ДОМ ПРАЕ́КТНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ Пабудаваны ў 1978 (арх. В.Малышаў) у Мінску для ін-та Белдзяржпраект і інш. праектных арг-цый. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка заснавана на перакрыжаванні пад прамым вуглом асн. 7-павярховага (часткова пастаўлены на жалезабетонныя рамы) і 2-павярховага прамавугольнага ў плане аб’ёмаў. Строгі рытм фасадаў, утвораны панэлямі ў выглядзе кесонаў, узмацняе буйнамаштабную кампазіцыю збудавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКЕТЫ́ЗМ (ад грэч. askētes які практыкуецца ў чым-н.; падзвіжнік),
маральны прынцып, які прадугледжвае строгі лад жыцця, добраахвотнае адмаўленне ад матэрыяльных дабротаў, абмежаванне і прыглушэнне пачуццёвых жаданняў дзеля маральнага самаўдасканалення ці здзяйснення якіх-небудзь сац. ідэалаў. Паводле значэння проціпастаўляецца геданізму, эўдэманізму, эпікурэізму. Доўгі час тэарэт. абгрунтаванне і практычнае ўвасабленне аскетызму звязвалі з рэліг. светапоглядам (напр., у хрысціянстве — манаства). Аскетызм уласцівы і розным сац. формам пратэсту; часам разглядаўся як найважнейшая ўмова для мабілізацыі фізічных і духоўных сіл асобы ў барацьбе за ідэі роўнасці і справядлівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛЮЦІНАТЫ́ЎНЫЯ МО́ВЫ (ад лац. agglutinare прыклейваць),
мовы, у якіх словы і іх формы ўтвараюцца пераважна праз аглюцінацыю (спалучэнне граматычна адназначных афіксаў з нязменным коранем). Напр., у цюркскіх мовах -lar- — суфікс множнага л.: тур. bulut «воблака», bulutlar «воблакі»; каз. ара «піла», аралар «пілы». Характэрныя рысы аглюцінатыўных моў — стандартная парадыгма словазмянення, адсутнасць унутранай флексіі, адназначнасць афіксаў, фіксаваны націск, строгі парадак слоў і інш. Да аглюцінатыўных моў адносяцца вял. колькасць моў Азіі і Еўропы (цюркскія, фіна-угорскія, мангольскія, тунгуса-маньчжурскія, японская, карэйская і інш.), Акіяніі (папуаскія, інданезійскія, мікранезійскія), Афрыкі (банту, мандэ, бантоідныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Аляксандр Гаўрылавіч) (12.8.1898, в. Давыдава Баравіцкага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 20.8.1984),
расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар.арт.СССР (1964). Скончыў кінашколу ў Ленінградзе (1924). У кіно з 1925. Сярод фільмаў: «Месяц злева» (1929), «Транспарт агню», «Ёсць, капітан!» (абодва 1930), «На мяжы» (1938). Асабліва блізкая І. ваен. тэма: фільмы «Падводная лодка Т-9» (1943), «Сыны» (1946), «Вяртанне з перамогай» (1948), «Зорка» (1953), «Салдаты» (1957). Паставіў кінатрылогію «Узнятая цаліна» (1960—61, паводле М.Шолахава), фільмы «Калі пазаве таварыш» (1963), «Першарасіяне» (1968) і інш. Мастацтву І. характэрны лаканізм, псіхал. дакладнасць, строгі адбор выяўл. сродкаў. Аўтар сцэнарыяў многіх пастаўленых ім фільмаў.
рускі пісьменнік, фалькларыст. Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т (1950). Даследаваў жанр балады, паўн.рус. фальклор («Гісторыя развіцця жанру рускай балады», 1966, і інш.). Аповесць «Спадар Вялікі Ноўгарад» (1967), раман «Марфа-пасадніца» (1972) прысвечаны гісторыі Вольнага Ноўгарада. Аўтар шматтомнай гіст. эпапеі «Гасудары маскоўскія»: «Малодшы сын» (1975), «Вялікі стол» (1979), «Цяжар улады» (1981), «Сімяон Ганарлівы» (1983), «Вецер часу» (1987), «Адрачэнне» (ч. 1—2, 1988—89) пра фарміраванне рус. нацыі з яе асновамі (сям’я, абшчына, праваслаўе, адзінаўладдзе). Гэта спроба асэнсаваць гісторыю станаўлення Расіі паводле пасіянарнай тэорыі этнагенезу. У аснове эпапеі факталагічная дакладнасць і строгі храналагічны прынцып адлюстравання падзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ХМАН ((Bachmann) Інгеборг) (25.6.1926, г. Клагенфурт, Аўстрыя — 17.10.1973),
аўстрыйская пісьменніца. У 1945—50 вучылася ў Грацкім, Інсбрукскім, Венскім ун-тах. Д-р філасофіі (1950). Аўтар зб-каў вершаў «Адтэрмінаваны час» (1953), «Покліч Вялікай Мядзведзіцы» (1956), зб-каў апавяданняў «Трыццаты год» (1961), «Сінхронна» (1972), рамана «Маліна» (1971), эсэ, нарысаў. Пісала лібрэта для балетаў і опер Г.Генцэ, радыёп’есы: «Панскі двор» (1954), «Цыкады» (1955), «Добры бог з Манхатана» (1958). Яе лірыка сімвалічная, вытанчаная, са складанай метафарычнасцю, аднак стыль ясны, просты, строгі. Героі Бахман дзёрзкія, упартыя, поўныя пошукаў і супярэчнасцяў. Яны бунтуюць супраць багоў, лёсу, сац. умоў.
