрифты для художников-оформителей. 2 изд. Мн., 1984;
Декоративные шрифты для художественно-оформительских работ. Мн., 1987;
Рекламные шрифты. Витебск, 1989;
Книжные, плакатные, декоративные шрифты для художественно-оформительских работ. Витебск, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІНАВОДСТВА
Мэтанакіраваныя даследаванні па раслінаводстве на Беларусі пачаліся ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це (засн. ў 1840; з 1925 — БГСА). У ліку заснавальнікаў навук. раслінаводства А.В.Саветаў (першы доктар с.-г. навук, аўтар прац па вырошчванні кармавых траў і па сістэмах земляробства), І.А.Сцебут (чытаў першы ў Расіі курс па раслінаводстве, выдаў на яго аснове працу «Асновы палявой культуры і меры да яе паляпшэння ў Расіі», арганізаваў у Горках доследнае поле), М.В.Рытаў (арганізаваў першы пладовы гадавальнік, памалагічны сад і доследнае поле для вывучэння агароднінных культур). У 1910 у Беняконах (Гродзенская вобл.) створана батанічна-сельскагаспадарчая доследная станцыя, на якой пад кіраўніцтвам В.М.Ластоўскага праводзіліся селекцыйная работа (створаны сорт азімага жыта Беняконскі, некалькі хуткаспелых сартоў лубіну) і выпрабаванні сартоў ячменю, аўса, бульбы. Даследаванні праводзіліся на Мінскай раслінаводчай і Горацкай (з 1920), Турскай, Віцебскай і Палескай (1921) с.-г. доследных станцыях, у Бел. аддзяленні Усесаюзнага ін-та раслінаводства (з 1925). У 1929 створана Бел.с.-г. доследная станцыя паляводства. У 1937 арганізаваны Ін-тсацыяліст. сельскай гаспадаркі (з 1956 — Бел.НДІ земляробства, з 2003 — НДІ земляробства і селекцыі). Да 1960-х г. насенняводчая і селекцыйная праца з с.-г. культурамі была накіравана на выяўленне і вывучэнне. мясц. і замежных сартоў, на ацэнку і ўдасканальванне асобных прыёмаў. У Бел.НДІ земляробства і селекцыі з 1960-х г. вядуцца комплексныя даследаванні па раслінаводстве, распрацоўваюцца тэхналогіі вытворчасці палявых культур і стратэгія інтэнсіўнага раслінаводства ў краіне (М.А.Кадыраў, І.К.Копцік, Л.В. і В.П.Кукраш, А.І.Лапо, М.Дз.Мухін, І.Г.Стралкоў, В.С.Шавялуха, М.П.Шкель, В.М.Шлапуноў, В.І.Шэмпель і інш.). У 1960-я г. створаны першыя бел. сарты: азімага жыта Белта (М.Дз.Мухін), ячменю Сувенір (М.Дз.Мухін, У.А.Сямёнаў) і Мінскі (М.М.Венядзіктаў), яравой пшаніцы Мінская (М.Дз.Мухін). З 1980-х г. вядзецца інтэнсіўны працэс стварэння і раянавання бел. сартоў: азімага жыта Пухаўчанка, Верасень, Ігуменскае, Сяброўка, Спадчына, Калінка, Радзіма, Зуброўка, Ясельда, Завея 2, Зарніца, Талісман; азімай пшаніцы Бярэзіна, Сузор’е, Капылянка, Быліна, Легенда, Шчара, Саната, Завея, Прэм’ера, Спектр, Гармонія, Каравай, Гродзенская 7; азімай трыцікале Дар Беларусі, Міхась, Мара, Ідэя, Модуль, Дубрава, Рунь, Марка, Сокал; яравой пшаніцы Інеса; яравога ячменю Заазерскі 85, Прыма Беларусі, Тутэйшы, Візіт, Верас, Гасцінец, Гонар, Сябар, Вежа, Сталы, Бурштын, Дзівосны, Талер, Атаман, Якуб; яравога аўса Буг, Асілак, Паланэз, Беларускі галазёрны, Стралец, Багач, Вандроўнік, Юбіляр; грэчкі Юбілейная 2, Чарнаплодная, Жалейка, Аніта, Беларуская, Жняярка, Смуглянка, Волма і інш. У ін-це выведзены сарты бабовых культур, якія адаптаваны да мясц. умоў: гароху Агат, Белус, Беларус, Палёт; яравой вікі Наталі; лубіну Данка, Гелена, Міртан, Першацвет, Ашчадны і інш.; распрацаваны безгербіцыдныя і энергарэсурсазберагальныя тэхналогіі іх вырошчвання. Вядуцца шматпланавыя даследаванні тэхналогій вырошчвання кармавых траў і сіласных культур (канюшыны, рапсу, кукурузы і інш.), ствараюцца і раянуюцца іх сарты.
