ДАКА́ЛЬСКАЯ Галіна Альфонсаўна, (н. 1910, г. Сейны, Польшча), бел. жывапісец. Сястра Б.А.Дакальскай. З 1928 жыла на Беларусі. Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1932). Працавала ў газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва». На дэкадзе бел. мастацтва ў Маскве (чэрв. 1940) экспанавалася яе карціна «Польскія акупанты ў Беларусі». З 1942 у Літве, з 1944 у эміграцыі ў Германіі, жыла ў лагеры для перамешчаных асоб у г. Кемптэн. З 1949 у ЗША, працавала ў Нью-Йорку на фабрыцы, дзе размалёўвала посуд; з 1982 жыве ў г. Санта-Моніка (штат Каліфорнія). Творчасці ўласцівы шырокі стылявы дыяпазон (ад абстракцыянізму да натуралізму), зварот да гісторыі і культуры бел. і літ. народаў.

А.С.Ляднёва.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РГА (Verga) Джавані

(31.8.1840, Ачы-Кастэла, каля г. Катанія, Італія — 27.1.1922),

італьянскі пісьменнік. Заснавальнік верызму ў італьян. л-ры. Аўтар раманаў «Карбанарыі ў гарах» (1861—62), «Грэшніца» (1866), «Ева» (1873), «Сапраўдная тыгрыца», «Эрас» (абодва 1875), «Сям’я Малаволья» (1881), «Муж Алены» (1882), «Майстар дон Джэзуальда» (1889), аповесцей «Гісторыя адной малінаўкі» (1871), «Неда» (1874), зб-каў навел «Жыццё палёў» (1880), «Сельскія навелы», «На вуліцах» (абодва 1883), «Дон Кандэлора і К°» (1894) і інш., п’ес «Сельскі гонар» (1884; аднайм. опера П.Масканьі), «Ваўчыца» (1896) і інш. Адметныя рысы сталай творчасці Вергі — бясстраснасць, абавязковая наяўнасць трагічнага, стылявы аскетызм.

Тв.:

Рус. пер. — Семья Малаволья. Л., 1936;

Драмы. М.; Л., 1941;

Новеллы. М., 1957;

Мастро дон Джезуальдо. Л., 1980.

Літ.:

Джованни Верга: Биобиблиогр. указ. М., 1966.

Е.А.Лявонава.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖОЙС (Joyce) Джэймс Аўгусцін Алоіс

(2.2.1882, Дублін — 13.1.1941),

ірландскі пісьменнік. Выхоўваўся ў езуіцкіх школах, скончыў Дублінскі ун-т (1902). У 1904 пакінуў Ірландыю, жыў у Трыесце, Цюрыху, Парыжы. Аўтар кн. вершаў «Камерная музыка» (1907), зб. апавяданняў «Дублінцы» (1914), рамана «Партрэт мастака ў юнацтве» (1916), п’ес «Бліскучая кар’ера» (1900), «Выгнаннікі» (1915, апубл. 1918), шматлікіх эсэ і артыкулаў. Сенсацыйны поспех яму прынеслі раманы «Уліс» (1922) і «Памінкі па Фінегану» (1939), што аказалі вызначальны ўплыў на сусв. л-ру 20 ст. У аснове маст. сістэмы рамана «Уліс» «плынь свядомасці», якая паступова з маст. прыёму перарастае ў жанр. Характэрныя рысы твора — парадаксальнасць і суб’ектыўнасць, асацыятыўнасць, часава-прасторавыя напластаванні, звышнасычанасць шматзначнымі сімваламі, рознага роду словатворчасць. Вял. ролю адыгрываюць аналогіі з гамераўскай «Адысеяй» (у кампазіцыі, у парадыйным узнаўленні эпізодаў эпасу, у паралелях паміж міфалагічнымі героямі і персанажамі Дж.). Раман стаў бясспрэчным узорам л-ры постмадэрнізму. Яшчэ ў большай ступені стылявы поліфанізм характэрны для рамана «Памінкі па Фінегану», у якім адсутнічае канкрэтны час, а падзеі адбываюцца ў сне. На бел. мову раман «Уліс» пераклаў Я.Максімюк (1-я частка — 13 «эпізодаў» з 18 — выдадзена ў 1993 у Беластоку, Польшча); асобныя апавяданні пераклаў І.Бабкоў.

Тв.:

Рус. пер. — Дублинцы. Портрет художника в юности. Улисс. Т. 1—3. М., 1993—94;

У кн.: Поэзия Ирландии. М., 1988.

