Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЗМ,
слова, што абазначае прадмет, з’яву ці паняцце, якія выйшлі з ужытку (напр.: «аршын», «гарнец», «грыўня», «дзіда», «кальчуга», «магнат», «піка», «саха», «соцкі», «стралец» і інш.). Асобную групу гістарызмаў складаюць словы, якія хоць і ўзніклі ў наш час, але не належаць да актыўнай лексікі, бо паняцці, што яны абазначаюць, сталі гісторыяй (напр.: «валвыканком», «камбед», «лікбез», «нарком», «нэп», «рэўком», «БелАПП» і інш.). У адрозненне ад архаізмаў гістарызмы не маюць сінонімаў у сучаснай бел. мове; выкарыстоўваюцца для стварэння каларыту пэўнай эпохі, узнаўлення рэальных гіст. абставін і мовы герояў у творах навук. і маст. л-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЗІНГЕР ((Kiesinger) Курт Георг) (6.4.1904, г. Альбштат, Германія — 9.3.1988),
германскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. У 1933—45 чл. Нацыянал-сацыялісцкай партыі, працаваў (1940—45) y МЗСфаш. Германіі. Пасля 2-й сусв. вайны ўступіў у Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС), у 1967—71 яго федэральны старшыня. У 1949—58 і 1969—80 дэп. бундэстага ФРГ, выступаў у падтрымку знешнепаліт. курсу ўрада К.Адэнаўэра. У 1950—58 чл., з 1955 — віцэ-старшыня Дарадчага сходу Савета Еўропы. У 1958—63 прэм’ер-міністр зямлі Бадэн-Вюртэмберг, у снеж. 1966 — кастр. 1969 федэральны канцлер ФРГ. Кааліцыйны ўрад К. [ХДС/ХСС (Хрысц.-сац. саюз) і С.-д. партыя Германіі] намагаўся ўпарадкаваць фінансы і інш., інтэнсіфікаваў адносіны ФРГ з краінамі Усх. Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДЫЯ́К, пояс задыяка (грэч. zodiakos ад zōon жывёла),
сукупнасць сузор’яў, размешчаных уздоўж бачнага гадавога шляху Сонца (экліптыкі). Складаецца з 13 сузор’яў, але старажытныя астраномы падзялілі яго на 12 роўных частак (аб’ядноўвалі сузор’і Скарпіён і Змеяносец у адзінае пад агульнай назвай Скарпіён): Рыбы, Авен, Цялец, Блізняты, Рак, Леў, Дзева, Шалі, Скарпіён, Стралец, Казярог, Вадаліў.
Большасць гэтых сузор’яў мае назву жывёл, таму ў старажытнасці іх называлі «З.» («круг жывёл»), а сузор’і — задыякальнымі. Кожнае з іх абазначаецца адпаведным знакам (гл.Знакі астранамічныя і астралагічныя). У задыякальным сузор’і Сонца знаходзіцца прыблізна адзін месяц. Вясною, напр., яно паслядоўна праходзіць па сузор’ях Рыб, Авена, Цяльца. Гэтыя сузор’і не відаць ноччу, бо знаходзяцца разам з Сонцам пад гарызонтам. Процілеглыя сузор’і Дзевы, Шаляў, Скарпіёна відаць усю ноч. Рух Сонца па З. — з’ява ўяўная, гэта вынік сапраўднага і процілегла накіраванага руху Зямлі вакол Сонца. Існуе адпаведнасць знакаў З. каляндарным датам, у якія Сонца праходзіла межы сузор’яў у старажытнасці (каля 2 тыс. гадоў назад). У выніку прэцэсіі зямной восі гэтыя даты змяніліся (гл.табл.). Рух планет і іх размяшчэнне ў сузор’ях З. выкарыстоўваюць астролагі для складання гараскопаў, пры гэтым яны карыстаюцца стараж. датамі праходжання Сонцам сузор’яў З.
Літ.:
Бялко А.В. Наша планета — Земля. М., 1983.
Н.А.Ушакова.
Табліца. Старажытныя і сучасныя даты знаходжання Сонца ў сузор’ях Задыяка
Сузор’е
Старажытныя даты
Сучасныя даты
Авен
21.3—19.4
22.4—21.5
Цялец
20.4—20.5
22.5—21.6
Блізняты
21.5—21.6
22.6—22.7
Рак
22.6—22.7
23.7—23.8
Леў
23.7—22.8
24.8—23.9
Дзева
23.8—22.9
24.9—24.10
Шалі
23.9—22.10
25.10—23.11
Скарпіён
23.10—21.11
24.11—23.12
Стралец
22.11—21.12
24.12—22.1
Казярог
22.12—19.1
23.1—20.2
Вадаліў
20.1—18.2
21.2—18.3
Рыбы
19.2—20.3
19.3—21.4
Да арт.Задыяк. Бачны гадавы рух Сонца па задыяку і сапраўдны рух Зямлі вакол Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛЬ ((Kohl) Гельмут) (н. 3.4.1930, г. Людвігсгафен, Германія),
германскі паліт. і дзярж. дзеяч. Д-р філасофіі (1958). З 1947 чл.Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС), у 1966—74 старшыня арг-цыі ХДС у зямлі Рэйнланд-Пфальц, у 1973—98 федэральны старшыня ХДС. Дэп.гар. савета Людвігсгафена (1960—66), ландтага зямлі Рэйнланд-Пфальц (1959—76, старшыня фракцыі ХДС у 1963—69), бундэстага (з 1976, у 1976—82 лідэр апазіцыі). У 1969—76 прэм’ер-міністр зямлі Рэйнланд-Пфальц. У 1982—98 федэральны канцлер ФРГ. Пры ім адбылося аб’яднанне Германіі (3.10.1990, святкуецца як нац. свята ФРГ), паглыбілася еўрап. інтэграцыя, умацаваліся міжнар. пазіцыі ФРГ, развілося супрацоўніцтва Германіі з краінамі СНД.
Літ.:
Стрелец М.В. Федеративная Республика Германия под властью христианско-либеральной коалиции: основные итоги. Брест, 1998.