Тв.:
Рус.пер. — Три дороги к озеру: Повесть и рассказы. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СТАБА (араб., літар. каменная лава),
сучасная назва стараж.-егіпецкіх грабніц дадынастычнага перыяду, эпох Ранняга (каля 3000 — каля 2800 да н.э.) і Старажытнага (каля 2800 — каля 2250 да н.э.) царстваў. Складаецца з наземнай (прамавугольная ў плане з нахіленымі да цэнтра сценамі пад плоскім дахам) і падземнай (пахавальная камера з адным ці некалькімі памяшканнямі) пабудоў, злучаных шахтай. У перыяд IV дынастыі набыла класічную форму: зверху — строгі аб’ём з гладкімі сценамі, унутры — складаная планіроўка залаў, калідораў, дзе размяшчаліся саркафаг з муміяй, статуі (умяшчальня душ памерлых), пахавальныя рэчы; сцены ўпрыгожваліся рэльефамі і размалёўкай. Найб. вядомы М. ў царскім некропалі паблізу г.Гіза (Егіпет).
Літ.:
Михаловский К. Пирамиды и мастабы: Пер. с пол. Варшава, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЙНІ́ЗМ,
рэлігійна-філасофскае вучэнне, пашыранае ў Шры-Ланцы і Індыі. Узнікла ў Індыі каля 6 ст. да н.э. Заснавальнікам лічыцца Вардхамана, празваны Джынай (пераможцам). Джайны пакланяюцца сваім паўміфічным прарокам як божаствам. Паводле вучэння Дж., не існуе адзінага бога-творца, сусвет бясконцы і нікім не створаны, усе істоты маюць жыватворчы пачатак — душу. Вял. значэнне надаецца прынцыпу ахімсы — непрычыненню зла жывому. У чалавека вызначаюцца 2 сутнасці: матэрыяльная (цела) і духоўная (душа). Выратавання і вечнай асалоды можа дасягнуць толькі той, хто верыць у ісціннасць вучэння, выконвае правілы, выпрацаваныя ў Дж., маўкліва скараецца лёсу. Існуюць 2 асн. кірункі Дж.: дыгамбары (адмаўляюцца ад усіх спакус жыцця) і шветамбары (прапаведуюць менш строгі падыход да жыцця).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯЖА́ЦЕЛІ,
рэлігійна-палітычная плынь у Расіі канца 15 — пач. 16 ст., прыхільнікі якой выступалі з патрабаваннем адмаўлення царквы ад «сцяжання» (набыццё зямельных і маёмасных каштоўнасцей), якое пярэчыць евангелічным ідэалам і шкодзіць аўтарытэту царквы. Гэта патрабаванне абгрунтавана ў працах Ніла Сорскага, Васіяна Патрыкеева, старца Арцемія і інш. У «Манастырскім статуце» Сорскі сцвярджаў, што набыццё ўласнасці несумяшчальна з манаскім зарокам, які абавязвае адмовіцца ад усяго свецкага, патрабуе весці строгі, аскетычны лад жыцця, карыстацца вынікамі ўласнай працы. Яго вучань Патрыкееў выступаў за канфіскацыю манастырскіх зямель і стварэнне манастырскага фонду для надзелу дробных і сярэдніх феадалаў. Несцяжацельства адпавядала інтарэсам буйнога баярства і ўдзельных князёў, якія імкнуліся захаваць свае ўладанні і задаволіць патрэбу велікакняжацкай улады ў зямлі для дваранства за кошт секулярызацыі царк. зямель. Супраць Н. выступалі іасіфляне на чале з Іосіфам Валоцкім, якія пераканалі Івана III адмовіцца ад падтрымкі несцяжацеляў як праціўнікаў палітыкі ўзмацнення велікакняжацкай улады. Н. зганьбаваны на царк. саборах 1503, 1531.