Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯСТЭРЭАМЕ́РЫ, дыястэрэаізамеры (ад дыя... + стэрэа... + ізамеры),
прасторавыя ізамеры з некалькімі элементамі хіральнасці (асіметрычнымі цэнтрамі), але з рознай канфігурацыяй часткі з іх. Д. адрозніваюцца адзін ад аднаго велічынёй аптычнага вярчэння і не з’яўляюцца аптычнымі антыподамі. Маюць розныя фіз. (т-ры кіпення і плаўлення, растваральнасць і інш.) і некат. хім. ўласцівасці, напр., D-(+)-вінная і меза-вінная кіслоты. Адзін з метадаў атрымання аптычна актыўных рэчываў — расшчапленне рацэматаў, заснаваны на ўтварэнні пары Д. і іх наступным раздзяленні фіз. метадамі (напр., крышталізацыяй). Гл. таксама Аптычная ізамерыя, Ізамерыя.
Л.М.Скрыпнічэнка.
Дыястэрэамеры D-(+)-вінная (I) і меза-вінная (II) кіслоты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАЗА́ПІС,
запіс гукавых ваганняў на гуканосьбіце для наступнага ўзнаўлення. Гуказапісвальны элемент (разец, светлавы прамень, магн. поле ці інш.) пакідае след гукавога вагання (гукавую дарожку, ці фанаграму) на рухомым гуканосьбіце. У залежнасці ад колькасці каналаў запісу—узнаўлення адрозніваюць гуказапіс мона- (1 канал), стэрэа- (2 каналы), квадра- (4 каналы) і поліфанічны (больш за 4 каналы). Найб. пашыраны мех., фатагр. (аптычныя) і магн. метады гуказапісу, якія выкарыстоўваюцца ў вытв-сці грампласцінак, гукавым кіно, пры стварэнні радыё- і тэлевізійных праграм і інш.
Для мех. гуказапісу выкарыстоўваюць эл.-акустычны (найб. пашыраны) ці акустычны спосаб. Пры акустычным спосабе гукавыя ваганні непасрэдна ўздзейнічаюць на гуказапісвальны элемент (напр., іголку фанографа), які стварае гукавую канаўку, пры эл.-акустычным — гукавыя ваганні пераўтвараюцца мікрафонам у эл. і пасля ўзмацнення ўздзейнічаюць на запісвальны элемент. Пры фатагр. гуказапісе гукавыя ваганні пераўтвараюцца ў светлавыя і фіксуюцца на святлоадчувальнай плёнцы (гл.Гукавое кіно), кампакт-дыску і інш., пры магн. гуказапісе зменьваецца намагнічанасць дарожкі запісу на магнітных дроце, стужцы, дыску і інш.Гл. таксама Дыктафон, Магнітафон, Магнітарадыёла, Магнітола.
У муз. мастацтве гуказапіс адкрыў новыя магчымасці і зрабіў вял. ўплыў на ўсе сферы музыкі 20 ст. Ён ператварыў музыку ў прадмет масавай вытворчасці, вылучыў гукарэжысуру як новую разнавіднасць муз. творчай працы і прывёў да істотных змен у кампазіцыі, выканальніцтве (гл.Электронная музыка) і ўспрыманні музыкі.
Літ.:
Синклер Я. Введение в цифровую звукотехнику: Пер. с англ.М., 1990;