ВЕСПУ́ЧЫ ((Vespucci) Амерыга) (9.3.1451, г. Фларэнцыя, Італія — 22.2.1512),

італьянскі мараплавец і даследчык. Доўгі час быў дробным служачым банкірскага дома Медычы і агентам гэтай фірмы ў Севільі. У маі 1499 — вер. 1500 на ісп. марской службе, з вясны 1501 па чэрв. 1504 — на партугальскай; потым зноў вярнуўся ў Іспанію, у 1508—12 гал. стырнавы Кастыліі. У 1499—1504 прымаў удзел у некалькіх экспедыцыях да берагоў Паўд. Амерыкі, якую ён назваў Новым Светам. Лісты аб гэтых падарожжах, у якіх Веспучы ўпершыню апісаў прыроду паўн. ч. кантынента, набылі сусв. вядомасць і неаднаразова перавыдаваліся ў 1505—10. Латарынгскі картограф М.​Вальдземюлер прыпісаў адкрыццё «чацвёртай часткі свету», зробленае Х.Калумбам, Веспучы і прапанаваў назваць гэты мацярык у гонар Амерыга Веспучы Амерыкай. Для Паўд. Амерыкі гэта абазначэнне хутка стала агульнапрызнаным, а ў 1538 на карце Г.Меркатара ўпершыню было пашырана і на Паўн. Амерыку.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РМЧЫЯ КНІ́ГІ (ад стараслав. кръмьчии — стырнавы, рулявы),

зборнікі царк. і свецкіх законаў, якія выкарыстоўваліся пры кіраванні царквой і ў духоўных судах паўд. і ўсх.-слав. краін. Аб’ядноўвалі царк. правілы, пастановы ўсяленскіх і памесных сабораў, імператарскія пастановы адносна царквы, вытрымкі з заканад. зборнікаў. Т. зв. Кормчая 14 тытулаў без тлумачэнняў (Старажытнаславянская кормчая) — пераклад з грэч. мовы, зроблены ў Балгарыі ў пач. 10 ст. На Русь трапіла ў 11 ст. Найб. ранні яе спіс наўгародская Яфрэмаўская кормчая пач. 12 ст. Гістарыяграфічныя матэрыялы К. к. выкарыстоўваліся пры напісанні рус. летапісаў, некат. іх палажэнні ўключаны ў мясц. помнікі царк. права. У канцы 12 ст. ў Грэцыі складзена асобая рэдакцыя К. к., перакладзеная ў Сербіі ў 1-й пал. 13 ст. на стараж.-слав. мову і атрымала назву Сербскай рэдакцыі. Яна змяшчала і новыя заканад. палажэнні. У 15—16 ст. найб. пашырэнне мела на землях ВКЛ і разглядалася як кодэкс права. Мела некалькі спісаў, у т. л. Румянцаўскі (апошняя трэць 15 ст.), Пінскі спіс 1634. З ВКЛ Сербская рэдакцыя трапіла ў Маскоўскую Русь. Апошняе яе выданне ў 1816. У 1260—70-я г. на Русі ўзнікла Руская рэдакцыя К. к. на аснове больш ранніх рэдакцый з дапаўненнем мясц. тэкстаў. («Закон судны людзям», інш. юрыд. помнікі, манаскія статуты і правілы, гіст. і біягр. творы і інш.). К. к. Рус. рэдакцыі былі пашыраны на ўсёй Русі. Спісаў Сербскай рэдакцыі К. к. на землях Украіны і Беларусі (захавалася больш як 10) было больш, чым спісаў Рус. рэдакцыі (3 экз.), што тлумачыцца яе больш раннім распаўсюджваннем.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)