У БСГА значны ўклад у развіццё раслінаводства зрабілі А.В.Ключароў, І.М.Піўноўскі і інш. Распрацоўваліся пытанні тэорыі фарміравання высокіх ураджаяў (М.С.Савіцкі), перыядычнасці росту с.-г. раслін і яго рэгулявання (В.С.Шавялуха); удасканальваліся прыёмы і тэхналогіі вырошчвання палявых культур (В.І.Качурка, Ф.І.Лешчанка, Э.М.Мухаметаў, Л.Б.Наймарк, В.Р.Стралкоў, А.А.Шалюта), прапанаваны нетрадыцыйныя сістэмы вырошчвання грэчкі (М.Я.Мікалаеў), бульбы (П.І.Панасюга), зернебабовых сумесей (С.С.Камасін). Выкананы шэраг даследаванняў па ўдасканальванні прыёмаў вырошчвання палявых культур: ацэнка культур-папярэднікаў, распрацоўка лакальна-стужачнага спосабу ўнясення мінер. угнаенняў і інтэграванай сістэмы аховы пасеваў ва ўмовах радыяцыйнай нагрузкі (П.К.Александровіч, А.М.Брагін, І.Р. і Р.Т.Вільдфлуш, Г.І.Гарбылёва, С.С.Захараў, А.А.Калікінскі, С.П.Кукраш, А.Р.Цыганоў, П.М.Шарснёў і інш.), па селекцыі збожжавых і зернебабовых культур (А.З.Латыпаў, Р.І.Тарануха), бабовых кармавых траў (В.З.Шарапа). Выведзены сарты палявых культур: лубіну Акадэмічны 1, БСГА-382, Пружанскі, Бісер 347 (Р.І.Тарануха); фасолі Мотальская белая (П.М.Мінюк, В.Н.Кавалёў); канюшыны лугавой Мярэя (В.І.Бушуева); кукурузы Бема 172 СВ, Бема 210 СВ, Парумбель 212 СВ (В.А.Двайнішнікаў).
Па льнаводстве даследаванні вядуцца з 1950-х г. у НДІ земляробства і селекцыі, таксама на Магілёўскай абл.с.-г. доследнай станцыі. Праводзілася селекцыя лёну на ўраджайнасць і якасць валокнаў, на ўстойлівасць да палягання і фузарыёзу і інш. Распрацавана тэхналогія вырошчвання лёну, якая дазваляе атрымліваць 18 ц/га валокнаў і 9 ц/га насення. У 2000 на аснове эксперыментальнай базы «Устье» (Віцебская вобл.) створаны Бел.НДІ лёну, у якім выведзены сарты лёну Блакіт, Форт; распрацавана і рэкамендавана сартавая агратэхніка новых сартоў: Віта, Прамень, Пралеска, Васілёк, Блакіт (І.А.Голуб, В.А.Кажаноўскі, В.А.Пруднікаў, П.І.Шыбко).
Па буракаводстве работы вядуцца з 1928 на Ганусаўскай паляводчай доследнай станцыі (доследнай станцыі па цукр. бураках Нац.АН Беларусі). У розныя гады на станцыі распрацоўваліся тэхналогіі вырошчвання цукр. буракоў адпаведна з узроўнем развіцця і попытам вытворчасці. Створаны аднапарасткавыя трыплоідныя гібрыды Белдан, Данібел, Каўбел (Д.С.Бычкова, Т.С.Макарэвіч, І.С.Татур і інш.).