Літ.:

Жантиева Д.Г. Джеймс Джойс. М., 1967.

Е.А.Лявонава.

т. 6, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́ДА

(франц. ballade ад позналац. ballo танцую),

1) у фальклоры раманскіх, германскіх, англа-сакскіх, скандынаўскіх народаў напачатку танц., лірычная або драм. сюжэтная песня з харавым прыпевам.

2) Паняцце, якое ў розных краінах выкарыстоўваюць для абазначэння разнастайных па змесце, часе ўзнікнення, формах існавання відаў і з’яў нар. (песеннай) і прафес. (паэтычнай, літаратурнай, музычнай) творчасці. Тэрмін балада замацаваны ў навук. фалькларыстычнай практыцы з канца 19 ст.

У славянскім, у т. л. беларускім, фальклоры балада належыць да сферы песеннай ліраэпікі. Яна не мае адзінай жанравай прыроды меласу, вылучаецца спецыфічнай тэматыкай і арыгінальным тыпам сюжэтаў. У яе аснове — апавяданне пра трагічнае, драматычна напружанае, абвострана канфліктнае. Бел. нар. балада адзначана гіст. шматслойнасцю, маштабнасцю сюжэтнага фонду, поліфункцыянальнасцю, муз.-жанравай разгрупаванасцю, існаваннем у розных стылявых пластах песеннага фальклору — раннетрадыцыйным (балады каляндарна-земляробчага, сямейна-абрадавага і сямейна-быт. цыклаў), познатрадыцыйным (бяседныя, рэкруцкія, салдацкія, чумацкія, батрацкія і інш. балады), сучаснага фарміравання (рэв., партызанскія балады-песні і інш.). Асн. частка бел. балад належыць да каляндарнага песеннага цыкла (асабліва ў традыцыі Бел. Паазер’я). Паводле функцыянальнага зместу і напеваў гэта масленічныя, валачобныя, юраўскія, траецкія, купальскія, жніўныя, восеньскія, піліпаўскія і інш. песні (гл. адпаведныя артыкулы). На Бел. Палессі (паводле назіранняў З.Эвальд, З.Мажэйкі ў Тураўскім краі) баладныя песні па меры прыстасавання іх да спеву «за калыскай», «зімой» (раней за «кудзеляй»), «у пост» склаліся ў асаблівы стылявы тып. У паэт. тэкстах раннетрадыц. пласта нямала міфал., казачных, легендарных, гераічных, прыгодніцкіх, фантаст. фантаст. матываў (пра лёс дзяўчыны-бяглянкі, пра нараджэнне дзіцяці па-за шлюбам і яго забойства, пра дзяўчыну-ваяра, пра змеяборца Юрая і інш.). Познатрадыц. балады, непрымеркаваныя па часе выканання, — тыповыя апавяданні пра добрага малайца, які схаваўся ў лесе ад набору ў войска; пра малайца, што начаваў на каранях маці-бярозы і забіты маланкай; пра Чарнаморца, які ўтапіўся; пра вальналюбную Бандароўну і інш. Паказальныя для іх і сюжэты з «маці-атрутніцай», «нявернай жонкай», «шынкаркай-здрадніцай», «брат брата забіў» і інш. Напевы познатрадыц. балад апіраюцца на інш., чым у каляндарных, заканамернасці мелодыка-рытмічнай арганізацыі, яны тэрытарыяльна рухомыя і схільныя да міграцыі і запазычання. Выкарыстанне класічных старадаўніх баладных сюжэтаў і матываў у баладах сучаснага паходжання абмежаванае. Як і ў напевах, сувязі тут ускосныя і апасродкаваныя, выступаюць як паэт., муз.-рытмічныя, інтанацыйна-меладычныя «цытаты», уключаныя ў іншы фабульны, сюжэтны, муз.-стылістычны кантэкст.

3) У французскай паэзіі 14—15 ст. верш з 3 строфамі, рэфрэнам і заключнай паўстрафой (зваротам да адрасата). Яркія ўзоры балады — у паэзіі Ф.Віёна.

