СЯМЁНАВА Ала (Альбіна Іванаўна; н. 9.8.1938, с. Бальшарэцкае Камчацкай вобл., Расія),

бел. крытык, пісьменнік. Скончыла БДУ (1960). У 1960—86 працавала ў выд-вах «Навука і тэхніка», «Мастацкая літаратура», у 1987—94 заг. аддзела маст. крытыкі час. «Нёман». Друкуецца з 1966. Аўтар літ., лірычна-філас., настраёва-тэалагічных эсэ, артыкулаў пра бел. пісьменнікаў: А.​Адамовіча, У.​Арлова, Н.​Арсенневу, Р.​Барадуліна, В.​Бечыка, Я Брыля, А.​Васілевіч, А.​Вярцінскага, Л.​Дранько-Майсюка, А.​Дударава, А.​Жука, С.​Законнікава, В.​Карамазава, У.​Караткевіча, Х.​Лялько, У.​Някляева, А.​Пісьмянкова, А.​Разанава, Я.​Саламевіча, М.​Стральцова і інш., папу рымскага Яна Паўла II. У аповесці «Бэзавы попел» (1994) і апавяданнях — спробы паяднаць абстрагаваную думку з эмоцыяй, лейтматыў твораў абумовіць настроем думкі аўтара.

Тв.:

Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Слова сапраўднага лад. Мн., 1986;

Святло загадкі: Імпрэсіі і адлюстраванні. Мн., 1995.

Літ.:

Стральцова В. Пошукі сучаснай аўтабіяграфічнай прозы // Literatura i języki słowian wschodnich. Opole, 1997;

Васілевіч А. «Дзе прытулак душы тваёй?..» // Полымя. 1996. № 6.

А.​В.​Спрынчан.

т. 15, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦО́,

стылістычны кампазіцыйны прыём у паэзіі і прозе. У паэзіі — паўтор у пачатку і ў канцы асобных вершаваных радкоў, строф або цэлага твора аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў. Найб. пашыраныя віды паэт. К.: гукавое, лексічнае, страфічнае (эпістрафа), архітэктанічнае. У прозе — паўтарэнне ў канцы або ў сярэдзіне твора маст. элементаў, якія ўжываліся на яго пачатку, што спрыяе больш поўнаму выяўленню ідэі твора. У бел. л-ры трапляецца ў паэт. спадчыне Я.​Купалы, М.​Багдановіча, П.​Панчанкі, апавяданнях М.​Зарэцкага, К.​Чорнага, М.​Стральцова і інш.

В.​П.​Рагойша, Я.​І.​Клімуць.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЫ́НЕВА Пенка Асенава (н. 15.9.1942, с. Дзімча Велікатырнаўскай акр., Балгарыя),

балгарская перакладчыца. Скончыла Кіеўскі ун-т (1965). На балг. мову пераклала творы І.​Мележа «Подых навальніцы» (1974), В.​Быкава «Яго батальён» (1977) і «Пайсці і не вярнуцца» (1980), К.​Чорнага «Млечны шлях», У.​Караткевіча «Лісце каштанаў» (абодва 1978), «Чорны замак Альшанскі» (1983), апавяданне «Залаты бог» для яго аднатомніка «Паром на бурнай рацэ» (1982), І.​Навуменкі «Развітанне ў Кавальцах», Б.​Сачанкі «Аксана» (абодва 1978), В.​Казько «Высакосны год» і «Цвіце на Палессі груша» (1980), апавяданні Я.​Брыля і А.​Марціновіча для анталогіі «Пад пошум дубоў» (1981), М.​Стральцова, Чорнага і інш., кн. А.​Адамовіча, Брыля і У.​Калесніка «Я — з вогненнай вёскі...» (1980).

т. 9, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРБІНА́ Любоў Мікалаеўна (н. 17.7.1942, г. Ашгабат),

бел. паэтэса, літаратуразнавец, перакладчык. Дачка М.В.Турбіна. Канд. біял. н. (1971). Скончыла БДУ (1964), Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1980). Працавала ў Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі, у 1984—2000 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. З 2001 у Маскве. Друкуецца з 1974. Піша на рус. і бел. мовах. У зб-ках паэзіі «Вуліца маленства» (1981), «Горад кахання» (1988), «Наша надзея жывая, калі плачам...» (1991) творы пра каханне, асэнсаванне лёсу свайго пакалення, эмацыянальнасць. Даследуе праблемы параўнальнага літ.-знаўства, бел.-цюркскія літ. сувязі. На рус. мову пераклала асобныя творы М.​Багдановіча, Р.​Барадуліна, Г.​Каржанеўскай, М.​Стральцова і інш.