Па бульбаводстве даследаванні пачаты ў 1928 на Цэнтр. бульбяной доследнай станцыі. У 1956 створаны Бел.НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства. У 1990 вылучаны асобны БелНДІ бульбаводства. Уклад у селекцыю бульбы Зрабілі П.І.Альсмік, А.Л.Амбросаў, І.І.Бусько, М.Дз.Ганчароў, М.А.Дарожкін, А.Я.Зуйкоў, С.М.Купчына, З.І.Рамнёва, Л.А.Панцюхіна, А.П.Пузанкоў, М.А.Шыпількевіч і інш. У наш час найб. пашыраны сарты Ласунак, Явар, Аксаміт, Расінка, Скарб, Лазурыт, Выток, Сузор’е, Дэльфін, Альпініст, Архідэя, Ветразь, Здабытак. Комплексныя даследаванні агратэхнікі бульбы пачаты ў 1950-я г. Л.І.Гарэлкіным, працягваліся А.Ф.Багданоўскім, С.А.Банадысевым, І.І.Бусько, М.В.Кананучанкам, І.С.Малашанкам і інш. Пытанні ахоўных мерапрыемстваў вывучалі С.І.Бельская, М.А.Дарожкін, У.Р.Іванюк, Р.Г.Казак, Г.М.Крамнева, З.І.Рамнёва і інш.
У 2000 на базе Бел.НДІ земляробства і селекцыі створаны Нац. цэнтр генетычных рэсурсаў, які вывучае генетычны патэнцыял гаспадарча-карысных раслін з мэтай іх далейшага выкарыстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕФІ́ЛЬМ, тэлевізійны фільм,
ігравы, дакумент. ці дакумент.-ігравы фільм, створаны для паказу па тэлебачанні ці прагляду на відэакасетах. У яго маст. структуры сінтэзуюцца вобразная мова кіно (план, ракурс, кампазіцыя, мантаж) і тэлебачання (павялічанае значэнне буйных планаў, працяглае развіццё дзеяння, цыклічныя, серыйныя формы, спалучэнне з кантэкстам тэлепраграм). У 1960-я г. здымаўся на кінастужцы, з 1970-х г. — на відэастужцы, што пашырыла вобразныя магчымасці мовы экрана дзякуючы відэатэхніцы. На Беларусі выпуск Т. пачаўся з 1964 у аб’яднанні «Тэлефільм» Рэсп. студыі тэлебачання, з 1968 — у аб’яднанні «Тэлефільм» кінастудыі «Беларусьфільм», з 1989 — у Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Белвідэацэнтр» Мін-ва культуры Беларусі.
У 1960-я г. пераважалі камерныя псіхал. фільмы з лакальнымі сюжэтамі: «Зімовы дуб» (рэж. М.Кожын), «Снежны конь» (рэж. Ю.Дубровін, абодва 1963), «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (рэж. В.Рубінчык), «Бераг прынцэсы Люські» (рэж. В.Нікіфараў), «Вясковыя канікулы» (рэж. В.Рыбараў, усе 1969). На «Тэлефільме» тэлекіно грунтавалася на традыцыях нац. л-ры, кола аўтараў склалі бел. пісьменнікі: У.Караткевіч («Камлючок», 1967, рэж. М.Калінін), І.Сяркоў («Мы — хлопцы жывучыя», 1974, рэж. У.Станкевіч), І.Пташнікаў («Родам адсюль», 1969, рэж. У.Арлоў; «Тартак», 1974, рэж. В.Карпілаў), А.Кудравец («Восеньскія яблыкі», 1975, рэж. У.Унукаў), В.Карамазаў («Зялёныя фрэгаты», 1976, рэж. Я.Шабан), А.Вялюгін («Рэха ў пушчы», 1977, рэж. Дз.Ніжнікоўская), А.Дудараў («Кола», 1977; «Бусляня», 1980; «Купальская ноч», 1982, рэж. усіх В.Басаў; «Суседзі», 1979, рэж. В.Панамароў), Я.Сіпакоў («Госць», 1979, рэж. Басаў), А.Жук («Паляванне на Апошняга Жураўля», 1980, рэж. В.Анісенка), Шабан («Варыянты», 1981, рэж. Басаў; «Дзень на лясным возеры», 1983, рэж. І.Калоўскі), Г.Марчук («Вясковы эрудыт», 1985, рэж. У.Траццякоў), В.