4) У літаратуры — ліра-эпічны жанр з легендарна-гіст. ці казачна-фантаст. сюжэтам. Узнік у англа-шатландскай нар. паэзіі 14—16 ст. (балады пра легендарнага героя Робін Гуда і інш.). Цікавасць да нар. балады ў эпоху рамантызму выклікала з’яўленне аналагічнага жанру літаратурнай балады (В.Скот, Ф.Шылер, І.В.Гётэ, А.Міцкевіч, В.Жукоўскі, А.Пушкін, М.Лермантаў). Для яе характэрны драматычна напружаны сюжэт са сціслым і цэласным разгортваннем падзей, шырокае выкарыстанне фалькл. прыёмаў і сродкаў (адухаўленне прыроды, матывы непазбежнай адплаты, неўміручасці герояў, элементы чарадзейнага з закляццямі і прадказаннямі). Першыя бел. балады з’явіліся ў сярэдзіне 19 ст. і былі напісаны па матывах нар. паэзіі («Нячысцік» А.Рыпінскага, «Травіца брат-сястрыца» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Хцівец і скарб на святога Яна» Ф.Багушэвіча). У творчасці Я.Купалы («Забытая карчма», «Братка і сястрыца»), Я.Коласа («Няшчасная маці»), М.Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.Бядулі («У калядную ноч») жанр набыў вызначальныя рысы менавіта літаратурнай балады. Вяршыняй у развіцці жанру стала балада перыяду Вял. Айч. вайны, якая ўвасобіла трагізм і героіку вайны, подзвігі вядомых і малавядомых нар. герояў (Я.Коласа «Над магілай партызана», П.Броўкі «Кастусь Каліноўскі», А.Куляшова «Балада аб чатырох заложніках» і інш.). Балады, прысвечаныя мінуламу, гіст. лёсу народа, стваралі У.Караткевіч, Я.Янішчыц, А.Пысін, Р.Барадулін, Н.Гілевіч, А.Лойка, Ю.Свірка, Я.Сіпакоў (кн. «Веча славянскіх балад»).

5) У прафесійнай музыцы балада — твор ліра-эпічнага ці эпіка-гераічнага характару. Вядома некалькі жанрава акрэсленых гіст. тыпаў балады: эпохі Адраджэння — вакальная поліфанічная балада (Гільём дэ Машо), эпохі рамантызму — сольная вакальная (Ф.Шуберт, К.Лёве, І.Брамс, Х.Вольф) і інструментальная (балады Ф.Шапэна). У сучаснай музыцы тэрмін «балада» выкарыстоўваецца даволі шырока ў дачыненні да розных паводле выканальніцкага складу і будовы твораў і паказвае хутчэй на характар зместу, чым на наяўнасць пэўных муз.-стылістычных рысаў, часта ён спалучаецца з інш. жанравым вызначэннем (сімфонія-балада, канцэрт-балада). У бел. музыцы балады створаны М.Аладавым (сімфонія-балада «У суровыя дні»), Я.Цікоцкім (балада-маналог «Помнік» для баса і арк. на сл. А.Пушкіна), А.Багатыровым (харавая балада «Шумелі бярозы», балада з фп. трыо), П.Падкавыравым (кантата «Балада пра чатырох заложнікаў» на сл. А.Куляшова), Я.Глебавым («Альпійская сімфонія-балада»), Л.Абеліёвічам (вак. цыклы «Партызанскія балады» і «Ваенныя балады»), І.Лучанком («Балада пра салдацкае сэрца» і цыкл песень-балад для салістаў, хору і арк.), І.Кузняцовым (хор «Балада пра маці») і інш. Шэраг твораў непасрэдна звязаны з тэматыкай і сюжэтамі фальклорных балад: сімф. паэма «Бандароўна» Г.Гарэлавай, кантата «Надзя-Надзейка» Э.Наско, кантата «Не сячы, мой татухна, пры дарозе бярозы» М.Васючкова (для нар. хору і ансамбля ўдарных інструментаў на тэксты бел. нар. балад).

Публ.:

Балады. Кн. 1—2. Мн., 1977—78;

Беларуская балада. Мн., 1978.

Літ.:

Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978;

Мухаринская Л.С., Якименко Т.С. К изучению музыкальной типологии народных баллад // Памяти К.Квитки, 1880—1953: Сб. ст. М., 1983;

Народные баллады. М.; Л., 1963;

European Folk Ballads: Edited by Erich Seemann, Dag Strömbäck, Bengt R.Jonsson. Copenhagen, 1967 (European folklore series. Vol.2);

Kumer Zmaga. Vsebinski tipi slovenskih pripovednih pesmi. Ljubljana, 1974.

Т.С.Якіменка (фальклор, прафес. музыка), В.Л.Бечык (літаратура).

т. 2, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)