т. 16, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМЯ́КІНА Таццяна Іванаўна (н. 8.10.1948, Мінск),

бел. літаратуразнавец, крытык і перакладчык. Дачка І.П.Шамякіна. Д-р філал. н. (2001). Скончыла БДУ (1971), з 1974 выкладае ў ім. Даследуе бел. міфалогію ў кантэксце сусветнай, у сувязі з л-рай і фальклорам, праблемы сучаснай бел. прозы, асаблівасці стылю бел. пісьменнікаў (Я.​Коласа, А.​Васілевіч, І.​Пташнікава, А.​Карпюка, М.​Стральцова, І.​Чыгрынава і інш.). Аўтар манаграфій «На лініі перасячэння» (1981), «Беларуская класічная літаратура і міфалогія» (2001). Сааўтар падручнікаў па бел. л-ры для школ з паглыбленым і профільным вывучэннем бел. л-ры, ліцэяў, каледжаў, гімназій і ВНУ. На рус. мову пераклала творы Шамякіна «Гандлярка і паэт», «Вазьму твой боль», «Залаты медаль», «Петраград—Брэст».

Тв.:

Міфалогія Беларусі. Мн., 2000.

т. 17, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́СЛІК Навум Зіноўевіч (26.9.1925, Масква — 27.12.1998),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў БДУ (1950). Настаўнічаў. Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва» (1952—58), час. «Полымя» (1958—59). Друкаваўся з 1944. Пісаў на рус. мове. У кнігах паэзіі «Размова з сябрамі» (1956), «Пошук» (1959), «Пазыўныя зямлі» (1961), «Свята снегападу» (1972), «Успаміны пра вакзалы» (1976), «Першаснежжа» (1980), «Зімовы свет» (1985) і інш. лірычнае асэнсаванне лёсу, духоўных набыткаў ваен. пакалення. У перакладзе К. на рус. мове выдадзены кнігі Р.​Барадуліна, А.​Вялюгіна, А.​Карпюка, А.​Куляшова, Я.​Купалы, І.​Мележа, П.​Панчанкі, асобныя творы Я.​Коласа, М.​Багдановіча, П.​Броўкі, Я.​Брыля, А.​Бялевіча, А.​Вялюгіна, С.​Гаўрусёва, С.​Грахоўскага, С.​Дзяргая, У.​Караткевіча, А.​Пысіна, А.​Русецкага, М.​Стральцова, М.​Танка, Ю.​Таўбіна і інш. Аўтар кнігі перакладаў «Спелы бор» (1982).

Л.​М.​Гарэлік.

т. 8, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПРЫНЧА́Н Вадзім Браніслававіч (н. 14.1.1950, г. Гомель),

бел. паэт, перакладчык. Сын Б.​П.​Спрынчана. Скончыў БДУ (1972). У 1972—89 у выд-ве «Мастацкая літаратура» (з 1982 заг. рэдакцыі паэзіі). Друкуецца з 1976. Піша на рус. мове. У паэт. зб-ках «Зямля і зоры» (1981), «Святло непадзельнае» (1991) філас. роздум пра чалавека, прыроду, трывога за лёс свету, тэма кахання. Вершы 1990-х г. вызначаюцца ўзмацненнем хрысц. матываў. Складальнік кніг вершаў бел. паэтаў «Адданасць» (1978), «Дзень паэзіі, 1965—1984» (1986, з Я.​Міклашэўскім), кніг твораў М.​Лермантава «Зорка зорцы голас падае» (1989), А.​Пушкіна (т. 1—2, 1990) і інш. Пераклаў на рус. мову асобныя вершы Я.​Коласа, Р.​Барадуліна, А.​Канапелькі, М.​Мятліцкага, Г.​Пашкова, А.​Пысіна, М.​Стральцова, Я.​Янішчыц і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЎВА́ЖНЫ (Nieuważny) Фларыян (н. 30.4.1929, г. Жывец Шлёнскага ваяв., Польшча),