Іпатава («Памяць па сходнай цане», 1985, рэж. Басаў). Экранізаваліся творы бел. класікаў: Я.Купалы — маст. Т. «Па шчасце, па сонца» (1971, рэж. В.Раеўскі), «Пасля кірмашу» (1972, рэж. Ю.Цвяткоў), «Гусляр» (рэж. Б.Бахціяраў), «На куццю» (рэж. Н.Арцімовіч), дакументальныя «Паклон мой народу за песні» (рэж. Калоўскі, усе 1982), «Ніколі я не паміраў» (1992) і «Імша на Купалу» (1993, рэж. абодвух У.Бокун), «Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка» (1998, рэж. М Якжэн), «Янка Купала» (2002, рэж. С.Гайдук); Я.Коласа — маст. «І смех, і бяда» (1973, рэж. Шабан), «Сымон-музыка» (1978) і «Новая зямля» (1982, рэж. абодвух Траццякоў); І.Мележа — Т. і тэлесерыял «Людзі на балоце» (адпаведна 1965, рэж. А.Гутковіч; 1984, рэж. В.Тураў); У.Караткевіча — «Званы Віцебска» (1974, рэж. В.Мазынскі), «Ладдзя Роспачы» (1982, рэж. Л.Тарасава), «Чорны замак Альшанскі» (1984, рэж. М.Пташук). У Т. знаходзяць сваё ўвасабленне і творы пісьменнікаў рус.: І.Тургенева («Жыццё і смерць двараніна Чартапханава», 1972, рэж. Тураў; «Гамлет Шчыгроўскага павета», 1975, рэж. Рубінчык; «Зацішша», 1981, рэж. В.Чацверыкоў; «Бацькі і дзеці», 1984, рэж. Нікіфараў), А.Пушкіна («Дуброўскі», 1988, рэж. Нікіфараў), Ф.Дастаеўскага («Вечны муж», 1990, рэж. Я.Маркоўскі), І.Буніна («Няспешная вясна», 1990, рэж. У.Талкачыкаў); польскіх: паводле Э.Ажэшкі («Хам», 1991, рэж. Дз.Зайцаў), С.Жаромскага («Пракляты ўтульны дом». 1998, рэж. Арлоў); амерыканскіх: Дж.Лондана («Час-Не-Чакае», 1975, рэж. Чацверыкоў), Р.Уорэна («Уся каралеўская раць», 1971, рэж. Ю.Дубровін). У 1970-я г. пачаўся выпуск серыялаў пераважна на гіст., гіст.-рэв. і ваен. тэматыку, часта са спалучэннем хронікі і маст. вобразаў (дакумент. «Біяграфія маёй рэспублікі», 1968, рэж. І.Рудамётаў, В.Карпілаў, І.Вейняровіч, А.Ястрабаў; маст. «Дзяржаўная граніца», 1980—87, рэж. Б.Сцяпанаў, Нікіфараў). У дакументальна-маст. серыяле В.Шавялевіча ў кантэксце гісторыі слав. народаў разглядаецца мінулае і сучаснасць Беларусі, абнаўляецца паэтыка-метафарычная мова кіно: «Па дарогах «Слова аб’ палку Ігаравым» (1986), дылогіі «Да вас, сучаснікі мае» (1989—90) і «Прыйдзі і віждзь» (1992); «Пастка для зубра» (1995) і «Беларусь на крыжы стагоддзяў» (2000). Падзеям Вял.Айч. вайны прысвечаны серыялы «Белая зямля» (1970), «Доўгія вёрсты вайны» (паводле В.Быкава, 1975, рэж. абодвух Карпаў), «Руіны страляюць» (1972, рэж. Чацверыкоў), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.Пікман), «Нас выбраў час» (1976—78, рэж. Пташук). Асабістая трагедыя чалавека ў час вайны адлюстравана ў маст. Т. «Фруза» (паводле Быкава, 1981, рэж. Нікіфараў), «Сведка» (паводле В.Казько, 1985, рэж. Рыбараў) Галерэю партрэтаў удзельнікаў вайны стварылі рэжысёры-дакументалісты Басаў («Імгненні Перамогі», «Салдаты Перамогі», абодва 1975; «Дзякуй, салдат», 1984; «Курган», 1995), В.Жыгалка («Дзеці Брэсцкай крэпасці», «Ім не было і 16», абодва 1978; тэлесерыял «Пасля Перамогі», 1994, «Апошні з групы «Джэк», 2000), Т.Вашчанка («Адзін з многіх», 2000).
