АСКЕТЫ́ЗМ

(ад грэч. askētes які практыкуецца ў чым-н.; падзвіжнік),

маральны прынцып, які прадугледжвае строгі лад жыцця, добраахвотнае адмаўленне ад матэрыяльных дабротаў, абмежаванне і прыглушэнне пачуццёвых жаданняў дзеля маральнага самаўдасканалення ці здзяйснення якіх-небудзь сац. ідэалаў. Паводле значэння проціпастаўляецца геданізму, эўдэманізму, эпікурэізму. Доўгі час тэарэт. абгрунтаванне і практычнае ўвасабленне аскетызму звязвалі з рэліг. светапоглядам (напр., у хрысціянстве — манаства). Аскетызм уласцівы і розным сац. формам пратэсту; часам разглядаўся як найважнейшая ўмова для мабілізацыі фізічных і духоўных сіл асобы ў барацьбе за ідэі роўнасці і справядлівасці.

В.А.Паўлоўская.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)