Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАГО́НСКІ (Сямён Аляксандравіч) (14.1.1910, в. Залучча Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 27.1.1955),
Герой Сав. Саюза (1943). У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Цэнтр., Варонежскім, 4-м Укр. франтах. Пам. камандзіра ўзвода сяржант З. вызначыўся ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пн ад г.п. Ржышчаў у баях за вызваленне Кіеўскай вобл. На радзіме на ўшанаванне яго памяці пастаўлена стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПО́ЛЛЕ,
вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Мінск—Слуцк. Цэнтр Бокшыцкага с/с і калгаса. За 6 км на Пн ад горада і чыг. ст. Слуцк, 99 км ад Мінска, 175 ж., 78 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. На ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, насыпаны курган і пастаўлена стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з вер. 1941 да ліст. 1942 у г. Горкі і Горацкім р-не Магілёўскай вобл. Існавала 12 груп
(78 чал.): гарадская (кіраўнік П.Х.Кажура),
на льнозаводзе (П.Н.Савінаў), цагельным з-дзе (А.І.Трэмба), у Горацкай МТС (С.І.Вараб’ёў), у вёсках Альхоўка (В.В.Быкаў), Добрая (Д.Ф.Вайстрова), Палёнка (Ф.М.Дзям’янаў), Тудараўка (Б.А.Шыманоўскі, з сак. 1942 В.В.Агаджанян) і інш. Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, займаліся зборам разведданых, зброі для партызан, праводзілі дыверсіі на хлебазаводзе, электрастанцыі і інш. Фашысты арыштавалі амаль усіх падпольшчыкаў, 54 з іх загубілі. У Горках на магіле падпольшчыкаў помнік, у в. Тудараўка — стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭЛЬЕ́Ф (франц. bas-relief літар. нізкі рэльеф),
від рэльефнай скульптуры, дзе пукатая частка выявы выступае над плоскасцю фону не больш як на палову свайго аб’ёму. Барэльеф (выяўленчы і арнаментальны) — пашыраны від аздаблення архітэктурных збудаванняў і твораў дэкар. мастацтва. Часам барэльефы ўпрыгожваюць пастаменты помнікаў, стэлы, мемар. дошкі, манеты, медалі, гемы.
На Беларусі вядомы з даўніх часоў. У барэльефе выкананы віслыя пячаткі, каменныя і драўляныя абразкі («Канстанцін і Алена», 12 ст.; «Премудрость созда себе храм. Праздники» Ананія, 15—16 ст.); выявы евангелістаў на Віцебскіх царскіх варотах, у Міхайлаўскім касцёле ў в.Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., М.К.Радзівіла Сіроткі ў надмагіллі (17 ст., фарны касцёл у Нясвіжы). Развіццё барэльефу ў 19 — пач. 20 ст. звязана з імёнамі скульптараў В.Смакоўскага, К.Ельскага, К.Барычэўскага, Р.Слізеня, І.Цэйзіка і інш. Барэльефныя выявы часам уключаюць у мемар. помнікі (Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, 1969, А.Бембель; помнік воінам і партызанам на воз. Нарач у Мядзельскім раёне, 1968, Б.Маркаў, Я.Печкін; стэла з мемар. комплексу Рыленкі, 1973, М.Рыжанкоў; помнік І.Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на, 1976, І.Міско, і інш.). Барэльефы ствараюць самадзейныя разьбяры па дрэве: І.Лук, А.Пупко, Дз.Сталяроў.
А.К.Лявонава.
Да арт. Барэльеф. Стэла з мемарыяльнага комплексу Рыленкі. 1973. Скульптар М.Рыжанкоў.Да арт. Барэльеф. Барэльефная кампазіцыя ў інтэр’еры Міхайлаўскага касцёла ў вёсцы Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. 2-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ «КАЦЁЛ»,
акружэнне войскамі 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 пад Віцебскам 5 ням. дывізій у час Вял. Айч. вайны. 23 ліп. войскі 43-й арміі 1-га Прыбалт. фронту і 39-й арміі 3-га Бел. фронту прарвалі абарону ворага, абышлі Віцебск з Пд і ПдЗ, у ноч на 25 ліп. злучыліся каля в. Гняздзілава Бешанковіцкага р-на і замкнулі акружэнне групоўкі праціўніка, якую разграмілі, 26 ліп. вызвалілі Віцебск. Праціўнік страціў каля 20 тыс. салдат і афіцэраў забітымі і больш за 10 тыс. палоннымі. У в. Гняздзілава ў гонар сав. воінаў пастаўлена стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял.Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.Ф.Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ВЫ́СТАВАЧНЫ ЦЭНТР «БЕЛЭ́КСПА» Пабудаваны ў 1989 у Мінску на праспекце Машэрава як павільён міжнар. выставак (кіраўнік аўтарскага калектыву арх. Л.Маскалевіч, арх. Г.Ласкавая, Г.Фядосенка, В.Капылоў, інж. Л.Валчэцкі, С.Майсеева, маст. Ю.Любімаў). З 1999 сучасная назва. Прызначаны для правядзення міжнар. выставак, навук.-тэхн. канферэнцый, кірмашоў, відовішчных мерапрыемстваў. Пяцівугольная ў плане выставачная зала (пралёт 70 м, унутр.выш. 10—17 м, пл. 3200 м²) перакрыта 5 гіпербалічнымі парабалоідамі, што надае збудаванню жывапіснасць і лёгкасць. Уключае таксама малую выставачную залу, распарадчы вестыбюль, адм. блок, залу для прэс-канферэнцый, кабінеты для камерц. цэнтра, пошту, міжнар. тэлефон, тэлеграф, кафетэрый і інш. Перад будынкам пастаўлена стэла (выш. 35 м) з гадзіннікам, завершаная скульптурай Меркурыя. Іл.гл. да арт.Архітэктура.