егіпецкі фараон [1379—1362 да н.э.] эпохі Новага царства (XVIII дынастыя). Сын Аменхатэпа III. Каб зламаць магутнасць фіванскіх жрацоў і старой знаці, звязаных з культам бога Амона, абвясціў новы дзярж. культ бога Атона. Зрабіў сталіцай г. Ахетатон, сам прыняў імя Эхнатон («карысны Атону»). Пры Аменхатэпе IV Егіпет пачаў страчваць уладу над Сірыяй і Палесцінай, сітуацыю пагаршалі набегі качавых плямёнаў хабіру ў азіяцкія ўладанні Егіпта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАБІЁЗ
(ад ана... + ...біёз),
стан арганізма, пры якім жыццёвыя працэсы (абмены рэчываў і інш.) часова спыняюцца або настолькі запавольваюцца, што адсутнічаюць усе бачныя прыкметы жыцця. З’яўляецца эвалюцыйна выпрацаваным фізіял. прыстасаваннем арганізмаў да ўздзеяння адмоўных фактараў асяроддзя (нізкія або высокія т-ры, адсутнасць вільгаці, корму і інш.). Пры спрыяльных умовах нармальныя функцыі жыццёвых працэсаў аднаўляюцца. Назіраецца ў мікраарганізмаў (спораўтваральныя бактэрыі, мікраскапічныя грыбы), раслін і жывёл. Уваходзіць у нармальны цыкл развіцця многіх арганізмаў (насенне, споры, цысты). Беспазваночныя (гідры, чэрві, некаторыя ракападобныя, насякомыя, малюскі) і пазваночныя (земнаводныя і паўзуны) пры анабіёзе здольны страчваць да 3/4 вады з тканак. З’яву анабіёзу выкарыстоўваюць пры прыгатаванні сухіх жывых вакцын, кансерваванні донарскай крыві і тканак для трансплантацыі, спермы жывёл і інш.