Т. выконвае рэпрадукцыйную функцыю, стварае экранны летапіс маст. культуры. Багацце і самабытнасць бел.нар. творчасці адлюстраваны ў дакумент. фільмах В.Каралёва («Палескі карагод», 1991; «Беларускі вясельны каравай», 1993; «Штукар Ямеля з Хальчы», 1996), Ю.Лысятава («Галасы зямлі маёй», 1994; «Дудка», «Труба і рог», абодва 1995), Ю.Гарулёва («Грай, скрыпка, грай», 1994), В.Купрыянава («На крылах фальклору Палесся», 1990; «Калядны сувенір», «Народныя майстры», абодва 1994), А.Суханавай («Іосіф і яго брат Пётр», 1994; «Бубен і барабан», 1997), Гайдука («Неглюбскі лістапад», 1994; «Масленіца», «Рассыпушка», абодва 1995), А.Шклярэўскага («Карагод», 1995; «Эй, гуляю я», 1996), І.Волах «Калядныя цары», 1997), Р.Грыцковай («Валянціна Каралёва — вясёлая ўдава», 1998). Створаны цыклы дакумент.біягр. Т.-партрэтаў дзеячаў бел. мастацтва: выяўл. — «Мастак Арлен Кашкурэвіч» (1976, рэж. С.Адаменка), «Напалеон Орда» (1990, рэж. Л.Гедравічус), «Фантазіі Драздовіча» (1997, рэж. С.Агеенка), «А.А.Анікейчык» (2000, рэж. Ю.Войніч); муз. — «Песні Ігара Лучанка» (1972), «Харошкі» (1978, рэж. абодвух Басаў), «Урыўкі з ненапісанага. Я.Глебаў» (рэж. Арлоў), «Анісімаў» (рэж. В.Шышоў, абодва 1999); тэатральнага і юнамастацтва — «Купалаўцы» (1968, рэж. А.Колас), «Кінарэжысёр Віктар Тураў» (1995, рэж Цвяткоў), «Паўлінка» (1997, рэж. Шышоў) і інш. У экранны фонд увайшлі і Т.-спектаклі драм. і муз. т-раў (гл. ў арт.Тэлевізійны тэатр). Для дзяцей створаны прыгодніцкія серыялы («Корцік», 1973, «Бронзавая птушка», 1974, рэж. абодвух Калінін; «Апошняе лета дзяцінства». 1974, рэж. Рубінчык), фільмы-казкі («Гора баяцца — шчасця не бачыць», рэж. Тураў; «Пастух Янка», рэж. Цвяткоў, абодва 1973), тэлемюзіклы («Прыгоды ў горадзе, якога няма», 1974, «Прыгоды Бураціна», 1975, «Пра Чырвоную Ша пачку», 1977, «Прададзены смех», 1981, «Казка пра Зорнага хлопчыка», 1983, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Пітэр Пэн», 1987, рэж. усіх Л.Нячаеў). У 1990-я г. ў Т. дамінуе экалагічная праблематыка маст. фільм «Бліскавіцы» (1990, рэж. Траццякоў), дакумент. цыклы «Бярэзінскі запаведнік» (1994, рэж. Гедравічус), «Нараўлянскія эцюды» (1996, рэж. Басаў), «Чырвоная кніга. Фауна і флора Беларусі» (2000, рэж. І.Бышнеў) і інш. На мяжы 20—21 ст. у тэлекіно ўваходзіць хрысц. тэматыка: «Уладыка» (1993), «Полацкая Сафія» (1995), «Пад крыламі Ефрасінні» (1996), «Дабро стварай» (1998, рэж. усіх Шавялевіч), «Святыні зямлі беларускай» (2000, рэж. Каралёў) і інш.
В.Ф.Нячай.
Кадр з тэлефільма «Прыгоды Бураціна». 1975.Кадр з тэлефільма «Дзяржаўная граніца» (фільм 2-і) 1981.Кадр з тэлефільма «Хам». 1991.