польскі літ.-знавец, перакладчык. Канд. філал. н. (1959). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1949—54). З 1970 заг. кафедры Варшаўскага ун-та. Даследаваў творчасць Ф.​Цютчава, А.​Чэхава, У.​Маякоўскага, І.​Эрэнбурга, Р.​Скаварады, Т.​Шаўчэнкі, Л.​Украінкі і інш. усх.-слав. пісьменнікаў і іх сувязі з польскай л-рай. Аўтар артыкулаў пра бел. прозу і паэзію, бел.-польскія літ. сувязі, польск. тэматыку ў бел. паэзіі, пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, Я.​Брыля, В.​Быкава, У.​Караткевіча, І.​Мележа, М.​Танка, І.​Шамякіна і інш. На польск. мову пераклаў творы Я.​Купалы, М.​Танка, П.​Панчанкі, Р.​Барадуліна, Брыля, Н.​Гілевіча, Д.​Бічэль-Загнетавай, Г.​Бураўкіна, В.​Іпатавай, Караткевіча, У.​Някляева, А.​Кудраўца, А.​Разанава, М.​Стральцова і інш.

А.​Л.​Верабей.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНЮ́ТА Аляксандр Аляксандравіч (н. 17.10.1936, Мінск),

бел. крытык, літаратуразнавец, пісьменнік. Сын С.​М.​Станюты. Д-р філал. н. (1999). Праф. (2000). Скончыў БДУ (1960). Працаваў у газ. «Знамя юности» (1960—70). З 1973 выкладае ў БДУ. Друкуецца з 1959. Піша на бел. і рус. мовах. Даследуе праблемы ўзаемадзеяння бел. л-ры і тэатра з рус. класічнай л-рай, творчую маст. індывідуальнасць А.​Адамовіча, Я.​Брыля, В.​Быкава, В.​Казько, А.​Жука, М.​Стральцова і інш. Аўтар манаграфіі «Спасціжэнне чалавека. Творчасць Дастаеўскага 1840—1860-х гг.» (1976), кнігі пра творчасць Дастаеўскага «Твар і воблік» (1999), даследавання «Талстой на беларускай сцэне» (1980), зб. літ.-крытычных артыкулаў «Плошча Свабоды» (1991), аповесці пра гар. прыватнае жыццё 1950-х г. «Мост» (1984), кнігі пра маці «Стэфанія» (1994, дап. варыянт «Жыццё актрысы», 2001), апавяданняў, нарысаў, сцэнарыяў дакумент. тэлефільмаў.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУГЕСТЫ́ЎНАЯ ЛІ́РЫКА (ад лац. suggestio унушэнне, намёк),

жанр лірыкі, у якім лірычнае перажыванне выяўляецца праз асацыятыўнае счапленне сэнсавых намёкаў, адценняў, непраясненых і неўсвядомленых памкненняў, прадчуванняў, уяўленняў. У С.л. часта абуджаюцца цьмяныя фантаст. вобразы, што пад уплывам фальклору, міфалогіі адклаліся ў падсвядомасці. Прыклад С.л. — верш Я.​Купалы «Ў вечным боры...»:

Ў вечным боры цемнатворы
Скачуць, плачуць, весяляцца;
Жнуць, збіраюць дзіва-жніва
Ў сонным полі, ў горкай долі.

С.л. ўздзейнічае рытмамелодыкай, паўторамі, іншы раз — алагізмам ускосных намёкаў, хісткіх імпрэсій, вобразаў, інтанац.-моўных канструкцый. Так будуюцца паэмы, «квантэмы», «пункціры», «версэты» і «парадыгмы» А.​Разанава. Рысы С.л. назіраюцца ў нар. песнях, замовах, загадках, прыгаворках. Узоры сугестыўнага лірызму, заснаваныя на медытацыі (гл. Медытатыўная лірыка), паглыбленым падтэксце, ёсць у Я.​Купалы, М.​Багдановіча, Цёткі, З.​Бядулі, У.​Дубоўкі, У.​Хадыкі, У.​Жылкі, Л.​Геніюш, А.​Пысіна, М.​Стральцова і інш. Прырода С.л. даследавана недастаткова.

І.​С.​Шпакоўскі.

т. 15, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)